Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Будславе падчас святой Імшы апоўначы


1 ліпеня 2010 г.
(чытанні з урачыстасці Звеставання Пана)

Марыя — выбраная дачка Бога Айца — шлях да Езуса

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе, хто ўшаноўвае Будслаўскую Пані!
Як штогод мы збіраемся на традыцыйную будслаўскую ўрачыстасць, каб у цудоўным абразе Божай Маці Будслаўскай ушанаваць Марыю і праз яе ісці да Езуса.

Сёлетнімі адпустовымі набажэнствамі мы распачынаем трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза ў Будславе. Кожны з гэтых трох год пройдзе пад сваім дэвізам: «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага» (2010 г.), «Марыя — святыня Духа Святога» (2011 г.), «Марыя — Маці Збаўцы» (2012 г.). Гэтыя тры тэмы — не што іншае, як тытулы Марыі, якія акрэсліваюць яе сувязь з Асобамі Найсвяцейшай Тройцы.

Евангелле, якое мы толькі што пачулі, прадстаўляе сцэну Звеставання. Калі настала поўня часу, пасланец Божы арханёл Габрыэль абвясціў Марыі Божую волю: яна, адзіная з усіх жанчын свету, была абрана Богам, каб стаць маці Збаўцы. Пачутае вельмі моцна збянтэжыла Марыю.

Найперш, ёй было цяжка ўявіць, што перад чалавекам можа з’явіцца анёл Божы. Калі б камусьці з нас сёння аб’явіўся анёл, ці не былі б і мы моцна збянтэжаны? Ці не баяліся б? Напэўна, так.

Марыя таксама не магла зразумець, якім чынам яна можа стаць маці. Яна не была замужам, а ў прававерных габрэяў маральныя нормы ў тыя часы захоўваліся значна лепш, чым у наш час, які характарызуецца маральнай разбэшчанасцю. Аднак пасля таго, як арханёл Габрыэль растлумачыў, што яна зачне ад Духа Святога, Марыя згаджаецца і прамаўляе словы, вядомыя ва ўсім свеце: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова». Праз гэта Марыя выказала згоду з воляй Божай. Тады яна адкрылася на прыняцце ў сваім улонні Сына Божага, што сталася праз дзеянне Духа Святога. Гэты момант стаў ключавым у гісторыі збаўлення. Згода з воляй Божай таксама з’яўляецца ключом да вырашэння жыццёвых праблем чалавецтва.

2. У сваім прывітанні арханёл Габрыэль назваў Марыю поўнаю ласкі. Словы «поўная ласкі» з’яўляюцца яе іменем. Яны нагадваюць пра выключнасць Марыі як той, якая не мела граху, а таксама пра яе місію ў збаўленчым плане Бога Айца.

Напэўна, у многіх з нас можа з’явіцца думка, што Марыя, з’яўляючыся поўнай ласкі, адначасова можа раздаваць яе іншым. Аднак сапраўднае разуменне слоў арханёла ў тым, што на самой справе Марыя з’яўляецца той, якая прыняла ласку Божую. Моцаю будучых заслуг яе Сына Езуса Хрыста Марыя была захавана ад першароднага граху і не запляміла сваёй душы іншым грахом. Бог захаваў яе ад першароднага граху, каб мець належнае ўлонне для свайго Сына. Грэх і святасць не сумяшчальныя. Марыя называецца Маці Божай ласкі таму, што яна нарадзіла свету Езуса Хрыста, які адорвае чалавецтва сваімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення.

Табернакулі ў нашых касцёлах маюць прыгожыя аздабленні, яны нават могуць быць пазалочанымі, бо гэта памяшканне Эўхарыстычнага Езуса. Падобна было і ў выпадку з Марыяй, якая стала першым табернакулем. Арханёл Габрыэль прывітаў яе словамі: «Вітай,.. поўная ласкі, Пан з табою». Гэта азначае, што Марыя, падобна вялікім постацям Старога Запавету, была абрана Богам служыць Яму і Яго сілай была ўзмоцнена. Тытул «Выбраная дачка Бога Айца» нагадвае пра вялікую любоў Стварыцеля да Марыі і пра тое, што яна была выбрана Найвышэйшым за маці Сына Яго. Таму Марыя і называецца выбранай дачкой Бога Айца.

Якім чынам Марыя была выбрана служыць Богу? Чаму ёй быў дадзены такі прывілей? Напэўна, усе ізраільскія жанчыны хацелі б пачуць словы арханёла: «І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца» (пар. Лк 1, 31–33). Многія стагоддзі кожны ізраільцянін маліўся і чакаў з надзеяй нараджэння Месіі. Захарыя атрымаў радасную вестку, што Месія нарэшце прыходзіць, а сын яго, Ян Хрысціцель, пойдзе перад Ім. Цяпер арханёл Габрыэль абвяшчае Марыі, што менавіта яна атрымала ласку стаць маці Збаўцы.

Стары Запавет прадстаўляе Месію трыма спосабамі. Найперш, гэта чалавек цярпенняў, які збавіць свой народ ад грахоў ягоных (пар. Іс 53). Далей, гэта Эмануэль — Бог з намі, Сын Божы і Найвышэйшы Бог (пар. Іс 7, 14; 9, 7). І наканец, гэта кароль, які сядзе на троне Давіда і будзе панаваць вечна (пар. 2 Сам 7. 14).
У сваім пасланні да Марыі арханёл Габрыэль закранае ўсе тры характарыстыкі Месіі. Пра будучага Збаўцу арханёл кажа, што Марыя назаве яго Езус. Як вядома, «Езус» азначае Збаўца.

Затым арханёл Габрыэль кажа, што сын Марыі будзе вялікім і будзе названы Сынам Найвышэйшага. Менавіта сыноўства Найвышэйшага Бога чыніць яго вялікім.

Затым арханёл Габрыэль нагадвае, што Бог дасць Езусу трон Яго айца Давіда і будзе Ён валадарыць вечна. Слова «трон» азначае месца найвышэйшага панавання і найвышэйшай моцы.

3. Евангелле пра Звеставанне, нагадваючы пра Марыю як выбраную дачку Бога Айца і аб прышэсці Збаўцы Езуса Хрыста, у той жа час ставіць перад намі фундаментальнае пытанне: ці сапраўды для мяне Езус з’яўляецца Збаўцам, ці прызнаю я ў ім Бога, ці паддаяюся Яго панаванню? Гэтае пытанне было важным ва ўсе часы і такім з’яўляецца цяпер.

У Рымскай Імперыі ўсе ведалі, што Цэзар называў сябе «збаўцам свету». Ён, прыпісваючы сабе боскасць, абвяшчаў сябе сынам багоў. Акрамя гэтага ён называў сябе «Аўгусцейшым» ці «Узвышаным». Ён патрабаваў, каб усе называлі яго каралём і правіцелем. Арханёл Габрыэль назваў сына Марыі Збаўцам, Сынам Божым і Каралём. Такім чынам, 2000 гадоў таму чалавек павінен быў выбіраць, хто для яго з’яўляецца збаўцам, сынам божым і каралём — Цэзар ці Езус?

Сітуацыя паўтараецца і сёння. Мы таксама пакліканы зрабіць выбар паміж Езусам і сучасным Цэзарам. Давайце запытаемся ў саміх сябе: хто з’яўляецца нашым збаўцам, нашым богам, нашым каралём? Альбо яшчэ больш прама: каму мы служым? Да якога валадарства мы належым? Ці вызнаём мы падчас нядзельнай святой Імшы, што Езус ёсць нашым Збаўцам, Богам і Каралём?

4. Кожны з нас, падобна таму, як кожны чалавек на зямлі, камусьці або чамусьці служыць. Ёсць людзі, якія жывуць дзеля прыемнасцяў. Таму яны больш за ўсё стараюцца задаволіць гэтае прагненне. Прыярытэтамі іх жыцця з’яўляюцца прыемнасці і загана хцівасці. Кожную жыццёвую сітуацыю яны разглядаюць з думкай: якую прыемнасць я магу з яе мець? З часам, калі адна прыемнасць надакучвае, яны пачынаюць шукаць больш захапляючага вопыту.

Некаторыя людзі жывуць толькі для багацця, яны клапоцяцца толькі аб адным: мець як мага больш матэрыяльных каштоўнасцяў і грошай. Такія людзі здольныя ўчыніць усё, каб толькі мець больш хаця б на яшчэ адзін долар або еўра. Яны здольны ахвяраваць здароўе, сям’ю, сяброўства, нават Касцёл, каб толькі быць больш багатымі.

Ёсць народная прыказка, што апетыт прыходзіць падчас ежы. Чым больш чалавек мае, тым больш яму хочацца мець. Сучасны чалавек зарабляе грошы, каб траціць іх. Яго вызнаннем «веры» з’яўляюцца словы: «зарабляй і купляй». Ідэяй іх жыцця з’яўляецца неабмежаванае спажывальніцтва. Ім патрэбны тэхнічныя навінкі і найноўшыя прылады, адны капрызы змяняюцца іншымі. Ім падабаецца, каб людзі гаварылі аб іх і зайздросцілі ім. Яны імкнуцца купляць адзенне ў самых дарагіх магазінах і мець найбольш сучасны аўтамабіль. Трэба памятаць, што Касцёл не супраць таго, каб чалавек добра жыў, але імкненне да матэрыяльных каштоўнасцяў не павінны стаць мэтай яго жыцця.

Мэтай жыцця некаторых з’яўляецца мастацтва, тэатр, музыка, канцэрты, мастацкая літаратура. Іх дамы ператвараюцца ў вытанчаныя антыкварыяты з бясцэннымі карцінамі на сценах. Яны думаюць толькі аб тым, як выдаць некалькі мільёнаў долараў на старадаўні шэдэўр. Касцёл заўсёды развіваў і развівае культуру і мастацтва. Прыгажосць збавіць свет, — казаў Фёдар Дастаеўскі. Аднак гэта павінна быць найперш духоўная прыгажосць. Культура і мастацтва павінны служыць духоўнаму ўзбагачэнню чалавека, а не толькі таму, каб паказаць іншым, які я багаты і якія каштоўнасці ў мяне ёсць.

Дзякуй Богу, у такой мітусні сучаснасці ёсць, аднак, людзі, якія бачаць мэту свайго жыцця ў сям’і, сужэнстве і дзецях. Яны імкнуцца да шчаслівых, грунтоўных, поўных гармоніі адносін. І сапраўды, сям’я з’яўляецца асноўнай клеткай кожнай супольнасці. Калі мы хочам быць шчаслівымі, трэба берагчы сям’ю.

Нарэшце, ёсць і такія, якія адгукаюцца на голас Пана, які іх кліча. Яны прысвячаюць сваё жыццё служэнню Богу і людзям у якасці святара ці кансэкраванай асобы. Збаўленне, здабытае Хрыстом на дрэве крыжа, ажыццяўляецца праз святара, які дзейнічае моцаю самога Езуса Хрыста. Кансэкраваныя асобы, жывучы Евангельскімі парадамі ўбогасці, чыстасці і паслухмянасці, з’яўляюцца асаблівымі сведкамі Евангелля і евангельскай  рошчынай у свеце. Таму трэба дзякаваць Богу за дар святарства і манаства і маліцца аб новых і святых пакліканнях.

У сувязі з гэтым трэба памятаць аб тым, што сямейныя і духоўныя каштоўнасці на самой справе з’яўляюцца нязмерна большым скарбам, чым прыемнасці, багацце ці спажывальніцтва.

5. Падчас сёлетняга адпусту Маці Божай Будслаўскай, услухоўваючыся ў дыялог паміж арханёлам Габрыэлем і Марыяй, нам трэба спытаць сябе: хто на самой справе з’яўляецца нашым збаўцам, богам і каралём? Або яшчэ дакладней: каму мы служым? Да якога валадарства належым? Мы павінны спытаць сябе: ці сапраўды прызнаём Езуса нашым Збаўцам, Богам і Каралём? А можа, імі з’яўляюцца прыемнасці і неабмежаванае імкненне да багацця? Можа, мы ўсё гэта абагаўляем? Можа, гэта становіцца нашым сучасным Цэзарам, якому мы служым і заложнікамі якога становімся? Старадаўняя лацінская прыказка кажа: «Ad Jesum per Mariam» — «Да Езуса праз Марыю».

Усведамляючы цяжкасці выклікаў сучаснасці, з надзеяй звяртаемся да цябе, Марыя, наша Будслаўская Валадарка. Скіруй свой позірк на духоўных дзяцей сваіх і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб дэхрысціянізаваны свет прызнаў Езуса адзіным сваім Збаўцам, Богам і Каралём, і паводле Ягонага навучання выбіраў жыццёвыя каштоўнасці. Гэта адзіная магчымасць стаць духоўна падобнымі да цябе, каб, згаджаючыся з воляй Божай, ісці шляхам, які прывядзе да жыцця вечнага. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі