Перад Вялікаднем Святы Айцец наведае Лацінскую Амерыку |
Святы Айцец |
13.12.2011 11:36 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паведаміў аб тым, што перад Вялікаднем наведае Мексіку і Кубу. Пра візіт у краіны Лацінскай Амерыкі Пантыфік паведаміў 12 снежня 2011 г. падчас святой Імшы, у якой маліўся за жыхароў гэтага кантынента. Ва ўрачыстасць Маці Божай з Гвадэлупы і з нагоды 200-й гадавіны незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі Святы Айцец узначаліў літургію ў базыліцы св. Пятра. Падчас Імшы Папа адзначыў, што абраз Маці Божай Гвадэлупскай з’яўляецца знакам прысутнасці Збаўцы. Марыя вядзе да свайго Сына — фундаменту годнасці ўсіх людзей і любові, мацнейшай за зло і смерць. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што праз пасрэдніцтва Касцёла, маці і прыкладам якога з’яўляецца Марыя, Езус Хрыстус прысутны ў кожнай асобе ў кожным месцы і ў кожны час. Ён з’яўляецца адказам на пытанне пра сэнс жыцця. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI упершыню наведае гэтыя краіны. Ян Павел ІІ наведваў Мексіку ў 1979, 1990, 1993, 1999 і 2002 гг., а Кубу ў 1998 г. |