Парафіяльная ўрачыстасць у Красным |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
16.08.2010 12:58 |
15 жніўня 2010 г. увесь Касцёл святкаваў урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень шматлікіх вернікаў сабрала і парафія ў Красным (Маладзечанскі дэканат). Урачыстую літургію ўзначаліў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Разам з дэканам Маладзечанскім святую Імшу канцэлебраваў пробашч парафіі кс. Андрэй Яркавец. Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным заўсёды была шматлюднай. У часы атэізму ў гэту святыню на ўзгорку з’язджаліся з розных мястэчак, каб прыняць удзел у нядзельнай святой Імшы. У любое надвор’е бацькі разам з дзецьмі і людзі старэйшага ўзросту спяшаліся да касцёла. Тым больш — ва ўрачыстасць. Вось і сёлета, нягледзячы на спёку, шматлікай была супольнасць вернікаў у парафіяльнае свята, на якое быў запрошаны і хор з маладзечанскай парафіі. У гаміліі кс. Даўгіловіч-Навіцкі, які таксама некалі працаваў у Красным, нагадаў прысутным, якім павінен быць хрысціянін, яго ўчынкі і штодзённае жыццё. Святар заклікаў заставацца сапраўднымі хрысціянамі, нягледзячы на крызісы ў веры, якія могуць напаткаць кожнага. На заканчэнне літургіі адбылася Эўхарыстычная працэсія навокал касцёла. Пасля благаслаўлення былі прамоўлены словы падзякі кс. прэлату Эдумунду Даўгіловічу-Навіцкаму, які ў гэту ўрачытасць заўсёды стараецца далучыцца да мясцовых вернікаў і душпастыраў. Віншаванні былі скіраваны і ў адрас пробашча парафіі кс. Андрэя Яркаўца, які сёлета адзначае 10-годдзе святарства. |