| 
					Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння: члены ардынарыятаў для былых англіканаў — сведкі адвагі ў пошуку праўды			 | 
				
		
					
	| 
								
													Рымская курыя												
					 | 
	| 
		05.02.2013 12:03	 | 
| 
  «Былыя англікане, якія ў апошнія гады прынялі каталіцкую веру, сталі для свету сведкамі адвагі ў пошуку праўды і ў імкненні да бачнага адзінства Касцёла. Яны піянеры экуменізму», — адзначыў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Герхард Мюлер з нагоды першай гадавіны стварэння ардынарыяту для былых англіканскіх вернікаў у ЗША. 
Па словах арцыбіскупа, для многіх членаў гэтай структуры навяртанне ў каталіцызм звязвалася з асабістым пасвячэннем і азначала крок у невядомае. Іх ахвяра, дадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, мае вялікае значэнне для ўсяго Касцёла і паказвае, як пры захаванні поўнага адзінства можна выкарыстоўваць багацці іншых хрысціянскіх традыцый.
  Прэфект Кангрэгацыі заахвоціў былых англіканскіх вернікаў выхоўваць у сабе культуру камуніі — не толькі на вышэйшым узроўні, клапоцячыся пра еднасць з Папам, але і на ўзроўні лакальным, у дачыненні да мясцовых біскупаў і парафій. «Толькі такім чынам ваша сведчанне будзе відавочным для ўсіх», — сказаў іерарх, якога цытуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. (AG) 
  
 |