Узлюбленыя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Мы чарговы раз перажываем літургічны перыяд Вялікага посту. Гэты асаблівы час ласкі павінен падрыхтаваць нас духоўна да сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом у радаснае свята Вялікадня. Таму ўжо цяпер варта задумацца, як нам правесці гэтыя 40 дзён посту, каб атрымаць як мага большы духоўны плён як у асабістым жыцці кожнага з нас, так і ў жыцці ўсяго грамадства.
Як і кожны год, мы пачалі Вялікі пост з сімвалічнага абраду пасыпання галоваў попелам, які нагадаў нам пра мінучасць нашага зямнога жыцця. «Памятай, чалавеча, што ты прах і ў прах абернешся», — гэтыя словы з літургіі Папяльцовай серады прыгадваюць нам, што тут, на зямлі, мы толькі пілігрымы, і што час нашага зямнога вандравання вельмі абмежаваны. А гэта значыць, што, як хрысціяне, на першае месца ў сваім жыцці мы павінны ставіць каштоўнасці, якія не мінаюць, і адмовіцца ад таго, што з’яўляецца перашкодай у нашым імкненні да вечнага жыцця. Такое стаўленне свядомага абрання дабра і рашучага разрыву са злом на рэлігійнай мове называецца навяртанне.
У сённяшняй літургіі слова мы пачулі заклік Езуса: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15). Варта адзначыць, што ў Евангеллі паводле Марка гэта першыя словы, якія прамовіў Езус, і яны з’яўляюцца свайго роду лейтматывам або рэзюмэ ўсяго вучэння Божага Сына. Я хацеў бы падзяліцца з вамі, дарагія дыяцэзіяне, некаторымі думкамі, якія былі выкліканы гэтым заклікам Езуса, у надзеі, што яны дапамогуць усім нам годна перажыць бліжэйшыя дні і тыдні Вялікага посту.
Перш за ўсё трэба заўважыць, што навяртанне, якога чакае ад нас Езус Хрыстус, гэта не столькі аднаразовы ўчынак, колькі стаўленне, пастаянная накіраванасць, якая становіцца характэрнай рысай нашых паводзін у паўсядзённым жыцці. Іншымі словамі, нават радыкальны разрыў са злом і паварот да Хрыста як да Збаўцы яшчэ не з’яўляецца навяртаннем у поўным сэнсе гэтага слова, — гэта толькі пачатак дарогі чалавека да Бога.
Калі мы будзем менавіта так разумець навяртанне, то стане ясна, што заклік Езуса датычыць не толькі людзей, што жывуць здалёк ад Бога або ў сітуацыі, якая абсалютна не адпавядае хрысціянскай маралі. Пан Езус заклікае да навяртання кожнага з нас без выключэння, і гэты заклік ёсць і заўсёды будзе актуальны.
Вялікі пост дае нам, хрысціянам, выдатную магчымасць, каб адказаць «так» на заклік Езуса і прыступіць да працы над сабой дзеля ўласнага навяртання. Калі мы станем у пакоры і праўдзе перад Богам, то ўбачым, наколькі мы далёкія ад ідэалаў Евангелля. Таму давайце задумаемся, што нам трэба змяніць у нашым жыцці, на чым сканцэнтраваць нашы духоўныя намаганні, якія рашэнні прыняць, каб сёлетні Вялікі пост не прайшоў бясплённа, а паспрыяў нашаму духоўнаму росту і паглыбленню ў нашых сэрцах веры, надзеі і любові да Бога і бліжняга. Няхай Святы Дух праз голас сумлення асветліць усіх нас і дасць нам магчымасць дакладна распазнаць нашы духоўныя патрэбы.
Папа Бэнэдыкт XVI у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост заклікае вернікаў Каталіцкага Касцёла да хрысціянскага клопату і адказнасці за бліжняга. У якасці адпраўной кропкі ў сваіх разважаннях Папа выкарыстаў словы з Паслання да Габрэяў: «Клапаціцеся ўзаемна адзін пра аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых спраў» (Гбр 10, 24). Бэнэдыкт XVI з горыччу адзначае, што ў сучасным грамадстве дамінуюць праявы эгаізму, абыякавасці, бяздушнасці і незацікаўленасці іншым чалавекам. Часта пад выглядам павагі да сферы прыватнага жыцця бліжняга хаваецца жаданне пазбегнуць адказнасці за яго і захаваць дыстанцыю адносна яго лёсу. Тым не менш, нават сёння гучыць голас Пана, які заклікае кожнага з нас клапаціцца пра нашых бліжніх, быць «вартаўнікамі» нашых братоў (пар. Быц 4, 9), будаваць грамадства, заснаванае на ўзаемнай дабрыні, спачуванні, любові і дзейнасці на карысць іншага чалавека.
Згодна са спрадвечнай традыцыяй Вялікага посту, Маці-Касцёл заклікае сваіх дзяцей да пакаянных практык, гэта значыць, да малітвы, посту і міласціны, якія дапамагаюць нам перамагчы ўласны эгаізм, пераадолець спакусу замыкання ў сабе, вучаць бескарысліва адкрыцца на бліжняга ў духу хрысціянскай любові. Асабліва міласціна робіць нас спагадлівымі да патрэбаў іншых людзей, развівае здольнасць заўважаць у нашым акружэнні бедных і пакрыўджаных лёсам людзей, якім патрэбна дапамога. Няхай нашы велікапосныя абмежаванні будуць спалучаны з павелічэннем клопату пра нашых братоў, якія церпяць нястачу; няхай нашы сэрцы не будуць глухімі на іх крык дапамогі, а клопат пра іх няхай будзе бачным знакам нашай прыналежнасці да супольнасці вызнаўцаў Хрыста.
