Бэнэдыкт XVI: Касцёлу варта клапаціцца аб найбольш бедных пластах насельніцтва |
Святы Айцец |
13.11.2009 16:37 |
13 лістапада 2009 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады «Cor Unum» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI нагадаў, наколькі важна для Касцёла клапаціцца аб найбольш бедных пластах насельніцтва. Нягледзячы на тое, што Касцёл не ўмешваецца ў палітыку дзяржаў, хрысціянская супольнасць не можа адмовіцца ад абароны правоў чалавека і справы ўсталявання ў свеце справядлівасці. Пантыфік выказаў удзячнасць Папскай радзе за «цэнную паслугу, якую яна аказвае дабрачыннай дзейнасці Касцёла». Таксама Святы Айцец узгадаў аб верніках розных частак свету, што аддана ахвяруюць свой час і сілы, каб сведчыць аб любові Хрыста, Міласэрнага Самараніна, якая распаўсюджваецца на ўсіх тых, хто знаходзіцца ў патрэбе цела або духу. Як адзначыў Бэнэдыкт XVI, дзве найбольш важныя падзеі гэтага года — публікацыя энцыклікі «Caritas in veritate» і Сінод Біскупаў для Афрыкі — засведчылі, што «Касцёл у справе збаўлення не можа абстрагавацца ад канкрэтных умоваў жыцця людзей, да якіх ён пасланы». «Дзейнасць на карысць таго, каб палепшыць жыццё гэтых людзей, датычыць місіі і жыцця самога Касцёла, таму што збаўленне, прынесенае Хрыстом, з’яўляецца інтэгральным: яно аб’ядноўвае фізічны, духоўны, грамадскі і культурны, зямны і нябесны кантэксты», — падкрэсліў Святы Айцец. Разам з тым Касцёлу важна быць зацікаўленым ва ўсталяванні ў свеце справядлівасці, пры якой будзе надавацца ўвага праблемам і правам як асобнага чалавека, так і народаў. |