Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас велікапоснага чування моладзі


V Нядзеля Вялікага посту, Год С
Мінская архікатэдра, 20 сакавіка 2010 г.

Галоўная справа

1. Пахвалёны Езус Хрыстус! Добры вечар усім вам, дарагая моладзь, якая сабралася на традыцыйную малітоўную сустрэчу ў Вялікім посце.

Як бачыце, сёння я прынёс з сабою пару спартыўнага абутку. З моладдзю заўсёды адчуваеш сябе маладзейшым. Моладзь звычайна многа займаецца спортам. Упэўнены, што і вы спартыўныя людзі, якія вядуць здаровы вобраз жыцця. Сёння модна прынамсі выглядаць спартыўна. Ці не так?

Упэўнены, што вы таксама хочаце быць першымі не толькі ў вучобе, але і ў спорце, калі займаецеся ім. А што вам кажа трэнер на старце, перад тым, як распачнеце бег? Не аглядайся па баках. Бяжы толькі наперад. Памятаю, калі яшчэ быў студэнтам Палітэхнічнага інстытута ў Ленінградзе, — гэта было ў 60-я гады мінулага стагоддзя — у інстытуцкай газеце быў змешчаны здымак студэнта, які пад дажджом здаваў крос. Пад фота быў надпіс: справа — вада, злева — вада, ззаду — сапернік, а наперадзе — траса, якую трэба прабегчы.

Як мы ўсе радаваліся, што ў гэтым годзе на зімовых Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры Беларусь упершыню ў гісторыі атрымала залаты алімпійскі медаль. І адначасова як жа засмуціліся, калі адзін з нашых спартсменаў, які мог заняць прызавое, а можа, нават і першае месца, быў дыскваліфікаваны, бо пайшоў не па той трасе. Чаму? Можа, няўважліва сачыў за трасай? Зірнуў у бок — і няма медаля.

2. Для таго, каб стаць чэмпіёнам, трэба шмат трэніравацца, адмаўляць сабе ў многіх рэчах, захоўваць дыету, мець моцную волю, добрыя спартыўныя прылады і многае іншае.

Святы апостал Павел часта параўноўвае жыццё чалавека да бегу на стадыёне з мэтай выйграць прыз. У духоўным сэнсе гэтым прызам з’яўляецца карона святога ці святой у Валадарстве Нябесным. Апостал Народаў нагадвае, што ў сваім жыцці мы павінны забыць пра мінулае і глядзець толькі наперад, імкнуцца да мэты нашага жыцця. Для гэтага мы маем спецыяльныя «прылады»: вера, споведзь, Эўхарыстыя, Біблія, малітва, добрыя ўчынкі і іншыя духоўныя даброты, атрыманыя ад Бога.

3. Дарагая моладзь, дазвольце мне сёння скіраваць вашу ўвагу на дзве парадыгмы, гэта значыць на два прынцыпы або дзве сістэмы паняццяў — старую і новую, якія прысутнічаюць у нашым жыцці.

Старая парадыгма — гэта тая, калі мы канцэнтруемся толькі на праблемах, не думаючы аб іх вырашэнні. Тады наступае працэс крытыцызму без крэатыўнасці.

Праблем у жыцці заўсёды было шмат, іх і сёння нямала, будуць яны і ў будучыні. Здаецца, нават, што яны ніколі не будуць вырашаны, як у той прыказцы: лес рубяць — трэскі ляцяць. Мала святароў і кансэкраваных асобаў. У нас ёсць семінарыі, але не дастаткова пакліканняў. Такая ж праблема і з манаскім жыццём. У нас мала касцёлаў, а калі маем дазвол на будаўніцтва, то няма за што будаваць.

З іншага ж боку, калі ёсць праблемы, значыць і арганізм жывы. Толькі ў памерлага няма жыццёвых праблем. Нездарма кажуць, што калі ва ўзросце 40 і больш гадоў прачнешся і нічога не баліць, то запытайся ў сябе, ці яшчэ жывы.

Новая парадыгма — гэта тая, калі ведаеш і ўсведамляеш тое, што з’яўляецца галоўным у жыцці. А галоўнай справай для Касцёла і кожнага хрысціяніна з’яўляецца духоўнае ўзрастанне. Без яго ўсе іншыя, нават найлепшыя і вельмі неабходныя намаганні, застануцца пустымі.

4. Нам патрэбна духоўнае ўзрастанне. Нам трэба імкнуцца да таго, што наперадзе, імкнуцца да высокага паклікання Божага ў Езусе Хрысце, — як падкрэслівае ў сённяшнім другім чытанні святы апостал Павел. У казанні на гары Езус кажа, што найперш трэба клапаціцца пра Валадарства Божае, а ўсё іншае будзе дададзена.

А гэта ўжо выклік, каб па-іншаму паглядзець на праблемы нашага жыцця і вырашаць іх. Таму падчас Вялікага посту кожны з нас перш за ўсё павінен запытацца ў сябе: што для мяне з’яўляецца галоўным у жыцці, і які стан маёй душы? Гэта вельмі важныя пытанні. На жаль, у наш час мы не часта або, нават, зусім не звяртаем на іх ўвагу.

