Касцёл перажывае адыход у вечнасць кардынала Марціні |
Дзяржава Ватыкан |
03.09.2012 14:02 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю кардынала Карла Марціні. Папа падкрэсліў, што памерлы іерарх перажываў цяжкую хваробу «з душэўным супакоем і даверлівым адданем волі Пана». Пантыфік запэўніў вернікаў архідыяцэзіі Мілана, якую на працягу доўгага часу ўзначальваў кардынал Марціні, а таксама блізкіх іерарха ў сваім «глыбокім удзеле ў іх болю, з любоўю успамінаючы дарагога брата, які шчодра служыў Евангеллю і Касцёлу». Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец нагадаў аб працы кардынала Марціні ў якасці рэктара Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, Папскага біблійнага інстытута, а таксама пастыра архідыяцэзіі Мілана. «Я ўзгадваю аб яго кампетэнтным і дбайным служэнні Божаму слову, заўсёды ўсё больш адкрываючы касцёльнай супольнасці скарбы Святога Пісання, асабліва праз распаўсюджванне „Lectio Divina“», — напісаў Папа. Ксёндз Федэрыка Ламбардзі, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё, падкрэсліў асаблівы дар камунікацыі кардынала Марціні. «Гаворка ідзе пра біскупа, які сваім словам, шматлікімі кнігамі, новымі душпастырскімі ініцыятывамі быў здольны плённа сведчыць і абвяшчаць веру людзям нашага часу, атрымліваючы прызнанне і павагу ад людзей блізкіх і далёкіх, натхняючы да выканання свайго служэння многіх братоў у біскупстве ў розных частках свету», — сказаў святар. Ксёндз Ламбардзі дадаў, што спадчына, пакінутая кардыналам Марціні, з’яўляецца каштоўнай, і над ёй неабходна сур’ёзна паразважаць, шукаючы шляхі для новай евангелізацыі. |