Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч у Канстанцінаве: Унебаўзяцце Марыі — знак таго, што ўвесь чалавек збаўлены
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.08.2012 13:45

18 жніўня 2012 г. Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў адпустовыя ўрачыстасці ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве (Будслаўскі дэканат). Іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 16 вернікам.

У гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў, што ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначаецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве, хаця там яна носіць назву Успення. Аднак паміж гэтымі назвамі, працягваў іерарх, няма супярэчнасці. Папа Пій ХІІ, які ў 1950 г. абвясціў дагмат аб Унебаўзяцці Марыі, адзначыў, што яна была ўзята на неба пасля завяршэнння зямнога жыцця. У дагмаце не гаварылася, памерла Марыя ці заснула, але толькі што Яна завяршыла жыццё.

«Унебаўзяцце Марыі з целам і душою на неба — гэта знак таго, што ўвесь чалавек збаўлены і што яго душа і цела прызначаны для нябеснай хвалы, — дадаў Мітрапаліт. — Таму гэтае свята — не толькі свята душы, але і цела. Чалавек павінен клапаціцца пра тое, каб яго цела было святыняю Духа Святога. Гэта азначае, што чалавек павінен жыць паводле Божага закону». Прыкладам гэтага, па словах арцыпастыра, з’яўляецца Марыя і яе згода з Божай воляй. Касцёл «дапамагае нам у тым, каб мы былі святынямі Духа». Асабліва ён чыніць гэта ў сакрамэнце канфірмацыі, «у якім ён умацоўвае вернікаў дарамі Святога Духа, каб мужна вызнавалі сваю веру, яе баранілі і абвяшчалі Евангелле».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў браць прыклад з Марыі, каб, будучы ўмацаванымі Святым Духам, маглі заўсёды адказваць Богу «так», бо гэта ўмова шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме