Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава
з нагоды 50-годдзя яго заснавання

26 жніўня 2010 г., п. Лясны

Глыбокапаважаныя хворыя, пацыенты анкалагічнай клінікі, урачы, медыцынскі персанал!

1.    Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Божую Маці Чэнстахоўскую. На свеце ёсць вельмі многа цудоўных абразоў і ікон Маці Божай. Адзін з іх — гэта абраз так званай Чорнай Мадонны, ці ікона Маці Божай Чэнстахоўскай. Гэты абраз праслаўляецца не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але таксама і ў Праваслаўнай Царкве. І гэта вельмі добра. Ёсць адна Божая Маці — Марыя, і, як бы яна не называлася, яна заўсёды Божая Маці. Найбольш славуты ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі абраз Маці Божай — гэта абраз Маці Божай Будслаўскай. Гэты цудоўны абраз добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Нездарма Будслаў вельмі часта называюць Беларускай Чэнстаховай.

2.     У сваім жыцці мы часта звяртаемся да Маці Божай за дапамогай. Чаму? Калі дзіцяці дрэнна, то куды яно найперш звяртаецца? Да сваёй маці.

Паміраючы на дрэве крыжа, Езус пакінуў нам сваю Маці Марыю як нашу духоўную Маці. З гэтай нагоды трэба ўспомніць і цуд у Кане Галілейскай. Падчас вяселля, калі не хапала віна, Езус, каб маладыя не зведалі сораму, учыніў цуд. Ён перамяніў ваду ў віно. Аднак па чыёй просьбе Ён учыніў гэты цуд? Па просьбе Марыі — сваёй Маці. Дарэчы, гэта быў першы цуд, які ўчыніў Езус. Айцы Касцёла кажуць, што Марыя фізічна або духоўна прысутнічала пры кожным цудзе, які ўчыніў Хрыстус. Яна і надалей як духоўная Маці адкупленага чалавецтва апякуецца патрабуючымі і хворымі. Нездарма св. Бэрнард у сваёй малітве казаў, што ніколі не здаралася, каб Марыя пакінула таго, хто шукаў у яе дапамогі.

3.     Пад цудам мы найчасцей разумеем выздараўленне ад невылечнай хваробы. Пры гэтым медыцына не можа растлумачыць, як гэта магло стацца. Тут павінна быць Божая інтэрвенцыя. І такія выпадкі ёсць. Найчасцей яны адбываюцца ў марыйных санктуарыях. Найбольш вядомым у гэтым сэнсе з’яўляецца санктуарый у французскім горадзе Лурд. Маці Божая з’явілася там  ужо больш за 150 гадоў таму. Штогод гэты санктуарый наведваюць каля 6 мільёнаў людзей. Каля 7 тысяч з іх кожны год складваюць свае заявы аб прызнанні цуду. Аднак больш чым за 150 гадоў існавання санктуарыя Касцёл афіцыйна прызнаў толькі каля 80 цудаў.

Акрамя цуду выздараўлення ад хваробы цела, ёсць цуд духоўнага выздараўлення. Напрыклад, нехта жыў многа гадоў у граху, а потым зведаў навяртанне. Гэта таксама найчасцей адбываецца ў марыйных санктуарыях. Я сам асабіста працаваў на працягу 5 гадоў вікарыем у санктуарыі Маці Божай Вострабрамскай у Вільні і асабіста перажываў такія моманты, калі чалавек далёкі ад веры або закаранелы грэшнік менавіта там, у капліцы Маці Божай Вострабрамскай, навяртаўся.

У малітве намашчэння хворых перш за ўсё гучыць просьба аб духоўным здароўі хворага, але пры гэтым таксама ўзносіцца просьба аб выздараўленні цела, калі гэта будзе спрыяць збаўленню чалавека.

3.    Хвароба заўсёды з’яўляецца асаблівым станам чалавека, бо чалавек — не біялагічная машына, а Божае стварэнне, якое мае цела і душу. Таму нездарма ёсць прыказка: «У здаровым целе — здаровы дух». Апошнім часам гэта прыказка ўсё часцей набывае іншы сэнс: «Здаровы дух утварае здаровае цела».

Пасіўнае, абыякавае стаўленне да кожнай хваробы, асабліва анкалагічнай, з’яўляецца вельмі небяспечным. Тут неабходны пазітыўны падыход да жыцця. Вельмі важным фактарам з’яўляецца вера хворага ў выздараўленне, давер Богу, што Ён можа дапамагчы, а таксама магчымасць унутранай, духоўнай перамены і г.д.

Законы чалавечага шчасця дадзены Богам у Яго дзесяці запаведзях і ў Евангеллі. Іх парушэнне вядзе да дысгармоніі чалавечай асобы і неразумення сэнсу цярпення, якім пазначана жыццё кожнага чалавека, асабліва хворага. Таму хворы патрабуе не толькі лячэння, але і падтрымкі —сяброўскай і духоўнай. Пры гэтым самым вялікім унутраным рэсурсам хворага з’яўляецца яго вера ў Бога, якая толькі ўмацоўваецца нашай апекай і любоўю да Яго.

4.    Нярэдка можна пачуць пытанне: «Калі Бог такі добры, то чаму я павінен хварэць, чаму звычайныя лекі не могуць вылечыць мяне?» Такая пастава, як казаў вядомы мысліцель XIII–XIV стст. Эккарт, зводзіць Бога да роўнай чалавеку асобы, калі Бог павінен падпарадкоўвацца волі чалавека, а чалавек лічыць сваю думку адзіна слушнай. Тады чалавек не пакідае поля для дыялога, і Бог павінен выбраць тое, чаго жадаем мы. Такая рэакцыя чалавека становіцца пагрозай для надзеі хворага і вядзе яго ў абдымкі роспачы. У выніку, чалавек, які вёў барацьбу за жыццё, становіцца пераможаным не праз хваробу, але праз самога сябе. Пры гэтым, тое, што найважнейшае, — вера і надзея — пакідаюць яго, і ён становіцца бязрадным, як дзіцё ў цёмным пакоі. Богу нельга навязваць сваёй волі. Яго можна прасіць, як гэта чыніў Езус на дрэве крыжа, але заўсёды згаджаючыся з Яго воляй.
Таму сёння, молячыся за хворых і ўрачоў, звернем свой позірк на Марыю, каб разам з ёю выказаць згоду з воляй Божай, каб праз яе ўсім нам, асабліва хворым, нават насуперак надзеі заззяла новае святло надзеі, якая ў Езусе Хрысце. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі