Год веры распачнецца ў Каталіцкім Касцёле 11 кастрычніка 2012 г. Аб гэтым 16 кастрычніка 2011 г. паведаміў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Гэты год будзе звязаны з 50-годдзем адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору і завершыцца 24 лістапада 2013 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.
У гаміліі падчас святой Імшы на заканчэннем міжнароднага кангрэсу, арганізаванага Папскай радай па новай евангелізацыі, Пантыфік падкрэсліў важнасць комплекснага позірку на свет, як гэта адзначаецца ў дакументах Сабору.
Засяроджваючы ўвагу прысутных на літургічным чытанні, Папа адзначыў, што палітычныя падзеі таксама падуладныя Богу. Чалавечая моц, па словах Пантыфіка, не можа заняць месца Бога. Таму «тэалогія гісторыі — важны аспект новай евангелізацыі, бо людзі нашага часу пасля панавання таталітарных імперый ХХ стагоддзя патрабуюць аднаўлення комплекснага позірку на свет і час, позірку сапраўды праўдзівага і мірнага, такога, які ў сваіх дакументах пакінуў нам Другі Ватыканскі Сабор».
Каб быць паспяховай, евангелізацыя, працягваў Святы Айцец, патрабуе моцы Духа Святога. «Слова, Дух Святы і ўпэўненасць з’яўляюцца непадзельнымі і патрэбны для паспяховага пашырэння евангельскага паслання», — падкрэсліў Пантыфік.
Разважаючы над чытаннем з Евангелля паводле Мацвея, у якім Езус кажа аддаваць цэзару цэзарава, а Богу — Божае, Папа адзначыў, што Касцёл не абмяжоўваецца нагадваннем людзям пра раздзяленне палітычнай і рэлігійнай сфер. «Місія Касцёла, як гэта было і з місіяй Хрыста, — казаць пра Бога, нагадваць аб Яго панаванні, нагадваць усім, а асабліва хрысціянам, якія страцілі ўсведамленне свайго хрысціянства, аб праве Бога на сваю ўласнасць, гэта значыць на наша жыццё», — падкрэсліў Святы Айцец.
Як дадаў Папа, справа новай евангелізацыі не можа здзяйсняцца ў адзіночку, але толькі супольна. Таксама яна павінна быць ахвяравана тым, каго мы сустракаем, каб яны сталі ўдзельнікамі нашай сустрэчы з Хрыстом і з Яго Касцёлам.
|