Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што абмяркуюць на ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў у Рыме?
Дзяржава Ватыкан
02.10.2014 16:13

Генеральны дакладчык III Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў кардынал Пэтэр Эрдо даў інтэрв’ю італьянскаму парталу www.rossoporpora.org. Іерарх падкрэсліў, што асноўнай тэмай дыскусіі стануць сямейныя каштоўнасці. На яго думку, трэба весці дыялог з сучаснымі мужчынамі і жанчынамі, каб «евангельскія каштоўнасці былі для іх не толькі прымальнымі, але і прывабнымі, здольнымі зрабіць наша жыццё шчаслівым».

Трываласць сям’і выклікае заклапочанасць у шматлікіх рэгіёнах свету, многія чакаюць ад Касцёла канкрэтных парад. На пытанне аб тым, ці не паўплывае Сінод на ўспрыманне непарыўнасці сужэнства, кардынал адказаў, што большасць католікаў добра ведае аб сакрамэнтальнасці сужэнства, якое не можа быць разарвана па жаданні сужэнцаў. Але часам існуе разрыў паміж прыманнем той ці іншай каштоўнасці і яе практыкаваннем у жыцці. Так адбываецца і з хрысціянскімі сужэнствамі, аб чым сведчыць велізарная колькасць разводаў, прынамсі, у Еўропе.

Адказваючы на пытанне аб Святой Камуніі для асоб, якія развяліся і жывуць у несакрамэнтальных саюзах, кардынал адзначыў, што ў большасці краін гэтыя асобы не выказваюць аніякага жадання вярнуцца да гэтай практыкі. Многія з іх узялі шлюб у Касцёле, але потым не ўдзельнічалі ў касцёльным жыцці. Для іх пытанне аб Святой Камуніі не ўяўляе праблемы. Але для тых людзей, якія прыйшлі да веры пасля разводу і заключэння другога саюзу, прызнанне несапраўднасці першага сужэнства можа азначаць магчымасць «сапраўднага псіхалагічнага і пастырскага ачышчэння».

Глабальнай праблемай, па словах кардынала, з’яўляецца рост колькасці выпадкаў сумеснага пражывання без шлюбу. Асноўнай прычынай гэтага служыць тое, што людзі ўсё больш пазбягаюць звароту ў розныя ўстановы і інстытуты. Напрыклад, у некаторых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дамінуе «постсавецкая ментальнасць», якой уласціва глыбокая абыякавасць да інстытутаў.

Гэтая праблема тычыцца як сужэнстваў, так і пахаванняў: шмат людзей больш не хаваюць сваіх памерлых, а «захоўваюць іх попел у пластыкавым пакеце ці шафе або развейваюць яго на ветры». На думку кардынала Эрдо, пытанні сужэнства, сям’і, смерці маюць не толькі духоўнае, але і сацыяльнае значэнне: для грамадства вельмі важна хаваць памерлых на могілках, захоўваць і шанаваць іх памяць. Калі ж попел развейваецца на ветры, можа з’явіцца ўражанне, што «жыццё асобы не мае ніякага значэння для грамадства, для яго будучыні».

ІІІ надзвычайная асамблея Сіноду Біскупаў па душпастырскай апецы сем’яў у кантэксце новай евангелізацыі пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.