Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: у Новы год — як падарожжа са святлом і ласкай Бога
Слова Папы
01.01.2013 14:59

1 студзеня, у першы дзень 2013 года, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. У гэты дзень, які з’яўляецца таксама Сусветным днём міру, Папа засяродзіў у разважанні ўвагу на тым, хто такія міратворцы.

Па словах Пантыфіка, гэта «ўсе тыя, хто дзень за днём імкнуцца перамагаць зло дабром, сілай праўды, збояй малітвы і прабачэння, шляхетна і добра зробленай працай, навуковымі даследаваннямі на карысць жыцця, учынкамі духоўнай і цялеснай міласэрнасці». Міратворцы «шматлікія — але яны не робяць шуму».

У першы дзень Новага года Святы Айцец удзяліў благаслаўленне кожнаму чалавеку ў свеце паводле старажытнай формулы, якая змяшчаецца ў Святым Пісанні: «Няхай Пан цябе благаславіць і абараняе. Няхай Пан дасць заззяць свайму абліччу перад табой і ўдзеліць табе ласку. Няхай Пан зверне да цябе сваё аблічча і дасць табе супакой».

Папа дадаў, што праз нараджэнне Езуса Хрыста «Бог даў свайму абліччу заззяць над намі: на пачатку вельмі сціплым чынам, схаваным: у Бэтлееме толькі Марыя і Юзаф, а таксама некалькі пастухоў былі сведкамі гэтага аб’яўлення; але паступова, як сонца ўздымаецца ад світанку да поўдня, святло Хрыста ўзрастала і распаўсюджвалася паўсюль». Праз «Касцёл, натхнёны Яго Духам, Езус пашырыў на ўсе народы Евангелле супакою».

Таму, патлумачыў Пантыфік, праз восем дзён пасля Божага Нараджэння, калі Касцёл паказвае свету нованароджанага Езуса, Валадара Супакою, мы святкуем Сусветны дзень міру. Дзіцятка, якое з’яўляецца Словам Бога, «стаўшым целам, прыйшло, каб прынесці людзям мір, які свет даць не можа» (пар Ян 14, 27).

Папа заклікаў вернікаў прасіць Найсвяцейшую Марыю благаславіць нас, як маці, што благаслаўляе сваіх дзяцей, якія павінны адправіцца ў падарожжа. «Новы год — як падарожжа, са святлом і ласкай Бога, можа быць шляхам супакою для кожнага чалавека і кожнай сям’і, кожнай краіны і ўсяго свету», — дадаў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Пасля малітвы Папа павіншаваў вернікаў з Новым годам і пажадаў, каб ён быў па-сапраўднаму добрым. Бэнэдыкт XVI прывітаў і маладых удзельнікаў сустрэчы Тэзэ, якая праходзіць у Рыме.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме