Кніга-інтэрв’ю з Папам: вера і розум заахвочваюць да дыскусіі |
Святы Айцец |
18.11.2010 15:27 |
Кніга-інтэрв’ю «Святло свету. Папа, Касцёл, знакі часоў», якая ўяўляе сабой запіс размовы нямецкага журналіста і пісьменніка Пэтэра Сівалда з Бэнэдыктам XVI і будзе прэзентавана 23 лістапада 2010 г. у Прэс-службе Апостальскай Сталіцы, выйдзе на 8 мовах адразу. Размовы Папы з журналістам адбываліся ў ліпені гг. у Кастэль Гандольфа (прыгарад Рыма). Па словах Пэтэра Сівалда, Папа бачыць, што сёння Касцёл перажывае крызіс. «Як, напэўна, ніхто іншы, Бэнэдыкт XVI прызнае занядбанні, памылкі і грахі Касцёла. Але кажа адначасова: калі паглядзець на ўсё, што ў Касцёле зрабілі людзі, што зрабіла духавенства, то ўсё гэта пацвярджае, што існуе яшчэ нехта большы, што гэта Хрыстус захоўвае Касцёл у цэласці. Калі б Касцёл залежаў толькі ад людзей, то даўно б распаўся. Святы Айцец прагне, каб пасля страшных выпадкаў сексуальных злачынстваў і іншых здзейсненых памылак Касцёл перажыў грунтоўнае самаачышчэнне», — дадае журналіст. Вялікае месца ў кнізе Пантыфік прысвячае сітуацыі Касцёла ў крызісе, кажа аб рэформах і экуменізме. З клопатам выказваецца на тэму крызісу ўсяго грамадства, падкрэслівае, што чалавецтва стаіць на раздарожжы перад абліччам страты каштоўнасцяў і арыентацыі, нагадвае, што настаў час для навяртання, разважання і зменаў. |