Чалавецтва заклапочана праблемамі фінансавага крызісу. Мы кожны дзень гаворым пра нафтавыя даброты, як паспець больш танна купіць аўтамабіль, куды паехаць на адпачынак, хто стане чэмпіёнам па хакею. Больш за тое, у сучаснай поп-культуры мы робімся нявольнікамі рэчаў, моды, уяўленняў аб прэстыжы і стылі. Ва ўсёй гэтай мітусні «галоўныя справы» губляюцца. Замест таго, каб нашы словы і дзеянні падтрымлівалі ідэю «галоўнай справы», мы яе проста губляем. Нашы думкі і дзеянні заняты чымсьці іншым.

5. Таму ў жыцці кожнага хрысціяніна павінна ўзнікаць пытанне: што з’яўляецца яго «галоўнай справай»? Як ён павінен расставіць прыярытэты? Як можа іх дасягнуць?

Вельмі добра разумеў гэта святы апостал Павел, які казаў, што дзеля Хрыста ён усё страціў і лічыць смеццем, каб толькі набыць Хрыста і апынуцца ў Ім. Таму ён не думаў пра тое, што мінула, а імкнуўся да таго, што перад ім, што наперадзе — да Хрыста.

Мінулае — гэта не самае важнае і мы да яго не бяжым. Мы бяжым да таго, што перад намі. Нехта вельмі трапна сказаў, што святыя маюць мінулае, а грэшнікі — будучыню.

Святы апостал Павел у Першым пасланні да Карынцянаў пытаецца: ці ведаеце вы, што па стадыёне ўсе бягуць да адной мэты, але толькі адзін атрымае ўзнагароду? Дзеля гэтага яны ў многім сабе адмаўляюць і дысцыплінуюць сябе.

Гэтыя словы апостала язычнікаў — праграма для кожнага з нас, бо, у пэўным сэнсе, усе мы зацыклены на спажывальніцтве, пошуку прыемнасцяў і віртуальным жыцці неаязычнікаў. Для святога Паўла «галоўнай справай» быў Хрыстус.

6. А для цябе, дарагі брат і сястра, хто і што з’яўляецца «галоўнай справай»? Касцёл сёння задае гэтае пытанне табе, мне і кожнаму з прысутных. Гэта яшчэ адзін выклік нашага часу. Ад адказу на яго залежыць тое, ці станем мы алімпійскімі чэмпіёнамі ў гэтым духоўным змаганні. Калі мы не вызначым дакладна, што з’яўляецца «галоўнай справай» нашага жыцця, і калі не будзе духоўнай барацьбы дзеля яго дасягнення, то не дапамогуць нават самыя найлепшыя красоўкі, і Хрыстус не ўчыціць цуду ўваскрашэння з нашых грахоў.

У эпоху нарастаючай глабалізацыі, разам з яе пазітыўнымі і негатыўнымі бакамі ў эканоміцы, моцна развіваюцца працэсы сэкулярызацыі. Менавіта яны, як быццам нейкая атрута, пранікаюць у душу чалавека і змяняюць яго менталітэт. І найбольшай бядой з’яўляецца тое, што мы не заўсёды ведаем, як супрацьстаяць гэтай спакусе. А не ведаем таму, бо на самой справе не ведаем, што для нас з’яўляецца «галоўнай справай».

Адна з найбольшых праблем сучаснасці заключаецца ў тым, што чалавек вельмі лёгка згаджаецца з правіламі масавай культуры. Ён не імкнецца плыць супраць цячэння. Ісці па цячэнню значна лягчэй. Так прасцей жыць. У той жа час чалавек не задумваецца пра тое, што за ўсё гэта плаціць свабодай, дазваляе сабой маніпуляваць і, больш таго, гэтую маніпуляцыю ўспрымае як уласны і асэнсаваны выбар.

Мы добра ведаем, што чалавек сам і дабравольна выбірае сабе кірунак у спорце. Аднак, зрабіўшы выбар, ён павінен захоўваць «правілы гульні». Калі гэтага не будзе, ён атрымае жоўтую картку (папярэджанне), а потым — чырвоную і на зможа прадоўжыць спаборніцтва. Для яго «галоўнай справай» у спорце павінна быць імкненне да дасканаласці з захоўваннем правілаў гульні.

Мы выбралі хрысціянства і, імкнучыся да дасканаласці, павінны трымацца ягоных прынцыпаў як «галоўнай справы» нашага жыцця, інакш не дасягнём яго мэты.

7. Міласэрны Божа! Дзякуем табе за духоўныя «спартыўныя прылады» і стравы, якімі з’яўляюцца тваё вечна жывое і дзейснае Слова, Эўхарыстыя, сакрамэнт пакаяння, малітва, пост і міласціна, якія даюць нам магчымасць бегчы па жыццёвым стадыёне. Дзякуем Табе за тое, што праз свой Касцёл Ты даеш нам магчымасць пазнаць «галоўную справу» нашага жыцця. Дай нам ласку, каб, пазнаўшы яе, не страціць ў мітусні і нетрываласці сучанага свету, выйграць наш жыццёвы забег і стаць духоўнымі чэмпіёнамі. Амэн.

Адноўлена 22.03.2010 11:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі