Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на 20-годдзе дзейнасці капліцы Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Стараельні
14 кастрычніка 2010 г.

«Якія мілыя, Пане, Твае святыні!» — усклікае натхнёны аўтар Святога Пісання. У гэтым воклічы выказаны пачуцці аўтара да святыні — месца, дзе збіраецца Божы народ, каб узнесці хвалу, пашану ўсемагутнаму Богу. Сёння мы сабраліся, каб падзякаваць Богу за тое, што можам чыніць гэта ўжо 20 гадоў.

Прыгадаем, што акалічнасці паўстання святыні ў гэтым месцы былі асаблівыя. Парафія Стараельні з амаль што 550-гадавой гісторыяй страціла сваю святыню ў часы Другой сусветнай вайны. Савецкія партызаны спалілі касцёл. Засталіся толькі плебанія, якая і сёння выкарыстоўваецца пад жылыя памяшканні, і напалову знішчаная мураваная званіца, а яшчэ — фрагмент каменнага муру і пахаванні ксяндзоў на прыкасцёльнай тэрыторыі. Пробашч на пачатку вайны быў вымушаны пакінуць парафію. Амаль тры пакаленні вернікаў Стараельні блукалі, як авечкі без пастыра, шукаючы духоўнага суцяшэння ў суседніх парафіях, дзе былі святары: у Дварцы, а калі і там ваяўнічыя атэісты зачынілі касцёл у 1960 годзе, то наведвалі касцёлы ў Дзятлаве, Навагрудку, Баранавічах, Лідзе. 

Так было да 1990 года, калі пані Яніна Жых, у мінулым звеннявая ў вёсцы, будучы ужо ў немаладым узросце, пасля аперацыі на галаўным мозгу ў сувязі з пухлінай, адважылася ўзяць адказнасць за прыстасаванне звычайнага драўлянага дома пад капліцу ў гэтай вёсцы і суседніх (Круцілавічы, Аханяны, Кажухоўцы, Карыца, Яленка), жыхары якіх таксама не мелі магчымасці маліцца ў касцёле. Намаганнямі вернікаў вёскі, мясцовага калгаса і іншых людзей добрай волі паўстала вось гэта капліца, якая ужо 20 гадоў служыць вам і тым, хто адведвае вашу мясцовасць, прыязджаючых да родных, знаёмых. 

Тут у нядзелі і святы рэгулярна цэлебруецца святая Імша. Тут чытаецца Біблія і прамаўляецца Божае слова. У капліцы вядуцца катэхетычныя заняткі для дзяцей і моладзі. Таксама ў некаторых выпадках адбываецца хрост дзяцей і ўдзяленне сакрамэнту шлюбу. Па дарозе на могілкі на вечнае спачыванне па звычаі продкаў адносіцца ў капліцу нябожчык для развітання з ім і для малітвы за памерлага, які адзначаўся вераю ў Бога і належаў да Касцёла. Тут узносіцца малітва за спакой яго душы, каб яна была прынята нашым Збаўцам Езусам Хрыстом у неба.

Колькі дабротаў мелі вернікі на працягу гэтага часу! Якія ласкі атрымалі за ўдзел у Найсвяцейшай Ахвяры святой Імшы! Тут шчодра падалі на глебу сэрцаў словы святароў падчас казанняў, катэхезаў, рэкалекцый, святых місій. Тут многія спазналі сілу супольнай малітвы, якая ўзносіцца да Бога непасрэдна альбо праз пасрэдніцтва святых, найперш Найсвяцейшай Панны Марыі, святых апекуноў, імёны якіх вы носіце. Тут вам перадавалася духоўнасць святароў дыяцэзіі і прадстаўнікоў розных манаскіх супольнасцей — кармэлітаў, рэдэмптарыстаў, езуітаў, францішканаў, салезіянаў. Тут вялі свае катэхезы семінарысты, сёстры назарэтанкі, пані Галіна Гурская, якія рыхтавалі дзяцей і моладзь да адказнага жыцця ў сям’і, грамадстве, фарміравалі ў іх пачуццё прыналежнасці да паўсюднага Касцёла. Дзякуючы размяшчэнню капліцы ў гэтай мясцовасці вы маглі таксама ўдзельнічаць у рэалізацыі пастановаў лакальнага, партыкулярнага і паўсюднага Касцёла. Сваімі ахвяраваннямі дапамагалі пробашчу парафіі выконваць евангелізацыйную місію ў дыяцэзіі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы Курыі, духоўнай семінарыі, бедных праз пасрэдніцтва «Карытас» і таксама патрэбы паўсюднага Касцёла, як гэта было падчас апошняга збору ахвяраванняў для пацярпелых ад землятрусу ў Гаіці. Тры пакаленні вашых продкаў не мелі магчымасці гэта чыніць, а вам такая магчымасць дадзена. 

У капліцы вы моліцеся разам, праводзячы паралітургічныя набажэнствы. У маі славіце Панну Марыю Літаніяй да Маці Божай Ларэтанскай. У чэрвені — праслаўляеце Хрыста набажэнствам да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У гэтым месяцы, кастрычніку, адбываецца ружанцовае набажэнства. Усе святы літургічнага года вы адзначаеце ў вашым касцёле. Таксама вы спазналі радасць ад поўнага удзелу ў Эўхарыстыі вашых дзетак пасля іх падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі. У гэтым свяце Эўхарыстыі вы ўдзельнічаеце ўсёй вёскай. Многія маладыя людзі выходзяць у свет свядомымі католікамі менавіта дзякуючы частай лучнасці з Богам у гэтай каплічцы. 

Звычайная вясковая хата стала 20 гадоў таму Домам Божым. І сёння сэрцам, напоўненым удзячнасцю, мы спяваем гімн «Цябе, Бога, праслаўляем». Няхай капліца служыць вам і далей многія гады, каб тут не сціхалі пабожныя спевы, каб цэлебравалася святая Імша, каб прамаўлялася Божае слова, вялася катэхеза, а старэйшае пакаленне перадавала малодшаму рэлігійную традыцыю. Таксама жадаю, каб прысутнасць капліцы ў вашай мясцовасці фарміравала хатні Касцёл. Каб так, як моліцеся ў капліцы, вы маліліся ў вашых сем’ях: бацькі, дзеці, унукі, бабулі і дзядулі разам. Няхай капліца спрыяе таму, каб сем’і былі моцныя ў Богу, каб клопат аб рэлігійным выхаванні дзяцей з боку бацькоў і хросных быў адпаведным. Каб вернасць сужэнцаў захоўвалася, каб яны былі адкрытыя на кожнае зачатае жыцце і каб з радасцю прымалі яго. Жадаю, каб усе дадзеныя Богам дзеці былі ў сям’і жаданымі і каб ім былі створаныя адпаведныя ўмовы для развіцця. Каб не распаўсюджваўся грэх забойства ненароджаных, у тым ліку праз ужыванне таблетак, якія забіваюць новае жыццё ў першыя дні існавання. Бо, як вучыць Касцёл, Бог дае чалавеку душу не падчас нараджэння, а значна раней, калі новае жыццё з’яўляецца пад сэрцам маці. 

Ваша капліца носіць назву Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Некалькі слоў хачу прысвяціць гісторыі абраза, які знаходзіцца ў капліцы.  

Абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай з’яўляецца творам італьянскага мастака Л. Кросіо (1835–1915) і спачатку меў назву Re-fugium peccatorum (Паратунак грэшнікаў). 

У 1915 г. абраз быў змешчаны ў санктуарыі ў Шанштаце — першапачаткова ў капліцы св. Міхала Арханёла, дзе атрымаў тытул Mater ter admirabilis (Маці Тройчы Цудоўная з Шанштату).

Айцец Ёзаф Кэнтэніх і яго выхаванцы звярталіся да Марыі словамі «Тройчы Цудоўная». Гэты выраз указвае на адносіны Маці Божай да Трох Асобаў Пана: Марыя з’яўляецца дачкой Бога Айца, Маці Сына Божага і ўлюбёнай Духа Святога. Пад такім тытулам Панна Марыя ўшаноўвалася яшчэ ў XVI ст. у Баварыі. Пазней яе культ паспрыяў абароне каталіцкай веры перад уплывамі Рэфармацыі ў паўднёвай Германіі.

Падчас сваёй пілігрымку ў Ліхэнь Слуга Божы Ян Павел ІІ прамовіў словы песні, якая ўказвае на цудоўную веліч Марыі, на яе сувязь з Асобамі Найсвяцейшай Тройцы:

Вітана будзь, Дачка Бога Айца,
Вітана будзь, Маці Сына Божага,
Вітана будзь, улюбёная Духа Святога, 
Вітана будзь, святыня Найсвяцейшай Тройцы.

Маці Божая дзейнічае як выхавацелька новага чалавека ў новай супольнасці. Заснавальнік Шанштацкай сям’і а. Кэнтэніх напісаў аб гэтым абразе словы, якія змешчаны ў вашай капліцы: «Прыміце абраз Маці Божай і падрыхтуйце для яго годнае месца ў вашых памяшканнях. Такім чынам яны стануць маленькімі санктуарыямі, у якіх гэты цудоўны абраз будзе выпраменьваць ласкі і ўчыніць, каб дом гэтай сям’і і члены сям’і сталі святымі…».

Капліца — гэта месца ласкаў, адметнасць якога ў тым, што людзі запрашаюць Маці Божую, каб яна знаходзілася паміж імі і ўчыніла гэтае месца выключным. Вы запрасілі яе да сябе 20 год таму. 

Капліца стала домам для ўсіх, хто зведаў любоў Маці Божай Тройчы Цудоўнай, асаблівым месцам, дзе Маці Божая кіруе нашымі думкамі і сэрцамі, любячы нас такімі, якімі мы ёсць, дапамагаючы нам ва ўсіх нашых справах і праблемах. 

Капліца — месца сустрэчы з Хрыстом і Яго Маці, якая заўсёды вядзе нас да Яго, але таксама месца сустрэчы з самім сабой і з іншым чалавекам. Молячыся ў капліцы, можна выпрасіць для сябе і іншых шматлікія ласкі, а асабліва ласку прабывання ў Божым Сэрцы, унутранага перамянення, апостальскага запалу ў даванні сведчання аб Хрысце. Няхай жа сённяшняя ўрачыстасць, юбілей паўстання гэтай капліцы, будзе напамінам аб тым, што Езус любіць нас, а Яго Маці Марыя чувае над намі і спадарожнічае нам у жыццёвай вандроўцы да брамаў Неба.

Адноўлена 14.10.2010 12:59
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі