Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на Вялікі пост 2010 года
17.02.2010 17:34

Дарагія браты ў святарстве, вернікі дыяцэзіі!

Перыяд Вялікага посту з’яўляецца нашай падрыхтоўкай да ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана. У гэты час мы павінны ажывіць веру ў Езуса Хрыста, а таксама быць Яму ўдзячнымі за здзейсненае на крыжы адкупленне. Такім чынам мы хочам падзякаваць Езусу за тое, што Ён палюбіў нас дарэшты і застаўся з намі. У гэтым годзе мы асабліва ўдзячны за тое, што ў Вялікі чацвер Хрыстус устанавіў сакрамэнт святарства і няспынна праз паслугу святароў нагадвае аб сабе на алтары падчас кожнай Эўхарыстыі. Гэтая падзяка злучае нас са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які 19 чэрвеня 2009 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, абвясціў у паўсюдным Касцёле Год святарства. Нагодай да гэтага стала 150-я гадавіна з дня смерці св. Яна Марыі Віянэя, пробашча з Арс. Таму ў сваім пастырскім пасланні я хачу разам з Вамі, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, прыгледзецца да святарскага паклікання.

Кожны святар удзельнічае ў адвечным святарстве Хрыста, які асабіста заклікае яго да выканання гэтай высакароднай функцыі. Святарства — гэта Божы дар для Касцёла. Яно з’яўляецца таксама вялікай таямніцай, якая выражае цеснае яднанне пакліканага з Хрыстом-Адкупіцелем. У Евангеллі паводле святога Марка чытаем: Езус «узыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім; і каб пасылаць іх прапаведаваць, і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў» (пар. Мк 3, 13–15). На працягу трох гадоў Настаўнік фарміраваў іх розум і сэрцы. Падчас Апошняй Вячэры ў Вялікі чацвер Езус называе Апосталаў сваімі сябрамі. Ён перадае ім права ўдзельнічаць у сваім святарстве, кажучы: «Гэта чыніце на маю памяць». Збавіцель прызначае іх для таго, каб яны ішлі і прыносілі плён, і каб гэты плён быў трывалы (пар. Ян 15, 16). Пасля паўстання з памерлых Хрыстус звяртаецца да Апосталаў: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21). І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22б–23). Перад унебаўшэсцем Хрыстус пасылае Апосталаў, каб яны навучалі ўсе народы і хрысцілі іх. Ён абяцае быць з імі да канца свету (пар. Мк 16, 15–19). Таму існаванне святара з’яўляецца супрацоўніцтвам з Хрыстом-Адкупіцелем і выкананнем функцый, якія яму даручаны Збавіцелем. Няма на свеце больш прыгожай і высакароднай місіі, чым служэнне ад імя Божага, як напрыклад: абвяшчаць Божае слова; сакрамэнтальна чыніць Стварыцеля прысутным на зямлі, напрыклад, праз ачышчэнне і вызваленне людскіх сэрцаў ад грахоў, яднанне людзей з Богам, вяртанне ім свабоды і годнасці дзяцей Божых. Святарства — гэта незвычайная місія.

Таму св. Ян Марыя Віянэй, заступнік пробашчаў і ўсіх святароў, часта паўтараў: «Святарства — гэта любоў Езусавага Сэрца». Вернікам пробашч з Арс пра святарства гаварыў так: «Калі б не было сакрамэнту святарства, то не было б і Бога сярод нас. Хто ж схаваў яго ў табэрнакулюме? Святар. Хто далучыў вашыя душы да супольнасці Касцёла, калі вы нарадзіліся? Святар. Хто корміць душы, каб яны мелі сілы для зямнога пілігрымавання? Святар. А калі душа пападзе ў смяротны грэх, хто ўваскрасіць яе да жыцця? Хто верне ёй супакой сумлення? Толькі святар. Вы не знойдзеце ніякага дабра, якое паходзіць ад Бога, каб за ім не стаяў святар. Пасля Бога святар — найважнейшы! Святар жа не з’яўляецца святаром сам для сябе. Ён не можа сам сабе адпусціць грахі. Не можа сам сабе ўдзяліць ніводнага сакрамэнту. Святар не жыве для сябе, а жыве для вас» (Альфрэд Монін «Запіскі з Арс», Варшава, 2009 г. С. 117–123).

