Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Будславе падчас святой Імшы ўдзень


2 ліпеня 2010 г.
(Чытанні з урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Адам, дзе ты? Гэтымі словамі Бог звярнуўся да першага чалавека пасля таго, як ён зграшыў. У сённяшнім першым чытанні, якое ўзята з кнігі Быцця, распавядаецца, як Бог ішоў па раі і, не бачачы Адама, клікаў яго. Бог як любячы айцец шукаў свайго сына. Сын жа зграшыў і, убачыўшы Бога, схаваўся, бо адчуў сорам ад таго, што быў голы.

2. Гэты біблейскі аповед вядзе да вельмі важных і актуальных высноваў. Найперш, Адам да граху не заўважаў таго, што ён голы. Аднак, учыніўшы грэх, адразу заўважыў гэта і засароміўся.

Затым паміж Богам і Адамам распачынаецца дыялог. Бог пытаецца ў Адама: хто ж сказаў табе, што ты голы? Можа, ты еў плод з дрэва забароненага? Што адказвае на гэта Адам? Ён, як і кожны з нас, не хоча прызнаць сваю віну. Усе навокал вінаватыя, толькі не я. Таму Адам усю віну звальвае на сваю жонку Еву, абвінавачваючы яе ў тым, што менавіта яна дала яму плод забароненага дрэва. Ева дала, а ён еў, як быццам не ведаў, што нельга. На самой справе Адам добра ведаў, аднак не супрацьстаяў спакусе. І сталася тое, што сталася: нашы першыя бацькі зграшылі і іх грэх як грэх першародны перайшоў на ўсе пакаленні. Толькі Марыя, згодна з будучымі заслугамі яе Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста, была захавана ад першароднага граху.

3. Сёння падчас будслаўскіх урачыстасцяў мы скіроўваем свой позірк на Марыю, якая праз усё сваё жыццё захавала паўнату ласкі. Яна, у адрозненні ад Евы, не адмовілася ад Божай волі і прыняла яе. Гэта найбольш бачна падчас сцэны Звеставання. Марыя прымае волю Божую, абвешчаную арханёлам Габрыэлем, бо добра ведае, што Бог калі хоча чагосьці, то толькі дабра.

Згода Марыі з воляй Божай прасочваецца падчас усяго яе жыцця, у якім было шмат цяжкіх сітуацый. Паглядзім уважліва. Марыя засталася вернай свайму пакліканню, калі трэба было шукаць месца ў Бэтлееме, каб нарадзіць Збаўцу свету. Засталася вернай, калі трэба было ўцякаць у Егіпет. Засталася вернай, калі бачыла свайго маленькага сына, гуляючым з дзецьмі. Пры гэтым яна добра  ведала, што Езус — Сын Божы. Засталася вернай, калі Хрыста не прымалі і пагарджалі Ім. Засталася вернай, калі яе Сын быў асуджаны на смерць і павінен быў несці крыж грахоў усяго свету, маіх і тваіх, дарагі брат і сястра, грахоў. Засталася вернай пад крыжам, калі паміраючы Езус даў яе нам як нашу духоўную Маці. Засталася вернай пры нараджэнні Касцёла, калі была разам з Апосталамі ў Вячэрніку падчас спаслання Духа Святога. Яна застаецца вернай ва ўсе часы, апякуючыся кожным чалавекам, бо, як кажа св. Бернард, ніколі не здаралася, каб не выслухала просьбу таго, хто просіць яе дапамогі.

Такім чынам, Марыя паўстае перад намі як Новая Ева, выбраная дачка Бога Айца, заўсёды паслухмяная волі Божай і верная свайму пакліканню, а таксама як прыклад для наследавання ў час адыходу ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, лібералізму і імкнення да абсалютнай свабоды.

4. У такіх абставінах Бог падобна таму, як гэта было на пачатку гісторыі чалавецтва, пытаецца ў кожнага з нас: чалавек, дзе ты? Што ты робіш? Чаму ўцякаеш ад мяне? Можа, ты таксама голы? Не, не фізічна голы, але духоўна, хоць у наш секулярны час і існуе мода публічна адкрываць сваё цела, вельмі часта для таго, каб выглядаць сексуальна. Пытанне стаіць так: ці апрануты мы ў адзенне Божай ласкі? А можа, мы аддаём перавагу грахоўнаму адзенню. Трэба падкрэсліць, што Адам адчуў сорам, калі ўбачыў, што ён голы, а сёння чалавек не сароміцца, наадварот, стараецца падкрэсліць сваю галізну.

Мы створаны на вобраз і падабенства Божае. Гэты вобраз і падабенства чыніць у нас Божая ласка. А якімі мы з’яўляемся сапраўды? Які мы маем вобраз? На каго мы падобны? Мы называем сябе хрысціянамі і імі з’яўляемся. Але якімі? Сапраўднымі, якія жывуць паводле Божага права і навучання Касцёла, ці толькі тымі, якіх з Касцёлам яднае толькі пасведчанне хросту і традыцыя на Божае Нараджэнне паставіць елку і купіць дзецям падарункі, а на Вялікдзень асвяціць яйкі?

Гэта фундаментальнае пытанне, на якое мы павінны даць адказ. Калі мы не хочам адказаць на яго, то мы не з’яўляемся ні гарачымі, ні халоднымі, як гэтага жадае Хрыстус, але летнімі. А такіх Езус не любіць.
Выклікі сучаснасці перш за ўсё звязаны з тым, што чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бога няма.

Сучасны чалавек усё часцей жыве духам гэтага свету замест таго, каб жыць духам Божым. Усё гэта вядзе да новых праблем, якіх сёння шмат. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб заўважыць іх простым вокам.
Сям’я перажывае крызіс. Разводы і аборты сталі нормай жыцця. У некаторых краінах узаконена эўтаназія і гомасексуальныя саюзы. Моладзь гіне ў балоце алкагалізму, наркаманіі, амаральнага жыцця. Аднарукія злодзеі, якімі з’яўляюцца ігральныя аўтаматы, даводзяць чалавека да цяжкай залежнасці і беднасці.

Выкарыстанне дасягненняў навукі без уліку этычных нормаў вядзе да ўзнікнення новых праблем. Так, напрыклад, генетыка, якая развіваецца з надзвычайнай хуткасцю, можа дапамагаць у лячэнні цяжкіх хваробаў. У той жа час нягоднае, з маральнага пункту гледжання, яе выкарыстанне можа стаць новым выклікам для чалавека. Так, у апошнія часы распаўсюджваецца (асабліва ў шоў-бізнесе) практыка прымянення амаладжальных прэпаратаў, для вытворчасці якіх прымяняюцца ствалавыя клеткі, найлепш з эмбрыёнаў. Эмбрыён жа — гэта ўжо чалавек. Значыць, коштам жыцця ненароджанага і безабароннага дзіцяці нехта хоча быць маладзейшым і прыгажэйшым. Зусім нядаўна было аб’яўлена аб першым у Беларусі дзіцяці, якое нарадзілася з прабіркі ў выніку штучнага апладнення. Гэта амаральнае дзеянне, бо аддзяляе нараджэнне ад акту, у якім сужэнцы ўзаемна аддаюць сябе адно аднаму паводле Божага плану. Штучнае апладненне таксама ўстанаўлівае перавагу тэхнікі ў паходжанні і лёсе чалавечай асобы. Амаральнае выкарыстанне метадаў кланавання можа прывесці да прамысловай вытворчасці чалавека, падобна выпуску аўтамабіляў ці трактароў. Кім тады стане чалавек і якой будзе яго годнасць? Выкарыстанне сучасных сродкаў масавай камунікацыі без захавання этычных нормаў вядзе да прапаганды амаральнасці. Імкненне любым коштам да абагачэння становіцца прычынай многіх злачынстваў і карупцыі.

Сучасны свет імкнецца абмежаваць рэлігію да прыватнай сферы жыцця чалавека. Усё часцей у публічных месцах забараняюцца рэлігійныя сімвалы. Так Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў крыжы ў публічных школах Італіі. Англійская авіякампанія British Airways забараніла сцюардэсам публічна насіць нацельныя крыжыкі. На праходзячым у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы чэмпіянаце свету па футболе нападаючаму сборнай Англіі таксама забаранілі выходзіць на футбольнае поле з крыжыкам. Амулет насіць можна, а крыжык — не?! Нярэдка можна пачуць наступнае меркаванне: я веруючы і годна паводжу сябе ў касцёле, але на працы чыню так, як гэтага патрабуе сітуацыя ці маё становішча. Прынцыпы паліткарэктнасці, на жаль, уваходзяць у рэлігійнае жыццё.

Нездарма Хрыстус крытыкаваў фарысеяў, якія абвяшчалі адно, а чынілі зусім іншае. Нездарма таксама св. апостал Павел перасцерагаў ад уплыву свецкага духу і заклікаў жыць паводле Хрыстовага. Таму сучасны свет патрабуе прыкладаў евангельскага радыкалізму. Хрыстус заклікае жыць паводле правіла: «так — так», або «не — не»! Гэта азначае: «так» Божаму праву і «не» ўплывам злога.

5. Касцёл паказвае Марыю як выбраную дачку Бога Айца. Моцаю хросту і дзякуючы ласцы збаўлення мы таксама сталіся выбранымі сынамі і дочкамі Бога, святынямі Духа Святога. Ці хочам мы такімі быць? Усё залежыць ад нас саміх. Напэўна, нялёгка вытрываць у добрым, асабліва ў атмасферы спакусаў сучаснага свету, калі ўжо не толькі злы дух, але самі людзі спакушаюць самі сябе. Жыццё без захавання маральных нормаў лічыцца нармальным, цнатлівае ж — высмейваецца.

Сапраўднай бядой сучаснага свету ў справе маральнасці з’яўляецца тэндэнцыя жыць паводле прынцыпа: так жывуць усе. У маім асяроддзі ніхто не захоўвае маральных нормаў, значыць і я магу іх не захоўваць. Так лягчэй жыць. Не трэба самому думаць, не трэба змагацца.

Кожны ведае, што найпрасцей і найлягчэй плыць па цячэнні, а не супраць яго. Аднак, з іншага боку, вядома, што спартсмен, які не робіць намаганняў і не ўдасканальваецца, ніколі не дасягне добрых вынікаў і не стане алімпійскім чэмпіёнам. Студэнт, які не засяродзіцца над кнігай і не будзе вучыцца, не здасць экзаменаў. Падобна і чалавек, які не прытрымліваецца маральных патрабаванняў, лёгка паддаецца спакусам і выклікам свету, і становіцца на шлях амаральнага жыцця. Нездарма лацінская прыказка кажа: «Quis non progredit — regredit», што азначае «Хто не імкнецца наперад, той ідзе назад». Мы добра ведаем таксама іншую прыказку: «Тяжело в учении — легко в бою».

Калі мы хочам быць дасканалымі ў вучобе і ў працы, то нам неабходна імкнуцца да дасканаласці і ў духоўным жыцці, бо чалавек павінен развівацца гарманічна, каб заставацца выбраным сынам ці дачкою Бога, падобна таму, якою была Марыя. Кожны чалавек з’яўляецца кавалём свайго шчасця. Нявернасць Адама і Евы прывяла да граху. Вернасць Марыі — да рэалізацыі справы нашага збаўлення.

6. Не так даўно завяршыўся Год святарства, дэвізам якога былі словы: «Вернасць Хрыста — вернасць святара». Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў святароў заўсёды заставацца вернымі свайму святарскаму пакліканню. Гэты заклік распаўсюджваецца на кожнага з нас. Таму сёння, дзякуючы Богу за ласку гэтай урачыстасці, звяртаемся да цябе, Марыя: «Mostra te esse Matrem» — «Пакажы, што сапраўды з’яўляешся нашай Маці», як маліўся твой вялікі прыхільнік, Слуга Божы Ян Павел II, і выпрасі нам ласку быць заўсёды вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб мы заставаліся не намінальнымі, але сапраўднымі хрысціянамі, здольнымі мужна бараніць нашу веру і, адказваючы на выклікі нашага часу, ішлі шляхам, які прывядзе да шчасця вечнага ў Валадарстве Твайго Сына Езуса Хрыста. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі