Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў жалобную святую Імшу ў Чырвоным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.09.2012 21:13

28 верасня 2012 г. у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбылася жалобная святая Імша за спачылую Ганну, маці пробашча парафіі кс. Уладзіслава Завальнюка, і спачылага Станіслава, бацьку кс. Генадзя Кухарэвіча. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Імшы ўдзельнічалі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і святары.

На пачатку літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў: «На мінулым тыдні Бог паклікаў да сябе маці кс. Уладзіслава Завальнюка Ганну. Таксама нядаўна адышоў у вечнасць бацька кс. Генадзя Кухарэвіча Станіслаў. Сёння мы выказваем спачуванні гэтым святарам, бо ведаем, што такое мама і тата, — гэта тыя, хто перадаў дар жыцця». Арцыпастыр заахвоціў усіх прысутных маліцца «за Ганну і Станіслава, каб яны маглі прыйсці ў жыццё вечнае, бо ўсё жыццё ішлі да Бога шляхам, які паказаў нам Хрыстус».

«Бог сказаў святой памяці Ганне: час твайго жыцця на гэтай зямлі завяршыўся, — адзначыў Мітрапаліт у гаміліі. — Можам уявіць, які няшчасны той, хто не верыць у Бога, і які шчаслівы той, хто ведае, што пасля смерці ўваскрэсне». Мы, працягваў іерарх, «з плачам прыходзім на зямлю і з плачам адыходзім з яе», і «калі б не было жыцця вечнага — то для чаго мы жывем?». «Чалавек быў бы тады няшчасным стварэннем», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Па словах Мітрапаліта, «мы, хрысціяне, павінны глядзець на смерць праз прызму ўваскрасення Хрыста, якое дае нам новую надзею». «Жыццё пасля смерці змяняецца, але не завяршаецца, і нас таксама чакае ўваскрасенне, каб прыйсці ў вечную радасць, да якой мы ўсе пакліканы», — падкрэсліў іерарх.

Сёння, як адзначыў Мітрапаліт, мы «просім Божай міласэрнасці для памерлай Ганны». Арцыпастыр згадаў, што асабіста ведаў спачылую і «назаўсёды запомніў яе чалавекам, які сапраўды даверыў сябе Богу», сапраўднай маці, «якая першай накрэсліла знак крыжа на чале нованароджанага дзіцяці, якая вучыла яго малітве і вяла да касцёла». «У цяжкія часы пераследу веры святой памяці Ганна выпрасіла ласку Божага паклікання для свайго сына», — нагадаў арцыпастыр, дадаўшы, што «сёння мы схіляем калені перад гэтай жанчынай».

«Яна адышла, але, напэўна, ксёндз Уладзіслаў, яна з табой, благаслаўляе цябе і моліцца, каб тваё служэнне на гэтай зямлі было яшчэ больш плённым», — з такімі словамі Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да кс. Уладзіслава Завальнюка.

Сучасны свет, працягваў арцыпастыр, «прапануе нам шмат ідэй», «кожны абяцае нам лепшае жыццё — але Езус абяцае жыццё вечнае». Спачылая Ганна, па словах іерарха, выбрала менавіта шлях Езуса.

«Сёння мы просім Пана, ведаючы, што наша малітва — ключ у Божых руках, які дапаможа адчыніць дзверы вечнага шчасця для памерлых, — сказаў Мітрапаліт. — Мы ўпэўнены, што малітва за Ганну і яе добрыя ўчынкі будуць вартымі таго, каб яна заняла годнае месца ў Божым Валадарстве».

Ганна Завальнюк была пахавана 21 верасня ў Вінніцы (Украіна). Пахаванне Станіслава Кухарэвіча адбылося 19 верасня ў Васілішках.

Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме