Бэнэдыкт ХVI: Мальтыйскі Ордэн заўсёды адрозніваўся вернасцю Касцёлу і Наступніку св. Пятра |
Святы Айцец |
09.02.2013 14:56 |
«Ваш Ордэн з самага пачатку адрозніваўся вернасцю Касцёлу і Наступніку св. Пятра, а таксама істотнаю духоўнаю ідэнтычнасцю, якая адпавядае высокім рэлігійным ідэалам», — з такімі словамі Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI звярнуўся да прадстаўнікоў Суверэннага Мальтыйскага Ордэна, якія прыбылі 9 лютага ў Ватыкан, каб сустрэцца з Папам. Нагодай да сустрэчы стала 900-годзе выдання прывілея «Pie postulatio voluntatis» ад 15 лютага 1113 г., у сілу якога папа Пасхалій ІІ узяў пад апеку Касцёла новазаснаванае шпітальнае брацтва Св. Яна Хрысціцеля і зрабіў яго суверэнным. Бэнэдыкт ХVI прыгадаў сведчанні прадстаўнікамі гэтага Ордэна іх вялікай веры. «Менавіта з-за веры члены вашага Ордэна на працягу многіх стагоддзяў ахвяроўвалі сябе апецы над хворымі ў Ерузалеме, а затым дапамагалі пілігрымам у Святой Зямлі, якія апынуліся ў вялікай небяспецы», — падкрэсліў Святы Айцец, дадаўшы, што ў ХІХ ст. Мальтыйскі Ордэн пачаў больш шырокую дзейнасць, служыў хворым і бедным, аднак ніколі не адмаўляўся ад першапачатковых ідэалаў, асабліва ад інтэнсіўнага духоўнага жыцця членаў Ордэна. (AG) |