Святы Ян Віянэй быў накіраваны ў адну з найменшых парафій Ліёнскай архідыяцэзіі, якая налічвала 230 чалавек. У гэтай мясцовасці да такой ступені была знішчана вера, што ў нядзельнай Эўхарыстыі прымалі ўдзел толькі некалькі асобаў. Малады душпастыр рабіў усё, каб жыхары Арс «не жылі толькі для сябе, але для Таго, хто памёр за нас і паўстаў з памерлых». Ксяндза Яна Віянэя прыспешвала любоў Хрыста: кожны тыдзень ён працаваў над казаннямі, каб яны былі зразумелыя яго слухачам. Часта, лежачы крыжам у пустым касцёле, ён маліўся за парафіянаў. Сваімі малітвамі і салідарнасцю з убогімі, постам і іншымі формамі пакуты ён прыцягваў не толькі жыхароў Арс, але і з адлеглых мястэчак і вёсак. Паступова яго касцёл напаўняўся, вернікі прыязджалі здалёк, каб паспавядацца ў руплівага святара. Падлічваюць, што на працягу 40 гадоў свайго святарства св. Ян Марыя Віянэй выслухаў каля мільёна споведзяў! Аслаблены хваробамі і аскетычным жыццём, гэты выдатны святар памёр 4 жніўня 1859 г. — 150 гадоў таму. У 1925 г. ён быў кананізаваны, а на Год святарства быў абвешчаны Бэнэдыктам XVI апекуном усіх святароў свету.

Дарагія! Часам нас цікавіць, што ж робіць святар? Углядаючыся ў постаць цудоўнага заступніка пробашчаў, не будзем забываць, якой вялікай працай з’яўляецца святарскае служэнне, чым ёсць штодзённая цэлебрацыя Эўхарыстыі і сакрамэнт пакаяння. Не забывайце пра гадзіны, а часам і цэлыя дні падрыхтоўкі ксяндза да абвяшчэння Божага слова і да іншых сакрамэнтальных паслугаў. Не забывайце пра навучанне дзяцей і моладзі падчас рэгулярнай катэхізацыі, пра кіраванне рознымі супольнасцямі, пра наведванне хворых, пра будаўніцтва і рамонт касцёлаў, пра дабрачынныя справы, а перш за ўсё — пра святарскую малітву ў самотнасці і пакуту за сваіх парафіянаў.

У сёлетні Год святарства «я звяртаюся да ўсіх і прашу: маліцеся за вашых святароў. Няхай Бог шчодра адорыць іх сваімі дарамі, каб як верныя слугі Хрыста яны вялі вас да Яго, бо Ён з’яўляецца крыніцай збаўлення» (з літургіі Імшы Хрызмы і асвячэння алею). «Маліцеся таксама за мяне, каб я верна выконваў апостальскае служэнне, якое мне, нягоднаму, было даверана, і каб я быў сярод вас жывым адлюстраваннем Хрыста-Святара, Добрага Пастыра, Настаўніка і слугой усіх» (з літургіі Імшы Хрызмы і асвячэння алею). Атрымлівайце на працягу года адпусты і ахвяроўвайце іх за жывых і памерлых святароў. Падчас Вялікага посту ахвяроўвайце ў іх інтэнцыях свае цярпенні і розныя формы пакутаў. Я прашу Вас, няхай Год святарства ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі будзе часам, які схіляе да большай згуртаванасці і яднання са святарамі, да роздуму над сваёй паставай у адносінах да іх і да малітвы за іх. Акружайце святароў належнай пашанай. Правільна разумейце і спачувайце іх пастырскім абавязкам і цяжкасцям, якія яны сустракаюць на сваім шляху. Падтрымлівайце іх служэнне. Ахвяруйце ім сваё супрацоўніцтва. У кожны першы чацвер месяца маліцеся таксама за новыя і шматлікія пакліканні да святарства.

Я давяраю святароў і вернікаў нашай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай. На плённае перажыванне Вялікага посту, на намаганні святарскай паслугі ў гэты час, каб усе мы маглі адкрыць свае сэрцы на ўсведамляемую намі любоў Крыжовай Ахвяры Хрыста, ад шчырага сэрца ўдзяляю Вам пастырскае благаслаўленне ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 
Біскуп Гродзенскі
Аляксандр Кашкевіч
Адноўлена 17.02.2010 17:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі