Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: хрысціянства — гэта абяцанне вечнага жыцця
Слова Папы
16.08.2010 11:43

«Хрысціянства абвяшчае не якое-небудзь абстрактнае збаўленне душы ў неакрэсленай прасторы, а абяцае вечнае жыццё, дзе нічога з таго, што дарагое для нас, не будзе знішчана, але будзе жыць далей дзякуючы любові Бога», — нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у казанні падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 15 жніўня 2010 г. у касцёле св. Тамаша ў Кастэль Гандольфа (прыгарад Рыма). Папа заклікаў усіх хрысціян ужо тут, на зямлі, будаваць новы свет, які не знікне.

Узгадваючы аб урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік адзначыў: «Мы верым, што Марыя, падобна як Хрыстус — яе Сын — ужо перамагла смерць і трыумфуе ў нябеснай хвале ў поўні сваёй сутнасці, з душой і целам». Маці Божая, як дадаў Святы Айцец, папярэджвае нас на шляху да неба.

Гэтая перамога Марыі над смерцю мае карані ў яе веры, якая «ёсць паслухмянасцю Божаму слову і поўным адданнем сябе Божай волі». Вера, па словах Бэнэдыкта XVI, узвялічвае Марыю, як гэта падкрэсліваецца ў радасных словах Альжбеты: «Благаслаўлёная ты між жанчынамі». Разам з тым, дадаў Папа, «Марыя, узятая на неба, недалёка ад нас».

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што для хрысціян слова «неба» не азначае нейкага месца ў космасе, але з’яўляецца чымсьці значна большым і больш складаным для вытлумачэння нашымі абмежаванымі чалавечымі паняццямі. «Праз гэты тэрмін мы хочам сцвердзіць, што Бог, які стаў блізкім нам, не пакідае нас нават у хвіліну смерці і пасля яе, але мае для нас месца і дае нам вечнасць», — адзначыў Папа. Пантыфік параўнаў гэта з памяццю, якая жыве ў нашых сэрцах, аб тых людзях, каго мы любілі і хто ўжо памёр. «Нейкая частка іх і далей жыве ў нас, аднак гэта як быццам цень, таму што захоўванне нашых блізкіх у нашых сэрцах таксама калісьці скончыцца», — дадаў Святы Айцец. Аднак Бог ніколі не знікне, і ўсе мы існуем дзякуючы сіле Яго любові, таму што Ён «запланаваў нас і паклікаў да жыцця, існуем у думках і ў любові Бога, ва ўсёй нашай рэчаіснасці, а не толькі ў „ценю“». І наш супакой, і надзея, і мір, як падкрэсліў Пантыфік, трымаюцца менавіта на Богу, і гэта Яго любоў перамагае смерць і дае нам вечнасць. Менавіта гэтую любоў мы называем небам. «Бог настолькі вялікі, што мае месца для кожнага з нас», — адзначыў Папа.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што Езус Хрыстус з’яўляецца праўдзівым Богам і праўдзівым чалавекам, і гэта дае нам гарантыю, што чалавек і Бог «могуць існаваць і жыць вечна». Гэта азначае, што кожны з нас будзе існаваць і далей, «але не толькі як адна частка, так бы мовіць, адарваная, у той час як іншая падлягае знішчэнню» — «увесь чалавек, усё яго жыццё, ачышчанае ў Богу, атрымае вечнасць, і гэтая праўда павінна даць нам глыбокую радасць». Хрысціянства, па словах Папы, не абвяшчае нейкага збаўлення «дзесьці там», дзе ўсё тое, што было дарагое і каштоўнае для нас у гэтым свеце, будзе знішчана, — яно абяцае вечнае жыццё ў свеце, які не знікне і ў якім усё тое, што дарагое нам, знойдзе сваё спаўненне ў Богу.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.