Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце пілігрымкі Мінск–Будслаў


27 чэрверя 2010 г., святая Імша на радыё з мінскай архікатэдры

Рашучасць у выкананні хрысціянскіх абавязкаў і Божая ласка — шлях да Божага Валадарства

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, радыёслухачы і пілігрымы!

1. Гэтай святой Імшой распачынаецца сёлетняя пілігрымка ў беларускі Нацыянальны санктуарый у Будславе. Чарговы раз мы накіроўваем нашы крокі да нашай апякункі — Маці Божай Будслаўскай. Дэвіз сёлетняй урачыстасці ў Будславе «Марыя — выбраная дачка Бога Айца». Гэта адзін з трох год падрыхтоўкі да святкавання 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза ў Будславе, якое адбудзецца ў 2012 г.

Марыя атрымала вялікую ласку ад Бога. Яна была выбрана стаць маці Збаўцы. Моцаю сакрамэнту хросту кожны з нас таксама з’яўляецца выбраным сынам ці дачкою Бога. Марыя захавала годнасць выбранай дачкі Бога і не запляміла сваёй душы ніводным грахом, хоць і ў тыя часы было нямала спакусаў і небяспечных выклікаў.

Таму, распачынаючы пілігрымку ў Будслаў, у святле сённяшняга Евангелля нам трэба запытацца ў сябе: а якімі мы на самой справе з’яўляемся? Ці стараемся захоўваць у сабе годнасць адкупленых дзяцей Божых? Ці Бог з’яўляецца для нас найвышэйшай каштоўнасцю? Ці сапраўды мы імкнёмся да Валадарства Божага?

2. Сённяшняе Евангелле вельмі добра адпавядае настрою распачацця пілігрымкі. Езус вырашае ісці ў Ерузалем. Для Яго гэтае падарожжа звязана з канфліктамі, супрацьстаяннем і нават смерцю.

Езус вырашыў пайсці ў Ерузалем. Напэўна, кожны з нас бачыў людзей, якія пастанавілі нешта зрабіць. Якая рашучасць у іх вачах! Які тон голасу! Нават асанка! Евангелле заклікае нас як паслядоўнікаў Хрыста зрабіць рашучую пастанову ў сваім жыцці, якое з’яўляецца пілігрымкай да жыцця вечнага.

У кожным падарожжы мы павінны рабіць нейкія выбары і прымаць на сябе зыходзячыя з гэтага абавязкі. Таксама на шляху нашага жыццёвага падарожжа павінен быць выбар і адпаведна — абавязкі. Паводле Евангелля, хрысціянства нясе людзям шчасце. Мы выбіралі хрысціянства, аднак у той жа час у сваім жыцці мы часта выбіраем зло замест дабра.

3. Езус сёння звяртаецца да нас словамі: Ідзі за Мной. А што мы на гэта? Ці часам мы не падобны да евангельскіх персанажаў? На кожную Божую прапанову знаходзім адгаворку, якая крыецца ў тым, што зямныя і часовыя справы мы ставім вышэй за Божыя. На самой справе Езус не забараняе пахаваць бацьку і развітацца з блізкімі. Словам, хто кладзе руку на плуг і аглядаецца назад, той не годны Валадарства Божага. Езус нагадве пра тое, што ў сваім жыцці мы найперш павінны шукаць тое, што ў вышынях, гэта значыць Божае, а не злое.

Таму і мы павінны памятаць, што ў нашай жыццёвай пілігрымцы да дому Нябеснага Айца мы павінны быць сканцэнтраваны на чыненні дабра і жыцці паводле Евангелля. Гэта падобна на тое, калі трэба зрабіць роўную баразну. У наш час усё менш і менш выкарыстоўваюць для арання коней. Для гэтага ёсць трактары. Але той, хто выкарыстоўвае каня, добра ведае, як цяжка зрабіць роўную баразну. Тут патрэбна абсалютная канцэнтрацыя. Аглядаючыся назад, мы перастаём быць сканцэнтраванымі і замест прамой баразны выходзіць няроўная і часта мала або зусім не прыгодная, у залежнасці ад таго, што мы хочам там пасадзіць. Пры гэтым трэба заўважыць, што і першая, і апошняя барозны павінны быць роўнымі.

Няўважлівасць зніжае якасць працы і можа нават размінуцца з мэтай. Несканцэнтраваны галкіпер сборнай Англіі прапусціў вельмі лёгкі мяч ад зборнай Амерыкі і каманда-фаварыт Чэмпіянату свету па футболе, што праходзіў у адной з рэспублік Паўднёвай Афрыкі, не дабрала двух ачкоў. Замест трох ачкоў яна атрымала одно з-за таго, што была нічыя.

Падобна і з Валадарствам Божым. Яно патрабуе ўвагі і сканцэнтравання. Паводле навучання Езуса Хрыста, калі мы жадаем дасягнуць Валадарства Божага, то павінны сур’ёзна адносіцца да выканання нашых хрысціянскіх абавязкаў. У сваім жыцці мы павінны ісці прама, а не віляць з боку ў бок. Нам таксама нельга аглядацца назад. Памятаю, у семінарыі духоўны айцец часта казаў: калі вы прадалі каня, то нашто вам сядло. Выбралі святарства і нельга яго дапаўняць іншым справамі. Трэба памятаць, што калі мы распачынаем нейкую справу і пры гэтым не бяром на сябе адпаведных абавязкаў, то мы можам мець праблемы.

4. У сённяшнім Евангеллі Езус нагадвае нам пра рашучасць у выкананні сваіх пастановаў. Езус вырашыў ісці ў Ерузалем, хоць добра ведаў, што Яго там чакае, а менавіта — смерць. Падобна Езусу, мы, выбіраючы хрысціянства, павінны зрабіць пастанову жыць паводле Яго патрабаванняў і такім чынам імкнуцца да Валадарства Божага. Падобна таму, як бягун не перастае бегчы нават збіўшы бар’ер — бо перамога яшчэ магчыма — так і мы павінны ўставаць і ісці далей, і толькі наперад.

Акрамя рашучасці ў пастановах нам трэба паглядзець на сённяшняе Евангелле з перспектывы Божай ласкі. Калі Езус ставіць такія цяжкія патрабаванні, каб дасягнуць Валадарства Божае, то сапраўды можа ўзнікнуць пытанне: хто ж можа іх выканаць і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства? Напэўна, сучаснаму маладому чалавеку цяжка адмовіцца ад камфортнага жыцця, каб на першым месцы была ідэя Божага Валадарства. Напэўна, многія з нас сцвердзяць, што яно не на першым, а нават вельмі часта на апошнім месцы ў нашым жыцці.

Усе мы ведаем, што нялёгка маліцца. Добрая малітва — гэта вялікая ласка. Нездарма Апосталы прасілі Езуса, каб навучыў іх маліцца. Адна гісторыя апавядае пра духоўнага настаўніка, які ў размове са сваім вучнем наракаў на цяжкасці ў малітве, і паабяцаў таму даць каня, калі з засяроджанасцю прачытае малітву «Ойча наш...». І вось вучань, паволі і вельмі пабожна прамаўляючы малітву, раптам спыняецца напалове і нечакана пытаецца: «А конь будзе з сядлом ці не?».

5. Калі сапраўды так цяжка дасягнуць Божага Валадарства, то, напэўна, многія падумаюць: я хацеў бы, але гэта не для мяне. Не расчароўвайцеся, дарагія брат і сястра! Езус казаў: нічога не зможаце ўчыніць без Мяне. Гэта азначае, што акрамя імкнення да выканання сваіх абавязкаў, нам патрэбна яшчэ і Божая ласка. А Божая ласка — гэта не тое, што мы заслужылі, але Божы дар, атрыманы бясплатна, гэта Божая дапамога.

У гэтым крыецца Добрая Навіна пра Божую ласку. І нават калі нам здаецца, што мы не заслугоўваем Божага Валадарства, але імкнёмся да яго па добрай волі, Бог учыніць нас годнымі яго. Трэба толькі даверыцца Богу, бязмежнаму ў сваёй міласэрнасці.

Даверым, дарагія браты і сёстры, праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай усе цяжкасці распачынаючайся пілігрымкі Богу, каб Ён прывёў нас да сябе, і каб мы дазволілі Яму весці нас па жыццёвым шляху ў годнасці дзяцей Божых да яго Валадарства. Амэн.

Адноўлена 28.06.2010 13:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі