Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Пальмовую нядзелю |
Мінская архікатэдра, 28 сакавіка 2010 г. Пальмовая нядзеля — заклік да духоўнай інверсіі 1. Сёння ўвесь хрысціянскі свет адзначае Пальмовую нядзелю. У тых краінах, дзе растуць пальмы, вернікі ў руках трымаюць пальмовыя веткі. Мы трымаем вербы — галінкі тых дрэваў, якія пры нашым клімаце першымі распускаюцца пасля зімы. Чаму? Што ўсё гэта азначае? Сённяшняе Евангелле, якое чытаецца перад асвячэннем вербаў і працэсіяй з імі, распавядае пра ўрачысты ўваход Езуса ў Ерузалем. Вялікі натоўп сустракае Яго і вітае з пальмамі ў руках. У антычным свеце пальма азначала знак перамогі. Элегантнасць, моц і прастата гэтага дрэва для ізраільцян была сімвалам асобы, у жыцці якой першае месца займае Божы закон. Для рымлянаў жа пальмавыя галінкі сімвалізавалі ваенную перамогу. 2. Таму прывітанне Езуса пальмавымі галінкамі падчас Яго ўваходу ў Ерузалем на самой справе сімвалізуе не што іншае, як Яго перамогу над грахом, асабліва першародным. З гісторыі збаўлення мы ведаем, што Бог стварыў Адама і Еву і адарыў іх шчаслівым жыццём у раі. Найвышэйшы дазволіў ім есці з усіх дрэваў акрамя аднаго — дрэва пазнання дабра і зла. Нашы першыя бацькі, аднак, не паслухалі Стварыцеля і супрацівіліся такому абмежаванню. Яны паверылі не Богу, а злому духу, які паабяцаў ім, што, калі з’ядуць плод гэтага дрэва, будуць як бог. Таму прычына першароднага граху — гэта непаслухмянасць волі Божай і паслухмянасць волі злога духа. Першародны грэх парушыў адносіны чалавека з Богам і дазволіў злому духу мець пэўную моц над людзьмі. І толькі Езус Хрыстус у паслухмянасці волі Божай, сваёю Мукай, крыжовай смерцю і ўваскрасеннем перамяніў гэты парадак і вярнуў яго арыгінальны, першапачатковы стан. Сваёю паслухмянасцю Езус устанавіў у свеце, які знаходзіцца пад уплывам злога духа, духоўны бастыён. Таму для нас смерць і ўваскрасенне Хрыста — гэта перамога, а для злога духа — паражэнне. 3. Чым адрозніваецца Вялікі тыдзень, які мы распачынаем сёння, ад іншых? Вялікі тыдзень распачынаецца ўспамінам урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем пад воклічы людзей: «Гасанна Сыну Давіда!». Аднак ужо праз некалькі дзён тыя ж самыя людзі будуць крычаць: «На крыж Яго!». У чым жа справа? Чаму яны так хутка перамяніліся? У чым прычына такой інверсіі? Адказ просты: Езус не быў тым Валадаром, якога яны хацелі мець. Яны хацелі «гарызантальнага», калі так можна выказацца, Валадара, які клапаціўся б не пра іх духоўныя справы, але пра матэрыяльныя і палітычныя. У святле праўды аб нашым збаўленні інверсія не з’яўляецца навіной для хрысціянства. Праз непаслухмянасць нашых першых бацькоў у раі плод забароненага дрэва прывёў да смерці. Напрыканцы Вялікага тыдня мы бачым кардынальна іншую гісторыю. Езус знаходзіцца не ў раі, а ў гефсіманскім садзе, дзе перажывае духоўную барацьбу перад крыжовымі цярпеннямі. Паслухмянасць волі нябеснаму Айцу прывяла Яго на дрэва смерці, якім з’яўляецца крыж, аднак плод гэтага дрэва становіцца плодам вечнага жыцця. 4. Як часта мы не жадаем прыняць абмежаванні ў нашым жыцці і думаем толькі пра зямныя справы. Мы праслаўляем Бога, калі ўсё ідзе паводле нашай думкі, і адмаўляемся ад Яго, калі не выконваецца наша воля. Мы жадаем свабоды ў сваім жыцці і хочам быць кавалямі свайго шчасця. Іншымі словамі, калі мы хочам падпарадкаваць сабе гэты свет і валадарыць у ім, то праз гэта мы хочам быць падобнымі да бога. У той жа час мы бачым, што нішто і ніхто на свеце, акрамя Бога, не можа задаволіць нас да канца, бо нашае жыццё ў гэтым свеце — гэта даліна слёз. Таму, уваходзячы ў Вялікі тыдзень, нам трэба здейсніць духоўную інверсію. Паслухмянасць злому духу — гэта наш крык: «На крыж Яго!». Яе трэба замяніць на паслухмянасць Божай волі, каб праслаўляць Хрыста як Уладара сусвету. Амэн. |
Адноўлена 29.03.2010 13:34 |