Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва ўспамін св. Тэрэзы Авільскай у межах святкавання дня абрання Папам Яна Паўла ІІ |
Нарач, 15 кастрычніка 2010 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Па добрай традыцыі мы збіраемся ў Нарачы на святкаванне папскага дня, прысвечанага чарговай гадавіне абрання Папам Слугі Божага Яна Паўла II, што адбылося 16 кастрычніка 1978 г. Менавіта 32 гады таму падчас інаўгурацыі новага Пантыфікату прагучалі прарочыя словы: адчыніце дзверы Хрысту, адчыніце дзверы сацыяльных, палітычных, культурных сістэм. Толькі Хрыстус ведае, што ёсць у чалавеку, і толькі ў Хрысце чалавек можа да канца пазнаць сябе. Мінула тры дзесяцігоддзі, і як змяніўся свет, асабліва на Усходзе. Многія народы атрымалі свабоду веравызнання. Сярод іх таксама Беларусь, якая, вяртаючыся да сваіх хрысціянскіх каранёў, павінна стаць сапраўднай Белай Руссю, гэта значыць — святой зямлёй. 2. Мы ўдзячныя Вялікаму Папу Вайтыле, які так моцна любіў Беларусь, і мы ўпэўнены, што сёння з вакна дому свайго Нябеснага Айца ён моліцца за нас. Аднак разам з нашай удзячнай памяццю сёння мы павінны задацца і іншым пытаннем: як мы ўспрымаем прыклад і навучанне Яна Паўла II? Ці знаходзяць яны сваё месца ў нашым жыцці? Ці стараемся мы фармаваць жыццё паводле іх? А можа, усё гэта знаходзіцца на паліцах бібліятэк? Можа, мы абмяжоўваемся толькі тым, што ганарымся выдатным Папам, якога Бог паслаў свайму Касцёлу, ставім яму помнікі, арганізуем канцэрты, конкурсы і г.д.? Калі толькі так, то гэтага дакладна не дастаткова. Папа павінен жыць у нашых сэрцах і памяці не толькі і не столькі як гістарычны персанаж, але як той, чыё навучанне павінна фармаваць нашае жыццё. 3. А тут ужо ёсць аб чым задумацца. Мы маем вялікія магчымасці для духоўнага дасканалення і будавання свайго жыцця паводле рэлігійных прынцыпаў. А як на самой справе? Не так даўно амерыканскі інстытут Гэллупа правёў даследаванне на тэму: якое месца займае рэлігія ў жыцці народаў Еўропы. Вынікі абвясцілі сапраўдную духоўную катастрофу. Толькі для 27% грамадзян Беларусі рэлігія мае значэнне. Так, сярод краін Еўропы наша краіна займае 7 месца з канца. Чаму так? Адказ адзін — дух секулярызму запаланяе і нашу краіну. Сучасны чалавек, хоць нярэдка і называе сябе веруючым, аднак на самой справе такім не з’яўляецца. Іншы кажа, што ён верыць у Бога ў Касцёле, а па-за яго сценамі паступае як усе іншыя і ўжо кіруецца ў сваім жыцці не прынцыпамі рэлігіі, а свецкага грамадства. Усё гэта вядзе да дэсакралізацыі грамадства і многіх праблем. 4. Калі ўзнікае нейкая праблема, мы адразу стараемся знайсці яе прычыну. Аднак ці шукаем яе там, дзе трэба? Калі б мы жылі паводле Божага права, то большасці праблем не было б. Просты прыклад: штогод мільёны долараў выдаткоўваюцца на праграмы барацьбы са СНІДам. Гэта вельмі добра. Аднак на самой справе не хапае толькі аднаго: жыць паводле Божага права і захоўваць шостую запаведзь — не чужалож. Таму ў вырашэнні найбольш вострых праблем сучаснасці нам трэба трымацца навучання Касцёла, якое мы атрымліваем найперш праз Папаў. Ян Павел II быў сумленнем свайго часу. У сваім навучанні ён закранаў усе найбольш балючыя пытанні сучаснасці. Пры гэтым ён не стараўся спадабацца свету, але паступаў паводле слоў Хрыста, называючы белае белым, а чорнае — чорным. Яго мова была канкрэтнай: «так-так» або «не-не». Папа Вайтыла навучаў, што Евангелле, прыстасаванае да свету, не будзе сапраўдным Евангеллем, а толькі яго карыкатурай. Не мы павінны змяняць Евангелле, але Евангелле павінна змяняць нас. Гэта шлях да будавання справядлівага грамадства і шлях да духоўнага ўдасканалення. 5. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Тэрэзу ад Езуса — Тэрэзу Авільскую, як яе часта называюць. Добра сталася, што папскі дзень мы адзначаем менавіта сёння. Напэўна, не ўсе ведаюць, што будучы папа Караль Вайтыла ў маладосці хацеў уступіць у кармэлітанскі ордэн, аднак яму гэта не было наканавана. Бог ведае, што чыніць, і кожнага чалавека вядзе сваім шляхам. Аднак кармэлітанская духоўнасць вельмі моцна паўплывала на Караля Вайтылу, будучага папу Яна Паўла II. Дастаткова сказаць, што сваю доктарскую дысертацыю Караль Вайтыла прысвяціў кармэлітанскаму святому Яну ад Крыжа. Многае таксама ён узяў з духоўнасці св. Тэрэзы Авільскай: ён вельмі часта заклікаў чалавека да духоўнай перамены праз яго прыпадабненне да Хрыста. Менавіта гэтая ідэя прысутнічае ў навучанні і св. Тэрэзы Авільскай, і св. Яна ад Крыжа — вялікіх містыкаў XVI стагоддзя і доктараў Касцёла. Прайшоўшы «шлях духоўнай дасканаласці», праз сваё служэнне і навучанне св. Тэрэза Авільская здзейсніла рэфармацыю кармэлітанскага ордэна, учыніла яго больш жывым і духоўным. Натхнёны духоўнасцю вялікіх кармэлітаў св. Тэрэзы Авільскай і св. Яна ад Крыжа, папа Ян Павел II рэфармаваў Касцёл згодна з навучаннем Другога Ватыканскага Сабору, на першым месцы заўсёды ставячы Хрыста. Нездарма праграмны дакумент, якім ён увёў Касцёл у новае трэцяе тысячагоддзе, называецца «Выплыві на глыбіню», у якім Вялікі Пантыфік навучае, што кожная пастырская праграма павінна мець свой пачатак у Хрысце. Памолімся сёння, каб прыклад св. Тэрэзы Авільскай і Слугі Божага Яна Паўла II заўжды заахвочваў нас адчыняць дзверы нашых сэрцаў Хрысту, каб перамену свайго жыцця мы распачыналі ад перамены нашых сэрцаў на хвалу Бога і для нашага ўдасканалення. Амэн. |