Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«L'Osservatore Romano» апублікавала гутарку з маці ксяндза Папялушкі
05.03.2013 12:55

«Калі памру, не аплаквайце мяне» — гэта апошнія словы ксяндза Юрыя Папялушкі, сказаныя ім перад выхадам з роднага дому, сталі загалоўкам у інтэрв’ю з маці благаслаўлёнага Марыянай Папялушка, апублікаваным у нумары ватыканскага штодзённіка «L'Osservatore Romano».

92-гадовая Марыяна Папялушка на старонках газеты расказала пра сваё апошняе спатканне з сынам перад яго смерцю ў кастрычніку 1984 года, перад тым, як святар быў закатаваны афіцэрамі Службы Бяспекі. Пра гэта паведамляе gosc.pl.

«Гэта было ў жніўні 1984 года. Прыехаў дадому без папярэджання. Не казаў пра сябе, але я бачыла, што за ім сочаць: нават з вокнаў нашага дому быў бачны аўтамабіль з агентамі. Але ён быў адважны, нягледзячы на тое, што быў фізічна слабы», — расказала маці ксяндза Папялушкі, беатыфікацыя якога адбылася ў 2010-м годзе.

Дадаючы, жанчына зазначыла: «Ён пакінуў мне сваю сутану, каб я магла яе зашыць, кажучы: забяру яе ў наступны раз. Калі не, то будзеш мець памяць пра мяне. Благаслаўляючы нас, сказаў: памятайце, калі памру, не аплаквайце мяне».

«Я скамянела, бо ён ніколі так не казаў».

Маці благаслаўлёнага прызналася, што ніколі не думала аб тым, што яе сын загіне мучаніцкай смерцю.

«Сёння думаю, што застаючыся святаром, ён павінен быў думаць пра тое, што можа памерці як мучанік, бо гэта запісана ў святарскім пакліканні», — дадала жанчына.

Таксама Марыяна Папялушка ўзгадала, што падчас ваеннага становішча на радзіме ксёндз Юрый адпраўляў набажэнствы ў касцёле св. Станіслава Косткі ў варшаўскім раёне Жалібож, якія яна слухала па Радыё Вольная Еўропа.

Жанчына прызнаецца: «Я была вельмі ўзрушаная, слухаючы словы майго сына па радыё. Але перадусім я была задаволеная тымі Імшамі, бо ведала, што дзякуючы ім шмат людзей навяртаецца».

Ксёндз Юрый Папялушка — польскі святар (1947-1984). Лічыўся адным з духоўных кіраўнікоў арганізацыі «Салідарнасць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаючы ў абарону правоў чалавека. 19 кастрычніка 1984 года быў выкрадзены агентамі Службы Бяспекі, жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле.

Беатыфікацыя святара адбылася 6 чэрвеня 2010 года.

(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.