Гамілія падчас урачыстай святой Імшы ў 100-гадавіну касцёла св. Сымона і св.Алены ў Мінску. |
Гамілія падчас урачыстай святой Імшы ў 100-гадавіну касцёла св. Сымона і св.Алены ў Мінску 21 лістапада 2010 г., урачыстасць Хрыста, Валадара сусвету З радасцю пойдзем у дом Пана Бога
Аднак і ў той час, калі касцёл выкарыстоўваўся ў іншых мэтах, ён сваім выглядам і месцазнаходжаннем таксама прамаўляў. Яго шпілі, што ўзносяцца ўверх, накіроўвалі позірк людзей да Бога. І не адзін задумваўся над сваім лёсам і сваёй вечнасцю. Менавіта тады спаўняліся словы Хрыста: калі вы будзеце маўчаць, то будуць прамаўляць камяні. І камяні гэтага касцёла, яго сцены прамаўлялі, і іх голас быў чутны ў сэрцах людзей, якія няспынна маліліся. І вось напрыканцы 80–х гадоў ужо мінулага стагоддзя прабіў час «праўды». У новых сацыяльна-палітычных абставінах вернікі Мінска, якія мелі толькі адзін маленькі касцёл на Кальварыйскіх могілках, распачалі намаганні за вяртанне святыні. Гэта была нялёгкая справа. Вернікі ўжо не маглі жыць па-старому, без касцёлаў, а ўлада таго часу — па-новаму. Распачаўся доўгі шлях да вяртання касцёла вернікам. Штодзённа людзі маліліся каля яго сценаў. Мелі месца таксама дзве галадоўкі. З часам нам дазволілі цэлебраваць св. Імшу ў галерэі. І вось прыйшоў Вялікдзень 1990 г. У другую пасхальную нядзелю ў свята Божай Міласэрнасці мы цэлебравалі св. Імшу ў падворку каля галерэі. Людзей было вельмі шмат. Падчас Імшы нарадзілася думка, каб здзейсніць Эўхарыстычную працэсію вакол касцёла ў інтэнцыі яго вяртання. Не было ні балдахіна, ні харугваў, але працэсія адбылася. У той дзень у Мінску адбываўся спартыўны марафон. Каля касцёла па плошчы беглі спартсмены і са здзіўленнем глядзелі на працэсію. А мы ішлі і маліліся. І стаўся цуд Божай Міласэрнасці. Прайшло некалькі дзён, і ўлады г. Мінска прынялі рашэнне аб перадачы касцёла парафіі. Нездарма Слуга Божы Папа Ян Павел II кажа, што адзіная надзея сучаснага свету ў Божай міласэрнасці. Сёння хачу выказаць сваю ўдзячнасць усім тым, хто ў тыя нялёгкія часы мужна адстойваў сваё права на так патрэбны вернікам і гасцям Мінска касцёл. Няхай жывым Бог благаславіць, а памерлых прыме ў сваё валадарства. Адзін святар успамінае, як аднойчы ў семінарыі прафесар гамілетыкі сказаў семінарыстам: сёння ў вас будзе выніковы экзамен. Усе былі вельмі перапалоханы. Як можна казаць пра фінальны экзамен з гамілетыкі? Як можна да яго падрыхтавацца? Якія пытанні будуць? І сапраўды, кожнае казанне для святара — гэта новы досвед, і таму як можна казаць пра апошняе? А што тады рабіць семінарысту? Падчас семінарыйнай фармацыі былі лекцыі, практычныя заняткі, казанні для курса і цэлай семінарыі. Але апошняе казанне? Гэта выглядала звыш усіх сілаў. І вось прафесар, які, дарэчы, быў вельмі выдатным прапаведнікам, сказаў: семінарысты, вы маеце тры гадзіны, можаце карыстацца толькі Бібліяй і павінны падрыхтаваць такое казанне, як быццам яно з’яўляецца апошнім і адначасова найлепшым у вашым святарстве. Сённяшняя ўрачыстасць Хрыста Валадара заклікае нас да апошняга кроку, да апошняга нашага казання ў літургічным годзе, які завяршаецца. Сёння Касцёл завяршае тое, што было аб’яўлена ў Святым Пісанні і што цэлебравалася на працягу ўсяго літургічнага года, які мы распачалі з адвэнтавай надзеяй год таму. Сёння мы павінны вызнаць веру ў тое, што Езус ёсць Уладар уладароў і Кароль каралёў. Сёння мы таксама павінны пацвердзіць, што Езус займае галоўнае месца ў нашым жыцці. Таму пытанне старога прафесара становіцца і нашым пытаннем. Да чаго яно нас вядзе? Якую тэму мы абралі з усяго таго, што пачулі з Евангелля падчас літургічнага года? Кім для нас з’яўляецца Хрыстус? Легендай, гістарычнай асобай ці сапраўдным Збаўцам і Валадаром? Таму сённяшняе свята для нас, хрысціян, павінна стаць адказам на пытанне: «Калі б гэта была твая апошняя размова пра Хрыста, то што б ты сказаў?» Гэтыя і падобныя пытанні не з’яўляюцца бяздзейснымі ў сучасным свеце. Калі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя падчас ганенняў на веру ў Хрыста выгналі з гэтага касцёла, то сёння чалавек у часы свабоды веравызнання сам адракаецца ад Бога і выганяе Яго са свайго жыцця. Бо як інакш можна назваць чалавека, які фармальна з’яўляецца хрысціянінам, а на самой справе не мае нічога супольнага з хрысціянскім жыццём — не моліцца, не прымае ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы, не захоўвае Божага права, сваім жыццём не сведчыць пра хрысціянскія каштоўнасці, жыве ліберальнымі антыкаштоўнасцямі. Нярэдка можна сустрэць і іншую не менш трывожную сітуацыю. Чалавек называе сябе веруючым, моліцца і ходзіць да касцёла, але па-за яго парогам жыве, як язычнік. Ён нават кажа, што верыць у касцёле, але на працы ці ў рэальным жыцці паступае так, як гэтага патрабуюць абставіны. Да чаго ўсё гэта вядзе? Добра ведаем, што аборт — гэта забойства ненароджанага жыцця, якое з’яўляецца найвялікшым Божым дарам. Урач хрысціянін не павінен гэтага рабіць. І ніхто не мае права яго прымусіць дзейнічаць супраць сумлення. Нават ліберальны Еўрасаюз зусім нядаўна прыняў пастанову, што ў падобных сітуацыях чалавек мае права дзейнічаць паводле свайго сумлення. Але як на самой справе? Ці ўсе ўрачы-гінеколагі задумваюцца над гэтым, ці толькі спасылаюцца на вынікаючыя з іх працы абавязкі? Такіх і падобных прыкладаў несапраўднага і штучнага хрысціянства можна прывесці вельмі многа. Усе яны нагадваюць, што свет усё больш і больш пагружаецца ў маральнае бяздонне, з якога сам не можа выбрацца. У маральным сэнсе сучасны свет падобны да чалавека, які ведае, што тоне, але ў той жа час не жадае схапіцца за ратавальны круг, якім з’яўляецца Касцёл і яго навучанне. Маральны закон патрэбен чалавеку, як паветра. Без яго чалавек задыхаецца, а грамадства становіцца падобным да духоўных могілак з жывымі памерлымі. 8. Жыць паводле маральнага закону сапраўды нялёгка. Пры гэтым трэба памятаць, што быць хрысціянінам — не азначае быць падобным да балельшчыка, які сядзіць пры тэлевізары і аглядае футбольны матч, найчасцей крытыкуючы футбалістаў, — што вельмі лёгка. Быць сапраўдным хрысціянінам азначае браць удзел у хрысціянстве з усімі яго патрабаваннямі і быць сведкамі евангельскага радыкалізму, што нялёгка, як нялёгка гуляць у футбол. Аднак нам дапамагае Хрыстус, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле. Ён дапамагае праз слова Божае, якое з’яўляецца крыніцай усялякага адраджэння, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI у апошняй Апостальскай Адгартацыі «Слова Пана» пра слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла. Хрыстус дапамагае ў сакрамэнтах і асабліва ў сакрамэнце канфірмацыі, калі моцаю Святога Духа ўзмацняе чалавека, каб быў мужны ў захаванні веры і адказу на выклікі сучаснасці. 67 са 100 гадоў існавання гэтага касцёла ён выкарыстоўваўся не ў рэлігійных мэтах. Людзі, аднак, не «зламаліся» і не толькі захавалі веру, але нават перадалі яе маладым пакаленням. Сёння, у новых абставінах вельмі цяжкай хваробы сучаснасці, якой з’яўляецца секулярызм, мы не маем права адрачыся ад Касцёла і яго навучання, бо гэта шлях да духоўнай смерці. Сярод многіх жыццёвых дарог мы не можам забыць дарогу, якая вядзе да касцёла, бо тут нас чакае Езус-Валадар і цэнтр гісторыі чалавецтва, які ўчыніць нас быць годнымі Яго Валадарства. |
Адноўлена 19.11.2010 18:19 |