Кардынал Дыяс заклікае кітайскіх біскупаў і святароў да еднасці |
Рымская курыя |
30.07.2010 12:11 |
Да еднасці са Святым Айцом і з супольнасцю Касцёла заклікаў біскупаў і святароў Кітая кардынал Іван Дыяс, старшыня Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, у лісце, скіраваным да духавенства краіны. Дакумент прымеркаваны да заканчэння Года святарства. Кардынал нагадаў, што першым абавязкам кожнага біскупа і святара з’яўляецца імкненне да таго, каб быць Божым чалавекам і чалавекам для іншых. Святар павінен весці суровае жыццё, мець глыбокую любоў да Езуса Хрыста і ўдумліва абвяшчаць Яго прысутнасць у свеце. Таксама святар павінен цалкам прысвяціць сябе служэнню вернікам. Як адзначаецца ў лісце, ад яго патрабуецца супрацьстаяць спакусам матэрыяльнага абагачэння, шукання прывілеяў для сябе, сваіх родных або суайчыннікаў, грамадскага прызнання або палітычнай кар’еры. Гаворачы аб еднасці з Папам, кардынал нагадаў, што яна з’яўляецца для душпастыраў Касцёла і давераных ім супольнасцяў гарантыяй свабоды як поўнага прыняцця праўды і аўтэнтычнай традыцыі. Іерарх падкрэсліў, што еднасць хрысціян і еднасць членаў касцёльнай супольнасці — гэта той знак верагоднасці перадачы веры, якога жадае Езус. |