Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Дзень мігрантаў і бежанцаў: кожны эмігрант — асоба, якая мае неад’емныя фундаментальныя правы
Святы Айцец
29.10.2012 15:54

«Міграцыя: пілігрымка веры і надзеі», — так гучыць тэма, абраная Святым Айцом Бэнэдыктам ХVI на 99-ы Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які Касцёл адзначыць 13 студзеня 2013 г. У сваім пасланні, апублікаваным 29 кастрычніка, Папа падкрэслівае, што зараз у свеце мільёны мужчын і жанчын «жывуць досведам эміграцыі».

«Гэтая з’ява ўражвае колькасцю асобаў, ахопленых ёю, і прынесенымі сацыяльнымі, эканамічнымі, палітычнымі, культурнымі i рэлігійнымі выклікамі», — адзначае Пантыфік, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. Святы Айцец нагадвае, што кожны эмігрант — гэта асоба, якая мае неад’емныя фундаментальныя правы, і яны павінны паважацца ўсімі. Папа дадае, што эмігрант часта мае глыбокі давер да Бога, што дазваляе яму перамагаць цяжкасці на сваім шляху. Касцёл жа пакліканы спрыяць інтэграцыі такіх асоб у грамадствы краін, куды яны прыбываюць.

На думку Бэнэдыкта ХVI, не ўсе эмігранты шукаюць выключна паляпшэння сваёй эканамічнай, грамадскай і палітычнай сітуацыі. Часта прычынай бегства з радзімы з’яўляюцца пераслед і насілле. Эмігранты «заўсёды маюць надзею на тое, што будуць прынятыя, атрымаюць сапраўдную дапамогу і разуменне ў сваіх цяжкасцях і трагедыях». «Эмігранты і бежанцы, — падкрэслівае Пантыфік, — праз атрыманую гасціннасць могуць унесці свой ўклад у пабудову дабрабыту краін, куды прыбылі».

Папа нагадвае, што кожная краіна мае права рэгуляваць працэсы эміграцыі. Аднак не трэба забывацца, што права на міграцыю ўпісана ў асноўныя правы чалавека, што дазваляе кожнаму пасяліцца там, дзе ён можа рэалізаваць свае здольнасці, памкненні і планы.

Тым не менш, паводле Папы, спачатку кожнаму чалавеку трэба даць права застацца ў сваёй краіне. Менавіта таму эміграцыя сёння замест таго, каб стаць «пілігрымкай даверу», ператвараецца ў «галгофу цярпення». Пантыфік узгадаў тых эмігрантаў, якія жывуць ва ўмовах адчужэння, эксплуатацыі, пазбаўлены асноўных правоў. Бэнэдыкт ХVI звяртае ўвагу і на праблему нелегальнай эміграцыі, асабліва такой яе формы, як гандаль людзьмі і эксплуатацыя. «Гэтыя злачынствы павінны рашуча асуджацца і карацца», — падкрэслівае Папа.

У пасланні Святы Айцец выступае з крытыкай замыкання краінамі сваіх межаў і жорсткага ўзмацнення санкцый адносна нелегальных эмігрантаў, бо гэтыя інструменты ніколі не будуць эфектыўнымі. У завяршэнне Пантыфік заклікае касцёльныя ўстановы і дзяржаўныя органы наладжваць супрацоўніцтва на карысць дапамогі эмігрантам.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.