Сінод падтрымаў увядзенне Папам новых нормаў «сужэнскага працэсу» |
Дзяржава Ватыкан
|
08.10.2015 17:07 |
Удзельнікі Сінода Біскупаў на тэму сям’і падтрымалі ўвядзенне Папам Францішкам новых нормаў, пакліканых паспрыяць паскарэнню прызнання несапраўднасці сужэнства. Адпаведныя дакументы Святога Айца былі апублікаваны два месяцы таму і ўвойдуць у сілу 8 снежня, з пачаткам Юбілейнага Года Міласэрнасці.
У адпаведнасці са словамі дэкана Трыбуналу Рымскай Роты кс. Піо Віта Пінта, Сінадальныя Айцы прывіталі новаўвядзенні як «ясны закон, пакліканы адказаць на тэрміновыя патрэбы вернікаў і які, паводле чаканняў Папы, прынясе надзею» многім людзям і пазбавіць іх страху.
Кіраўнік ватыканскага ведамства адзначыў, што дакументы Пантыфіка аб паскарэнні «сужэнскага працэсу» з’яўляюцца «плёнам сінадальнага шляху і сапраўдным выразам біскупскай калегіяльнасці». Святар нагадаў, што іх прыняццю спадарожнічала шырокая дыскусія яшчэ перад дзвюма апошнімі сесіямі Сінода. Аб неабходнасці паскарэння працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства гаворка ішла і ў анкетах, разасланых ва ўсе епіскапаты свету. Гэтая ідэя знайшла выраз таксама ў працоўным дакуменце Сінода Біскупаў «Instrumentum Laboris», дадаў кс. Пінта.
Адно з галоўных новаўвядзенняў тычыцца надання мясцовым біскупам паўнаты судовай улады, у тым ліку ў пытаннях аб прызнанні несапраўднасці сужэнства. «Такім чынам, Папа Францішак жадае большай блізкасці касцёльных структур да вернікаў», — сказаў дэкан Трыбуналу Рымскай Роты. Святар нагадаў таксама, што, у адпаведнасці з новымі законамі, кожны біскуп мае магчымасць правядзення працэсу ў кароткі тэрмін, калі несапраўднасць сужэнства пацвярджаецца відавочнымі фактамі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|