29 кастрычніка ў парафіі Унебаўшэсця Пана ў Эйшышках (Літва) — роднай парафіі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча — адбылася цырымонія пахавання спачылай Яніны Буяноўскай, сястры іерарха. Яніна Буяноўская адышла ў вечнасць 27 кастрычніка ва ўзросце 89 гадоў.
У пахавальнай урачыстасці прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, прадстаўнікі гродзенскага духавенства і Віленскай архідыяцэзіі, сёстры законныя: назарэтанкі, місіянеркі Святой Сям’і і Сэрца Езуса, блізкія і знаёмыя спачылай, якія прыбылі развітацца з ёю. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Гамілію прамовіў кс. Раман Катлімоўскі. Святар адзначыў, што вернікі «адчуваюць сябе спакойна, бо ведаюць аб сваім будучым прабыванні ў небе, дзе кожнага справядлівага чакае хвала, падрыхтаваная самім Стварыцелем».
Ксёндз Катлімоўскі дадаў, што «ніколі не памрэ той, хто верыць», і што «смерць не страшная, калі з верай казаць: „дазвольце мне адысці да Пана“». «Чалавек без Езуса з’яўляецца нікім, нічым, ёсць пылам, але гэты пыл праз асвячальную ласку можа чыніць вялікія рэчы і цуды», — падкрэсліў святар.
На заканчэнне літургіі біскуп Антоні Дзям’янка як сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад імя ўсіх яе членаў выказаў спачуванне разам з абяцаннем малітоўнай памяці біскупу Кашкевічу і родным спачылай Яніны Буяноўскай.
Кс. Юрый Марціновіч
|