Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на III Нядзелю Вялікага посту, Год С

Мінская архікатэдра, 7 сакавіка 2010 г.

Так, але як?

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Навяртайцеся, бо Валадарства Божае блізка. Гэтыя словы, якія мы спявалі перад чытаннем Евангелля, вельмі добра перадаюць сэнс літургічнага перыяду, які мы перажываем, а менавіта Вялікага посту, а таксама сэнс сённяшніх чытанняў.

Аднойчы адзін чалавек пазычыў у свайго знаёмага кнігу. Калі ён чытаў яе, то быў вельмі здзіўлены і зацікаўлены: на палях старонак часам сустракаліся тры літары — ТАЯ. Ён не мог зразумець іх значэння. Вяртаючы кнігу знаёмаму, чалавек спытаў яго пра таямнічы сэнс гэтых літар. Уладальнік кнігі адказаў, што менавіта такім чынам ён падкрэсліў тыя параграфы, з якімі згаджаўся, але не ведаў, як іх здзейсніць у сваім жыцці. Таму ён і пісаў літары ТАЯ, што азначае: так, але як?

2. Гэтымі трыма літарамі могуць быць пазначаны і старонкі нашай душы. Мы сапраўды згодныя з тым, што трэба духоўна ўдасканальвацца, але не заўсёды ведаем, як. Мы ведаем, што павінны шанаваць і ўмацоўваць сям’ю, любіць бліжняга, быць больш уражлівымі да бедных і патрабуючых, але як гэта ўсё здзейсніць?

З’яўляючыся хрысціянамі, мы добра ведаем, як павінны жыць, і большасць з нас мае гэтыя добрыя інтэнцыі. Але як? У той жа час нам добра вядома і тое, куды вядзе дарога, вымашчаная толькі жаданнем так жыць, толькі добрымі інтэнцыямі.

3. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам прыпавесць пра смакоўніцу, якая не пладаносіла. Гаспадар загадаў садоўніку зрубіць яе. Садоўнік жа папрасіў пакінуць смакоўніцу яшчэ на год, а калі і тады не будзе прыносіць пладоў, ссячы яе.

У гэтых словах праяўляецца знак Божай міласэрнасці. Бог заклікае нас навярнуцца і прынесці добры плод. Мы добра ведаем, як павінна выглядаць сапраўднае хрысціянскае жыццё. Але адначасова мы ведаем, як далёка мы знаходзімся ад ідэалу. Таму і ў нас паўстае пытанне: так, але як?

4. Гэта праблема, з якой сустракаецца чалавецтва на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Нават святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў піша: дабра, якога хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.

Гэта азначае, што, з аднаго боку, хрысціянін хацеў бы выконваць Божую волю, аднак з іншага боку ў ім ёсць нешта такое, што вядзе да канфлікту з яго жаданнямі, вядзе да граху. Ён жадае быць верным слугою Бога, аднак замест гэтага становіцца рабом зла. Такім чынам, ён знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Прыналежнасць да хрысціянства кажа яму жыць паводле хрысціянскіх нормаў. Аднак у той жа час ён любіць грэх.

У якой складанай сітуацыі знаходзіцца чалавек! Хто звольніць яго з грахоўнай няволі? Дзякаваць Богу, гэта ўжо было зроблена Езусам Хрыстом.

5. Пазнанне сваіх грахоў і жаль за іх — гэта першы этап на шляху да сапраўднага хрысціянскага жыцця. Ніхто з нас не без граху. Але як цяжка ў гэтым прызнацца.

Калі чалавек жадае зрабіць кар’еру, ён не выяўляе сваіх недахопаў, а распавядае толькі пра добрыя старонкі свайго жыцця. Такая філасофія свету. Напрыклад, у працэсе пошуку працы мы ніколі не скажам найміту, што маем звычку спазняцца, любім крытыкаваць начальства, распавядаць плёткі? Або калі хлопец ідзе на спатканне з дзяўчынай, то ці кажа, што ён вельмі складаны чалавек для супольнага жыцця — сварлівы, п’яніца, наркаман або мае іншыя недахопы? Не, ніколі.

