«Благаслаўлёныя міратворцы» — тэма 46-га Сусветнага дня міру |
Слова Папы |
17.07.2012 11:01 |
«Благаслаўлёныя міратворцы» — так гучыць тэма ўжо 46-га Сусветнага дня міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2013 г. Як адзначаецца ў спецыяльным паведамленні Папскай рады «Iustitia et Pax», у сёлетнім папскім пасланні будзе звернута ўвага на глыбокі змест і разнастайнасць разумення міру, пачынаючы ад індывідуальнага вымярэння і заканчваючы фундаментальнымі правамі чалавека, перш за ўсё свабодай сумлення, слова і рэлігіі. Пасланне будзе прадстаўлена ў форме этычнага разважання аб некаторых мерах, якія прадпрымае свет для пераадолення фінансава-эканамічнага крызісу, праблем адукацыі, заняпаду палітыкі, што сведчыць таксама аб крызісе дэмакратычнай сістэмы. Адной з важных тэм паслання стане 50-годдзе Другога Ватыканскага Сабору і энцыклікі папы Яна XXIII «Pacem in terries» («Мір на зямлі»), якая грунтуецца на ідэі годнасці чалавечай асобы і яе свабоды для будавання грамадства, што служыць кожнаму без дыскрымінацыі. Як гаворыцца ў паведамленні ватыканскага ведамства, грамадства, заснаванае на прынцыпе агульнага дабра, з’яўляецца падмуркам справядлівасці і сапраўднага міру. «Благаслаўлёныя міратворцы» стане восьмым пасланнем Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру. Ватыканскае радыё прыводзіць тэмы папярэдніх пасланняў: «Мір у праўдзе» (2006), «Чалавечая асоба — сэрца міру» (2007), «Чалавечая сям’я — супольнасць міру» (2008), «Змаганне з беднасцю для будавання міру» (2009), «Калі хочаш мець мір — клапаціся аб стварэнні» (2010), «Свабода веравызнання як шлях да міру» (2011), «Выхаванне моладзі да справядлівасці і міру» (2012). |