Іерархі, згодна з воляй Папы, павінны весці адкрытае і свабоднае абмеркаванне на Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і. Кожны павінен мець свабоду «без страху і падазронасці» выказваць сваё меркаванне, сказаў генеральны сакратар Сіноду кардынал Ларэнца Балдзісэры. ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду пройдзе ў Ватыкане з 5 па 19 кастрычніка.
Для адкрытага абмену думкамі, па словах іерарха, біскупы павінны не толькі чытаць загадзя падрыхтаваныя выступленні, але і гаварыць свабодна. Для гэтага кожнаму з іх будзе дадзена чатыры хвіліны. Кароткае рэзюмэ свайго выступлення яны павінны раней даслаць у Сакратарыят Сіноду. У правілы правядзення пазачарговай сесіі было дадазена больш «дынамічнасці», каб гаворка ішла «па сутнасці», сказаў кардынал Балдзісэры.
Размаўляць аб тым, як Каталіцкі Касцёл павінен рэагаваць на змены рэальнасці жыцця сем’яў і сужэнстваў, будуць каля 250 біскупаў і экспертаў. Гаворка пойдзе пра сітуацыю католікаў, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, змешаныя сем’і, сексуальную мараль, перадачу веры ў нерэлігійным асяроддзі. Апытанне, праведзенае перад Сінодам па гэтых тэмах, выявіла вялікі разрыў паміж рэальнасцю жыцця многіх католікаў і вучэннем Касцёла.
Тэксты выступленняў удзельнікаў Сіноду, як паведаміў кардынал Балдзісэры, не будуць публікавацца. Святы Пасад, аднак, будзе арганізоўваць штодзённыя прэс-канферэнцыі, каб паведамляць аб ходзе абмеркаванняў. Прэс-служба Апостальскай Сталіцы будзе публікаваць рэзюмэ дня.
Пасля завяршэння Сіноду па яго выніках будзе складзены дакумент, які прапануюць для галасавання ўдзельнікам, а затым прадставяць Святому Айцу. Пантыфік прыме рашэнне па яго публікацыі. Канчатковы дакумент будзе падрыхтаваны пасля звычайнай сесіі Сіноду, якая пройдзе восенню 2015 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|