6. Таму для сучаснага чалавека іранічным і незразумелым можа выглядаць заклік Хрыста да шкадавання за свае грахі. Замест таго, каб зразумець чалавечыя тэндэнцыі не выяўляць сваіх благіх рысаў, Езус заахвочвае прызнаць, што мы зграшылі, а ў нашай душы сядзіць д’ябал. Як навучае апостал Ян, калі мы кажам, што ў нас няма граху, то падманваем саміх сябе, і ў нас няма праўды.

Кім бы мы не былі, якое б становішча не займалі, яднае нас адно: тое, што ўсе мы грэшныя. Нездарма святы Аўгустын кажа, што незалежна ад таго, кім мы ёсць, мы ніколі не з’яўляемся тым, кім павінны быць.

Таму чалавек не дасканалы ў прынцыпе. Вядомы амерыканскі пісьменнік Марк Твэн з характэрным для яго гумарам кажа: так ёсць таму, што Бог стварыў чалавека на шосты дзень, калі ўжо быў зусім змучаны. Безумоўна, гэта толькі жарт, бо ўсё тое, што стварыў Бог, было добрым, — як мы ведаем са Святога Пісання. Мы таксама добра ведаем, што ўсе беды і недасканаласці распачаліся ад першароднага граху, які скалечыў чалавечую прыроду, учыніў яе падатлівай да граху. Вельмі добра на гэтую тэму выказаўся вязень ГУЛАГаў і аўтар вядомай кнігі «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандр Салжаніцын, які лічыў, што лінія падзелу паміж дабром і злом праходзіць не паміж класамі грамадства і палітычнымі партыямі, але праз чалавечыя сэрцы.

7. Таму Езус і заклікае да навяртання. Гэты заклік асабліва моцна гучыць у Вялікім посце, калі ў сакрамэнце пакаяння мы пакліканы зведаць ласку бязмежнай Божай міласэрнасці. Навяртанне неабходна для таго, каб адказаць на пытанне, якое паўстала перад намі на самым пачатку разважанняў: ведаю, што трэба быць лепшым і жыць іншым жыццём, але як? Навяртанне патрэбна, каб ізноў вярнуцца на шлях сапраўднага хрысціянскага жыцця. Навяртанне патрэбна, каб наша жыццё прыносіла плён.

Езус сказаў сваім вучням: не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў, каб вы ішлі і прыносілі плён і каб ваш плён трываў. Толькі на Божым плёне можна будаваць новае жыццё. Аб гэтым вельмі добра нагадвае сучасны эканамічны крызіс. Нагадвае і маральнае становішча сучаснага чалавека, які страціў разуменне граху і жадае жыць ідэяй абсалютнай свабоды. Нагадваюць і выклікі нашага часу, калі чалавек усё крытыкуе, а нічога творчага не прапануе, крытыкуе Касцёл і нават Бога, жыве, як быццам Яго няма, або нават ставіць сябе на Яго месца, не прызнае Яго аўтарытэту, і так бясконца.

Даследуючы сваё сумленне, трэба ўважліва паглядзець і вызначыць, якім дрэвам мы з’яўляемся: пладавітым ці не. Бог нас выбраў і паслаў, каб мы прыносілі плён. Бог не жадаў, каб смакоўніца давала бананы ці яблыкі, але толькі інжыр. Бог таксама не жадае, каб мы ўсе былі міністрамі, інжынерамі, урачамі, законнікамі. Ён хоча, каб мы былі сапраўднымі хрысціянамі, якія б не толькі ведалі, якімі яны павінны быць, але адначасова ведалі, як імі стаць. Амэн.

Адноўлена 09.03.2010 14:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі