Мітрапаліт Кандрусевіч удзельнічаў у завяршэнні ўрачыстасцяў 100-годдзя касцёла ў Красным |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
20.08.2012 13:50 |
19 жніўня 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічаў у завяршэнні юбілейных урачыстасцяў 100-годдзя касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным, якія распачаліся 15 жніўня. На працягу апошніх 5 дзён у гэтым касцёле адбываліся адмысловыя набажэнствы, прысвечаныя юбілею. Падчас св. Імшы Мітрапаліт удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 60 вернікам. У гаміліі Мітрапаліт падзякаваў Богу за гэты касцёл, які ў цяжкія часы ганенняў быў адзіным, куды ездзілі вернікі з Мінска. Гэта, па словах арцыпастыра, была тая «Мекка», куды сцякаліся людзі, каб спаткаць у сакрамэнтах Езуса і карміцца Ягонай ласкай. Іерарх распавёў таксама пра тое, як сам, будучы студэнтам Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, у 1969–1970 гг. быў на практыцы на Мінскім аўтазаводзе, пісаў дыпломную працу і кожную нядзелю ездзіў у Краснае на Імшу. Гэта, з аднаго боку, «было вялікае шчасце і Божая ласка, а з іншага — патрабавала амаль што цэлага дня часу». Кажучы пра тытул касцёла — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, — Мітрапаліт нагадаў пра тое, што ўзяцце Марыі на неба з целам і душой, — гэта наша будучыня, да якой мы прызначаны. Для яе дасягнення неабходна жыць так, як жыла Марыя. Перадусім неабходна «па яе прыкладу заўсёды згаджацца з Божай воляй і яе выконваць». «„Fiat“ Марыі распачало практычнае ажыццяўленне Божага плану збаўлення. Таксама і нашае „fiat“ дазволіць Богу Ягонай ласкай жыць у нашых сэрцах, — адзначыў іерарх. — Дапамогай гэтаму ёсць Касцёл. Колькі за 100 гадоў гісторыі красненскага касцёла ў яго сценах адбылося споведзяў, колькі Імшаў цэлебравалася, колькі было благаслаўлена шлюбаў, колькі хростаў, колькі св. Камуній, колькі людзей адсюль з малітвай было перанесена на месца вечнага спачынку? Гэта ведае толькі Бог, які жыве тут і тут спатыкаецца з чалавекам». |