Пра тэмы, якія закранаюцца на Сінодзе, расказаў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы |
Дзяржава Ватыкан |
07.10.2014 16:42 |
Пра змест дэбатаў у рамках ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў распавёў 7 кастрычніка кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі. Многія ўдзельнікі звярталі ўвагу на неабходнасць адаптацыі мовы Касцёла да мовы сучаснага свету, каб навучанне пра сям’ю, жыццё, сексуальнасць разумелася правільна. Гаварылася таксама, што неабходна ўвайсці ў дыялог са светам з крытычнай, але шчырай адкрытасцю. Калі Касцёл не слухае свет, свет не будзе слухаць Касцёл, казалі сінадальныя айцы. Евангелле павінна не тлумачыцца, а дэманстравацца, адзначылі яны. Евангелізацыя, як гучала на Сінодзе, не можа быць безасабовай тэорыяй — яе адлюстраваннем павінны стаць сем’і з іх сведчаннем прыгажосці і праўды. Сёння трэба перайсці ад абарончай да актыўнай пазіцыі, ствараючы мост паміж мовай Касцёла і грамадства. (AG) |