Святы Айцец ва ўзгаданым Пасланні падкрэслівае, што сапраўдны хрысціянскі клопат пра нашых братоў не абмяжоўваецца толькі матэрыяльнай сферай, але ахоплівае ўсяго чалавека — яго фізічнае і духоўнае вымярэнне. Таму вельмі важным з’яўляецца ўменне зрабіць брацкае настаўленне, якое з’яўляецца выразам духоўнай адказнасці за бліжняга, за здароўе яго душы. Невыпадкова настаўленне тых, хто грашыць, традыцыя Касцёла залічвае да духоўных спраў міласэрнасці. Як хрысціяне, мы не маем права маўчаць перад абліччам зла, — ні з прычыны скажонага разумення павагі да бліжняга, ні, тым больш, з погляду на ўласны камфорт або жаданне прыстасавацца да пануючага менталітэту. Хрысціянскае настаўленне не павінна выказвацца ў духу асуджэння або абвінавачвання, яно павінна выплываць з любові і міласэрнасці і быць выразам шчырага клопату пра духоўнае дабро нашых бліжніх.
Паважаныя дыяцэзіяне! Зыходзячы з прыведзеных слоў Святога Айца, я заклікаю вас смела браць на сябе адказнасць за бліжняга. Напэўна, кожны з вас мае ў сваім акружэнні людзей, якія не прытрымліваюцца духоўных і маральных правіл, якія перажываюць крызіс веры або маюць патрэбу ў хрысціянскай падтрымцы. Магчыма, нехта з вашых дамачадцаў, суседзяў, сяброў ці калег па працы чакае, каб вы прыязна працягнулі яму руку дапамогі. Я прашу вас не быць абыякавымі да такіх асоб і прыкласці ўсе намаганні, каб паказаць ім усю прыгажосць хрысціянскай веры і бясконцую веліч Божага прабачэння. Магчыма, менавіта ваша настойлівая малітва, добразычлівае настаўленне або асабістае сведчанне дапамогуць гэтым братам знайсці шлях да Хрыста. Таму давайце заахвочваць адно аднаго да любові і добрых учынкаў, як заклікае нас Святы Айцец словамі Паслання да Габрэяў (Гбр 10, 24).
Для хрысціяніна шлях навяртання непарыўна звязаны са штораз новым адкрыццём і паглыбленнем веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15). Паверыць Евангеллю, або Добрай Вестцы пра збаўленне, — гэта значыць асабіста сустрэцца з Хрыстом як адзіным Збаўцам свету, які выходзіць насустрач чалавеку са сваёй любоўю і ласкай. Перыяд Вялікага посту — гэта яскравы напамін пра гэтую праўду веры. Набажэнства Крыжовага шляху, Песні жальбы, разважанні пра Муку Пана і іншыя пакаянныя практыкі, характэрныя для гэтага літургічнага перыяду, кіруюць нашы думкі да таямніцы Крыжа як праявы бясконцай любові Бога да чалавека. Гэтай любові нам не трэба дабівацца, мы не можам заслужыць яе або «здабыць» — мы павінны проста паверыць у яе, павінны даверыцца ёй, адкрыць для яе нашы сэрцы і прыняць як незаслужаны дар.
У пачатку Вялікага посту я заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, як найлепш і як найглыбей перажыць дадзены літургічны перыяд. Няхай на гэтым 40-дзённым шляху да радасці велікоднага ранку не будзе недахопу ў малітве за сябе і за нашых бліжніх, няхай не дарэмна чакае нас у канфесіянале Міласэрны Айцец у сакрамэнце прымірэння, няхай не будзе занядбаны ўдзел у прыгожых і змястоўных велікапосных урачыстасцях, якія будуць прамаўляць да нашых сэрцаў, распальваючы іх яшчэ большай любоўю да пакутуючага Збаўцы. Давайце сёлетні Вялікі пост перажывем у духу хрысціянскага братэрства і любові, якая знаходзіць свой выраз у сапраўдным клопаце пра нашых бліжніх, пра іх фізічнае і духоўнае дабро, як просіць нас папа Бэнэдыкт XVI.
Я жадаю вам, дарагія дыяцэзіяне, каб Вялікі пост, які пачынаецца, прынёс нам як мага большы і прыгажэйшы духоўны плён. Няхай гэты 40-дзённы перыяд пакаяння і навяртання духоўна пераменіць кожнага з вас і ўсё наша грамадства.
Я даручаю ўсіх вас чулай апецы Маці Міласэрнасці і на плённае перажыванне Вялікага посту ад усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю.
Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі
Гродна, 18 лютага 2012 г. № 68/12
Шаноўных святароў прашу прачытаць Пастырскі ліст замест казання ў I Нядзелю Вялікага посту, 26 лютага 2012 г., ва усіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі.
|