Бэнэдыкт XVI пра аўтэнтычны сэнс цэлібату |
Слова Папы |
11.06.2010 16:22 |
Каля 15 тысяч святароў з усяго свету сустрэліся з Бэнэдыктам XVI на плошчы Святога Пятра ў Апостальскай Сталіцы 10 чэрвеня 2010 г. на малітоўным чуванні. Пантыфік у межах сустрэчы адказаў на пытанні, якія хвалююць сучасных душпастыраў. Святары з розных кантынентаў свету казалі пра цяжкасці ў працы сённяшняга пробашча, звярталі ўвагу на спрэчнасці, якія часам заўважаюцца паміж тэалогіяй і дактрынай Касцёла. Славацкі святар, які працуе ў Расіі, папрасіў Пантыфіка нагадаць аўтэнтычны сэнс цэлібату. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што цэлібат з’яўляецца своеасаблівым «папярэджаннем». «Мы перакрочваем саміх сябе, ідзем далей, прыцягваем за сабою свет да Змёртвыхпаўстання, і гэта з’яўляецца праўдзівай навіной, бо Хрыстус дае новае і сапраўднае жыццё. Таму цэлібат з’яўляецца папярэджаннем, магчымым, дзякуючы ласцы Пана, які прыцягвае нас да сябе, да свету Змёртвыхпаўстання, які заклікае нас зноў і зноў перакрочваць саміх сябе і сучаснасць і імкнуцца да будучыні», — адзначыў Папа. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу, што сёння вялікай праблемай хрысціянства з’яўляецца тое, што «ўжо не думаецца пра будучыню, якую падрыхтаваў Бог, але пра сучаснасць гэтага свету». «Мы хочам жыць толькі ў гэтым свеце, і такім чынам зачыняем дзверы перад сапраўднай веліччу нашага існавання», — падкрэсліў Святы Айцец. На думку Пантыфіка, «сэнс цэлібату як папярэджання будучыні» і з’яўляецца «адкрываннем дзвярэй і ўказаннем рэальнасці будучыні, сведчаннем таго, што мы сапраўды верым, што Бог ёсць». Святы Айцец падкрэсліў, што цэлібат — гэта «канчатковае „так“». «Гэта дазвол, каб Бог узяў нас за руку, — працягваў Пантыфік, — гэта адданне сябе ў рукі Пана. Гэта акт вернасці і даверу». На думку Бэнэдыкта XVI крытыка адносна цэлібату вядзе да высновы, што «ён з’яўляецца вялікім знакам веры і прысутнасці Бога ў свеце». Святар з Аўстраліі выказаў непакой адносна пустуючых семінарый. Святы Айцец на гэта адказаў, што нельга параўноўваць святарства з «прафесіяй». Як дадаў Пантыфік, надзвычай важным у гэтай справе з’яўляецца прыклад іншых. «Мы не сталі б святарамі, калі б мы не мелі такіх прыкладаў», — адзначыў Бэнэдыкт XVI. |