У першы дзень Новага 2013 года, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Бог Айцец так палюбіў нас, што даў нам свайго Сына, які стаў адным з нас. Гэта здзейснілася ва ўлонні Найсвяцейшай Панны Марыі, і ў сваёй Маці Езус дае нам прыклад для наследавання. Марыя прадстаўляе сабой поўную адданасць волі Божай, што праявілася ў хвіліну Звеставання, пры Нараджэнні Хрыста ў Бэтлееме і працягвалася ажно да самай гары Галготы. Аб гэтым нагадаў вернікам біскуп Кашкевіч падчас літургіі.
Іерарх адзначыў таксама, што 1 студзеня ў Касцёле святкуецца Сусветны дзень міру. Біскуп заахвоціў вернікаў маліцца аб міры ў сваіх сем’ях, асяроддзях іх дзейнасці, акружэнні, ва ўсім свеце, які, па словах гродзенскага ардынарыя, усё часцей забывае, што такое мір.
«Перад намі адкрываецца новая мапа — 365 дзён. Няхай гэты час, дадзены нам Панам Богам, будзе часам благаслаўлёным, напоўненым малітвай, дабрынёй і гармоніяй у нашых сэрцах», — пажадаў біскуп на пачатак Новага года.
Іерарх дадаў і тое, што паводле розных прадказанняў і прароцтваў «лёс свету і чалавецтва ўжо даўно павінен быў скончыцца, і сёння мы таксама поўныя непакою, бо не ведаем, што чакае нас заўтра, якая будучыня ў нас наперадзе». Але ў той жа час «мы напоўнены надзеяй, якую дае нам Маці Божая, у Новым 2013 годзе». Біскуп Кашкевіч заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за ўсе дары і ласкі, атрыманыя ад Яго ў мінулым годзе.
Святую Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама духавенства, якое ахвярна служыць Богу, людзям і Касцёлу.
Напрыканцы літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў удзельнікам набажэнства шчырыя навагоднія віншаванні, жадаючы, каб «досвед Асобы Божага Сына, перажыты ва ўбогай стайні, фарміраваў думкі і дзеянні так, каб несці надзею і прыгажосць любові туды, дзе пануе нявер’е, каб дзяліцца тым, што для хрысціяніна самае галоўнае: Езусам Хрыстом, нашым Збаўцам, які з’яўляецца „пачынальнікам і завяршыцелем веры” (Гбр 12, 2)».
Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|