13–15 жніўня 2010 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Аглоне (Латвія) збіраюцца дзесяткі тысяч пілігрымаў з розных краін Еўропы. Аглона заўсёды была адным з галоўных месцаў пілігрымавання і часткай культурнай і гістарычнай спадчыны Латвіі. Сёлета ў Аглонскую базыліку — духоўны цэнтр Латвіі — накіраваліся каля 200 тысяч чалавек, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Аглонскай Божай Маці.
Аглонскі касцёл быў кансэкраваны ў 1751 г. Касцёл і кляштар заснавалі манахі-дамінікане. Першыя будынкі рабіліся з дрэва, але ўжо ў 1768–1780 гг. на іх месцы ўзвялі мураваныя. Сённяшні будынак зроблены ў стылі барока і мае дзве шасцідзесяціметровыя вежы. Арган, спавядальня, лавы, бакавыя алтары ў касцёле захаваліся з XVIII–ХІХ стст. З Вільнюса (Літва) дамінікане прывезлі ў касцёл знакаміты цудатворны абраз Аглонскай Божай Маці, створаны ў XVII ст.
У крыпце храма размешчаны пахаванні: там пахаваны адзін з выбітных каталіцкіх святароў Латвіі — першы латвійскі кардынал Юльян Вайвод, а таксама два святары з Латгаліі — Баляслаў Слосканс і Язэп Ранцанс.
У 1920 г. касцёл стаў катэдрай Рыжскай дыяцэзіі. У кляштары адкрылі духоўную семінарыю, а праз год — каталіцкую гімназію. У 1980 г. папа Ян Павел II надаў святыні статус базылікі, а ў 1993 г. пабываў у Аглоне сам.
Недалёка ад базылікі знаходзіцца крыніца са святой вадой. У ХІХ ст. вучоныя з Санкт-Пецярбурга прызналі гэтую ваду гаючай.
Маці Божая сапраўды захоўвала і захоўвае Аглонскую базыліку на працягу гісторыі. Варта адзначыць, што касцёл не пацярпеў ні ў адной са шматлікіх войнаў, якія праходзілі праз краіну.
12 верасня 1995 г. Сейм Латвійскай Рэспублікі прыняў закон «Аб міжнародным значэнні Аглонскай святыні». У законе адзначаецца, што гэты касцёл з’яўляецца аб’ектам міжнароднага значэння, часткай культурна-гістарычнай спадчыны Латвіі, помнікам культуры і месцам пілігрымавання. У гэтым годзе нават спякотнае лета не перашкодзіла вернікам наведаць святыню. Каб некалькі секунд памаліцца перад цудатворным абразом, людзі чакалі на сонцапёку ў чарзе па паўтары гадзіны. Але нават у чаканні ў людзей былі светлыя і радасныя твары, інвалідаў і маці з немаўлятамі прапускалі наперад, прапаноўвалі адно аднаму бутэлькі з пітной вадой.
Як заўсёды, у Аглону прыехалі пілігрымы з Літвы, Польшчы, Італіі, Бельгіі і іншых краін. Прыбылі, ужо ў шосты раз, таксама вернікі з Беларусі. 14 жніўня для беларусаў, якія па розных прычынах зараз жывуць у Латвіі, прайшла святая Імша на беларускай мове, якую цэлебраваў кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены. У мінулыя гады разам з нашымі суайчыннікамі ў Аглоне маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін.
Многія госці прыбываюць у Аглону яшчэ і для таго, каб паслухаць спевы хору і музычных калектываў з Беларусі. У выкананні хору «Голас душы», мужчынскага калектыву «Арханёл» і дуэта «Сумесная вандроўка» сёлета быў праспяваны Ружанец на латышскай мове. Падчас набажэнства і канцэрта перад святой Імшой гучалі музычныя творы на рускай, беларускай, польскай і латышскай мовах, старадаўнія і сучасныя спевы, песні аб Беларусі. Увечары 14 жніўня на пляцы перад базылікай адбыўся Крыжовы шлях з удзелам вернікаў, святароў, прадстаўнікоў улады і ўзброеных сіл. Удзельнікі Крыжовага шляху абышлі храм і падняліся на гару, да трох крыжоў, паўтараючы шлях Езуса Хрыста. Разважанні падчас Крыжовага шляху чытаў латвійскі кардынал Яніс Пуятс.
Галоўная святая Імша адбылася апоўдні 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Па традыцыі ў набажэнстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады на чале з Прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам. Прысутнічалі таксама вышэйшыя духоўныя ўлады краіны: кардынал Яніс Пуятс, арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч, біскуп Рэзекненска-Аглонскі Яніс Буліс, святары з Латвіі і іншых краін. Падчас літургіі кардынал Пуятс заклікаў прысутных адраджаць веру і кіравацца ў жыцці Божымі запаведзямі. Арцыбіскуп Станкевіч падкрэсліў, наколькі важна класці ў аснову нашых дзеянняў і жыцця маральныя каштоўнасці.
|