Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане адбылася прэзентацыя трэцяга тома трылогіі Бэнэдыкта XVI
Святы Айцец
20.11.2012 14:27

20 лістапада ў ватыканскай зале Пія Х прайшла прэзентацыя заключнага тома трылогіі Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб этапах зямнога жыцця Езуса. Кніга выйдзе ў італьянскім выдавецтве «Rizzoli» ў супрацоўніцтве з выдавецтвам Ватыкана.

Трэцяя частка трылогіі ўбачыць свет адразу ў 49 краінах на 9 мовах накладам у 1 мільён экзэмпляраў. У бліжэйшыя месяцы яна будзе перакладзена яшчэ на 20 моваў і з’явіцца на паліцах кнігарняў 72 краін.

Першая частка кнігі пад назвай «Дзяцінства Езуса» прысвечана апісанням генеалогіі Збаўцы ў Евангеллях паводле Мацвея і Лукі. Яны, хоць і адрозніваюцца, маюць аднолькавы тэалагічны-сімвалічны сэнс, пошукам якога займаецца аўтар. Кажучы пра Звеставанне, Святы Айцец заўважыў, што Бог шукаў не проста жанчыну, якая магла б дабравольна нарадзіць Збаўцу, але асобу, якая дапамагла б Яму здзейсніць «новы ўваход у свет».

У цэнтры трэцяй часткі стаіць Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме, на якое Папа звяртае ўвагу як на поўню часоў, а Езуса прадстаўляе як «універсальнага носьбіта збаўлення». Аўтар не пакінуў без увагі сімволікі беднасці, у якой нарадзіўся Езус, і візіту пастухоў і ўсходніх магаў. Пра апошніх Пантыфік апавядае ў чацвёртай частцы кнігі. Іх постаці Святы Айцец змяшчае ў багаты гісторыка-культурны кантэкст і дзеліцца з чытачом шырокай інфармацыяй аб тагачасным навуковым жыцці.

Эпілогам кнігі Бэнэдыкта XVI стала гісторыя наведвання 12-гадовым Езусам Ерузалемскай святыні і дыскусія з мясцовымі вучонымі. Папа асаблівым чынам звярнуўся да словаў Евангелля паводле Лукі аб тым, што «Езус узрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей» і акцэнтаваў слова «ў мудрасці», што, паводле Пантыфіка, падкрэслівае, што Збаўца пазнаваў Айца «знутры» і Яго пазнанне пастаянна развівалася.

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, Бэнэдыкт XVI адзначыў, што, хоць гэта і апошні том трылогіі, аднак ён з’яўляецца «ўваходным пакоем» у даследаванне, якое Святы Айцец праводзіў на працягу многіх гадоў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.