Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на пахаванне кардынала Марціні: ён учыніў Святое Пісанне святлом свайго жыцця
Святы Айцец
04.09.2012 10:47

Кардынал Карла Марціні «быў чалавекам Божым, які не толькі вывучаў Святое Пісанне, але і вельмі любіў яго, учыніў яго святлом свайго жыцця, каб усё было на большую хвалу Бога», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у асабістым пасланні на пахавальныя ўрачыстасці спачылага іерарха, які памёр 31 жніўня ва ўзросце 85 гадоў. У міланскай катэдры пасланне агучыў спецыяльны пасланнік Папы кардынал Анджэла Камастры.

Пантыфік запэўніў у малітоўнай лучнасці з архідыяцэзіяй Мілана, Таварыствам Езуса, роднымі і сябрамі спачылага. Як дадаў Папа, кардынал Марціні вучыў людзей, што адзіным словам, годным таго, каб яго слухаць, прымаць і наследаваць, з’яўляецца Божае слова. Іерарх чыніў гэта з вялікай адкрытасцю, ніколі не адмаўляючы ў сустрэчах і дыялогу.

Святы Айцец падкрэсліў таксама вялікую любоў кардынала Марціні, які быў уражлівым на ўсе сітуацыі, атачаючы сваёй увагай людзей загубленых, хворых і церпячых. «Няхай Пан, які суправаджаў кардынала Карла Марціні ва ўсім яго жыцці, прыме гэтага нястомнага слугу Евангелля і Касцёла да нябеснага Ерузалема», — напісаў Пантыфік.

«Кардынал Марціні не пакінуў нам духоўнага запавету ў сціслым значэнні гэтага слова — усёй яго спадчынай з’яўляецца яго біяграфія і навучанне, з якога мы надалей павінны чэрпаць», — заўважыў арцыбіскуп Мілана кардынал Анджэла Скола, які ўзначаліў пахавальныя ўрачыстасці. Па словах кардынала Скола, адыход іерарха ў вечнасць — гэта новы спосаб прабывання з намі, блізкасці. Як дадаў арцыбіскуп Мілана, на працягу свайго жыцця кардынал Марціні, будучы верным навучанню езуітаў, «прагнуў распазнаць праўду і ачысціць яе, каб учыніць месца для Бога».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме