Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Юбілей капліцы Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Стараельні: якія мілыя, Пане, Твае святыні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.10.2010 12:49
14 кастрычніка 2010 г. вернікі Стараельні (Гродзенская дыяцэзія, Дзятлаўскі дэканат) святкавалі юбілей. 20 год таму ў мясцовасці пачала дзейнічаць капліца Маці Божай Тройчы Цудоўнай, для якой мясцовыя парафіяне прыстасавалі звычайную вясковую хату. Ва ўрачыстасці прыняў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які звярнуўся да вернікаў з гаміліяй, у якой прыгадаў незвычайную гісторыю капліцы.
 
Як адзначыў біскуп, парафія Стараельні страціла сваю святыню падчас Другой сусветнай вайны, калі касцёл быў спалены. «Амаль тры пакаленні вернікаў Стараельні блукалі, як авечкі без пастыра, шукаючы духоўнага суцяшэння ў суседніх парафіях, дзе былі святары: у Дварцы, а калі і там ваяўнічыя атэісты зачынілі касцёл у 1960 годзе, то наведвалі касцёлы ў Дзятлаве, Навагрудку, Баранавічах, Лідзе», — нагадаў іерарх. Нарэшце, у 1990 г., намаганнямі вернікаў вёскі паўстала капліца, пераробленая з вясковага драўлянага дома. 

«Колькі дабротаў мелі вернікі на працягу гэтага часу! Якія ласкі атрымалі за ўдзел у Найсвяцейшай Ахвяры святой Імшы! Тут шчодра падалі на глебу сэрцаў словы святароў падчас казанняў, катэхезаў, рэкалекцый, святых місій. Тут многія спазналі сілу супольнай малітвы, якая ўзносіцца да Бога непасрэдна альбо праз пасрэдніцтва святых, найперш Найсвяцейшай Панны Марыі, святых апекуноў, імёны якіх вы носіце», — працягваў біскуп Дзям’янка. Іерарх пажадаў вернікам, каб капліца служыла ім і далей многія гады, «каб тут не сціхалі пабожныя спевы, каб цэлебравалася святая Імша, каб прамаўлялася Божае слова, вялася катэхеза, а старэйшае пакаленне перадавала малодшаму рэлігійную традыцыю». 

Біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў таксама гісторыю абраза Маці Божай Тройчы Цудоўнай, назву якога носіць святыня. У капліцы, між іншым, змешчаны словы Слугі Божага а. Ёзафа Кэнтэніха, заснавальніка Шанштацкай сям’і, які паклаў традыцыю звароту да Панны Марыі словамі «Тройчы Цудоўная»: «Прыміце абраз Маці Божай і падрыхтуйце для яго годнае месца ў вашых памяшканнях. Такім чынам яны стануць маленькімі санктуарыямі, у якіх гэты цудоўны абраз будзе выпраменьваць ласкі і ўчыніць, каб дом гэтай сям’і і члены сям’і сталі святымі…».
 
Поўны тэкст гаміліі тут>>> 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.