Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З уводным дакладам на першай агульнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў выступіў яго Генеральны рэлятар
Дзяржава Ватыкан
05.10.2015 15:28

5 кастрычніка ў Ватыкане прайшла першая агульная кангрэгацыя Сінода Біскупаў на тэму сям’і. З уводным дакладам падчас яе выступіў Генеральны рэлятар форума венгерскі кардынал Пэтэр Эрдзё, які засяродзіў увагу на трох галоўных тэмах: выкліках, якія стаяць перад сям’ёй, яе пакліканні і місіі.

«Непарыўнасць сужэнства – гэта не гульня, а дар», — падкрэсліў іерарх. Менавіта сям’я і сужэнства, па словах кардынала, не пакідаюць людзей «ізаляванымі індывідуумамі», але перадаюць ім каштоўнасці і даюць незаменную магчымасць для чалавечага развіцця. Сям’я прынцыпова важная для жыцця ўсяго грамадства, бо ў ёй людзі вучацца супольнаму дабру, дадаў іерарх.

Кардынал адзначыў важнасць належнай падрыхтоўкі сужэнцаў, каб іх саюз не быў толькі знешнім і эмацыйным, але і духоўным і касцёльным, а таксама падрыхтоўкі духавенства, каб яно было здольным суправаджаць сем’і ў «эмацыйным і псіхалагічным сталенні» і ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Генеральны рэлятар Сінода заахвоціў хрысціянскія супольнасці і ў прыватнасці самі сем’і ствараць структуры эканамічнай падтрымкі для сем’яў, асаблівым чынам кранутых беднасцю, беспрацоўем ці працоўнай нестабільнасцю, недахопам медыцынскага забеспячэння і тых, якія сталі ахвярамі эксплуатацыі, войнаў і пераследу.

Гаворачы аб сітуацыі «параненых сем’яў», кардынал звярнуў увагу на неабходнасць іх «касцёльнай інтэграцыі».  Іерарх нагадаў, што «навучанне Хрыста аб непарыўнасці сужэнства было вельмі патрабавальным і нават выклікала разгубленасць сярод саміх вучняў». «Евангеллі і св. Павел аднолькава сцвярджаюць, што “адпусканне” жонкі, якое практыкавалася раней у ізраільскім народзе, не дазваляе заключаць новае сужэнства ніводнаму з бакоў», — сказаў дакладчык.

Кардынал адзначыў важнасць падтрымкі з боку Касцёла асобаў, якія разышліся ці развяліся і не заключылі новых саюзаў. Неабходна дапамагчы ім на шляху да прабачэння і, калі магчыма, прымірэння, а таксама падтрымліваць дзяцей, якія становяцца ахвярамі такіх сітуацый, сказаў іерарх. Касцёл, па словах дакладчыка, можа заахвочваць сужэнцаў, якія засталіся адны пасля краху іх сужэнства, быць моцнымі ў веры і хрысціянскім жыцці і знаходзіць у Эўхарыстыі пажытак, што дае сілы ў іх сітуацыі.
 
Генеральны рэлятар Сінода адзначыў важнасць стварэння дыяцэзіяльных цэнтраў дапамогі сужэнцам, якія перажываюць крызіс адносін, а таксама прадстаўляць ім магчымасць для высвятлення таго, ці было іх няўдалае сужэнства сапраўдным. «Неабходна міласэрнае душпастырскае суправажэнне, якое, аднак, не пакідае сумніваў адносна праўды пра непарыўнасць сужэнства, якой навучыў Езус Хрыстус. Міласэрнасць Божая прапануе грэшніку прабачэнне, але патрабуе навяртання», — сказаў іерарх.

Гаворачы аб адносінах да асобаў з гомасексуальнай арыентацыяй, кардынал нагадаў пазіцыю Касцёла, якая заключаецца ў павазе да іх і асуджэнні іх несправядлівай дыскрымінацыі. У той жа час, падкрэсліў дакладчык, «не існуе ніякага фундаменту для ўпадабнення ці ўстанаўлення аналогій, нават аддаленых, паміж аднаполымі саюзамі і Божай задумай адносна сужэнства і сям’і».

Кардынал назваў непрымальным ціск, які аказваецца на біскупаў у гэтым пытанні, а таксама абумоўленасць фінансавай дапамогі бедным краінам міжнароднымі арганізацыямі, увядзеннем законаў, якія ўстанаўліваюць «шлюбы» паміж асобамі аднаго полу.

У апошняй частцы свайго ўводнага даклада кардынал нагадаў навучанне Касцёла аб абароне чалавечага жыцця і падкрэсліў важнасць практыкавання «ўсынаўлення дзяцей», якое можа быць «асаблівай формай сямейнага апостальства». Іерарх заклікаў Касцёл да навяртання, каб стаў «больш жывым, асабовым, супольнасным» і сведчыў аб «самай вялікай міласэрнасці» Бога.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.