Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскай Курыі перад святамі Божага Нараджэння
Святы Айцец
21.12.2010 12:54

Да аднаўлення хрысціянскай маральнасці згодна са шляхам, указаным Янам Паўлам ІІ у энцыкліцы «Veritatis splendor» і аднаўлення ў праўдзе святарскага служэння заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай Курыі напярэдадні Божага Нараджэння 20 снежня 2010 г. Папа ўказаў таксама на неабходнасць паяднання на Блізкім Усходзе і на жыццё ў згодзе з «сумленнем, падпарадкаваным праўдзе, якое кажа аб прысутнасці Бога і ў сённяшнім свеце».

Пантыфік нагадаў словы Хрыста, прамоўленыя да вучняў падчас буры на моры, калі Езус казаў пра недахоп веры, якая ў іх як быццам спіць. «Вера часта спіць і ў нас. Будзем жа прасіць Яго, каб абудзіў нас з гэтага сну веры і даў нашай веры такую моц, каб яна магла пераносіць горы, — а гэта значыць, каб рэчам свету быў нададзены правільны парадак», — дадаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI узгадаў таксама аб Годзе святарства, які стаў нагодай да дзякавання Богу, хоць прайшоў «інакш, чым таго чакалі». Было адноўлена ўсведамленне дару святарства, дадзенага Панам. Кажучы аб сексуальных злачынствах, здзейсненых святарамі, Пантыфік падкрэсліў: «Мусім запытацца ў сябе, што было памылковым у нашым выкладанні, ва ўсім спосабе разумення хрысціянскага жыцця. Мусім знайсці новыя асновы для веры і дабра. Мусім быць здольнымі да пакуты. Мусім рабіць усё магчымае ў падрыхтоўцы да святарства, каб нічога падобнага больш не магло адбыцца». Адначасова Папа падзякаваў усім, хто прымае ўдзел у вяртанні даверу ахвяр злачынцаў да Касцёла, а таксама добрым святарам, якія верна і з пакорай перадаюць дабрыню Бога.

Кажучы аб пасяджэнні Спецыяльнага Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу, Пантыфік падзякаваў Праваслаўнай Царкве Кіпра, дзе ў чэрвені гг. адбылося ўручэнне працоўнага дакументу Сіноду «Instrumentum laboris». Таксама Папа адзначыў літургічнае багацце розных каталіцкіх абрадаў, закрануў і балючае пытанне падзелаў. «Усе ўсведамляюць, што насілле не прыносіць ніякага поспеху. Толькі праз кампраміс і ўзаемаразуменне можна вярнуць еднасць. Падрыхтаваць людзей да гэтай пазіцыі пакоры — фундаментальная задача душпастыраў», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Па словах Святога Айца, у рэгіёне Блізкага Усходу напружанні і падзелы ўзмацніліся да такой ступені, што сёння мы з’яўляемся сведкамі актаў насілля, калі не паважаецца тое, што святое для іншага, калі пагарджаюць элементарнымі чалавечымі нормамі. У гэтай сітуацыі пад найбольшым ціскам знаходзяцца хрысціяне. Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу выпрацаваў канцэпцыю дыялога, прабачэння і ўзаемнага прыняцця, якую Касцёл хоча перадаць усяму свету. «Словы і думкі Сіноду павінны быць скіраваны да ўсіх, хто нясе адказнасць у палітычнай або рэлігійнай сферы, каб пакласці мяжу хрысціянафобіі, каб пачаць бараніць бежанцаў і церпячых, ажыўляючы дух паяднання. Паляпшэнне сітуацыі можа наступіць толькі пры глыбокай веры ў яднаючую любоў Бога», — падкрэсліў Папа.

Узгадваючы свой візіт у Вялікабрытанію, Пантыфік закрануў пытанне ўкладу Касцёла ў дыскусію, якая датычыць праўды і веры. Умовай функцыянавання дэмакратыі, па словах Папы, з’яўляецца маральны кансенсус, які паходзіць з хрысціянскай спадчыны. Святы Айцец нагадаў таксама жыццёвы шлях беатыфікаванага ў верасні гг. кардынала Джона Генры Ньюмана і яго ўзыход ад эмпірычнага рацыяналізму да пераканання, што Бог з’яўляецца сілай, якая ажыўляе свет. «Такое навяртанне сёння патрэбна ўсім нам: зараз мы на добрым шляху», — дадаў Бэнэдыкт XVI.
Папа казаў і аб ролі сумлення, якое з’яўляецца не суб’ектыўным паняццем, а вучыць чалавека шукаць праўду і падпарадкоўвацца ёй. «Шлях навяртання Ньюмана быў паслухмянасцю праўдзе, якая паступова адкрывалася яму. Навяртанне ў каталіцтва патрабавала яд яго адмаўлення практычна ад усяго таго, што было дарагім яму: ад маёмасці, працы, навуковай ступені, сямейных і сяброўскіх сувязяў», — адзначыў Святы Айцец.

Падсумоўваючы год, які падыходзіць да завяршэння, Папа падкрэсліў, што Божая моц і дабрыня прысутнічаюць і сёння, і існуе шмат нагодаў, каб падзякаваць Богу. Таксама Пантыфік выказаў падзяку сваім супрацоўнікам з Рымскай Курыі, жадаючы ім благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і Божай дапамогі ў будучым годзе.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме