Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да біскупаў Францыі: увага — веданню зместу веры, пакліканням, сям’і і адукацыі
Святы Айцец
30.11.2012 14:07

30 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю групе французскіх іерархаў, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам аd limina Аpostolorum. Папа адзначыў, што праблемай Касцёла ў Францыі з’яўляецца няведанне католікамі зместу веры, якое ўключае няведанне асобы Езуса Хрыста і велічы Яго вучэння.

Таксама Пантыфік нагадаў, што менавіта дзяленне верай стаіць у цэнтры Года веры, які распачаўся ў Касцёле. Святы Айцец назваў разам з тым «абнадзейваючай» актыўнасць свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла ў Францыі, падкрэсліўшы, што яны «разам з біскупамі і святарамі з’яўляюцца героямі жыцця Касцёла і яго евангелізацыйнай місіі». Як дадаў Папа, свецкія вернікі — гэта «твар свету ў Касцёле і ў той жа час прадстаўнікі Касцёла ў свеце».

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец выказаў занепакоенасць зніжэннем колькасці святарскіх і манаскіх пакліканняў у Францыі і заклікаў іерархаў мабілізаваць усе даступныя сродкі, каб «маладыя людзі маглі пачуць голас Пана». Папа звярнуў увагу на неабходнасць падтрымкі сям’і як месца, дзе нараджаюцца пакліканні. Апрача таго, у працэсе адукацыі, асабліва ў каталіцкіх навучальных установах, моладзь, па словах Пантыфіка, павінна не толькі атрымліваць веды, але і «засвойваць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, імкнуцца да пошуку і любові да праўды і прыгажосці».

Святы Айцец падзякаваў французскім біскупам за іх адданую працу ў нялёгкіх умовах секулярнага грамадства.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.