11 чэрвеня — заканчэнне Года святарства: адпуст і малітва за душпастыраў |
Беларусь |
11.06.2010 13:58 |
11 чэрвеня 2010 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, ва ўсіх касцёлах свету адбудуцца адпустовыя святыя Імшы на заканчэнне Года святарства, які быў абвешчаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI і распачаўся 19 чэрвеня 2009 г. Для атрымання поўнага адпусту неабходна ўзяць удзел у святой Імшы, ахвяруючы ў гэты дзень свае малітвы і добрыя ўчынкі ў інтэнцыі святароў, каб Езус асвяціў іх і сфармаваў паводле свайго сэрца. Для гэтага таксама трэба прыступіць да сакрамэнту споведзі і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца. Поўны адпуст пры выкананні звычайных умоваў і ў духу адмаўлення ад прывязанасці да якога-небудзь граху атрымаюць таксама пажылыя людзі і хворыя, якія не могуць выходзіць са свайго дому, калі ў гэты дзень яны памоляцца аб асвячэнні святароў і ахвяруюць у гэтай інтэнцыі свае цярпенні праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Апосталаў. Частковы адпуст можна атрымаць, памаліўшыся пяць разоў «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу», або іншую зацверджаную малітву да Сэрца Езуса ў інтэнцыі захавання чыстасці і асвячэння святароў. |