Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнік Ватыкана маліўся з вернікамі Мінска
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.05.2012 11:38

9 мая ў межах візіту ў Беларусь сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Кірыл Васіль прыняў удзел у літургіі ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены. Узначаліў Імшу Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці.

Чырвоны касцёл, як заўважыў арцыбіскуп Кірыл, з’яўляецца сімвалам горада Мінска і каталіцкай супольнасці. Сімвалічна таксама, што пад яго дахам моляцца католікі як лацінскага, так і ўсходняга абраду. Грэка-каталіцкая Царква, як падкрэсліў ватыканскі іерарх, злучана з глыбокімі каранямі нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і вынікае з ідэі адзінства Цэркваў.

Самі паняцці «Касцёл», «Царква» шматзначныя. Перш за ўсё азначаюць яны містычнае Цела Хрыста, а таксама супольнасць веруючых, будынак, сям’ю і асобна ўзятага чалавека, які з’яўляецца святыняй Духа Святога. «Кожны пакліканы будаваць Касцёл на ўсіх узроўнях», — адзначыў у гаміліі арцыбіскуп Кірыл Васіль.

А хто знішчае храм Божы, таго знішчыць Бог, бо храм — святы. Аднак Касцёл як супольнасць вернікаў нельга знішчыць, бо ён пабудаваны на камені і «брамы пякельныя не перамогуць яго».

Каб зразумець гэтую ісціну, іерарх прывёў за прыклад так званы парадокс ваўка і авечкі. Здавалася б, авечкі павінны былі ўжо не існаваць, бо іх з’елі б ваўкі. Як жа яны могуць існаваць дагэтуль? Адказ просты: у іх ёсць пастыр, які іх абараняе. Так і з намі: не знікнем, бо маем Добрага Пастыра — Езуса Хрыста.

«Гэту тэму разглядаў ўжо святы Ян Залатавусны, кажучы: „Да таго часу, дакуль будзем ягнятамі, будзем перемагаць, і нават аточаныя шматлікімі ваўкамі, зможам іх перемагчы. Але калі ператворымся ў ваўкоў, будзем пераможаныя, таму што застанемся без апекі Пастыра. Яму падабаюцца не ваўкі, а ягняты“», — адзначыў іерарх.

«Мы знаходзімся тут, каб святкаваць Уваскрасенне Хрыста і Ягонай Царквы, таму што паверылі ў Яго словы, таму што бачылі адраджэнне Яго гістарычнага цела, але таксама і цела містычнага, якім ёсць Касцёл тут у Беларусі. Гэты досвед і гэтае перакананне дае нам сілу працягваць будаванне Божай святыні ў сэрцах людзей, будаванне Касцёла — Містычнага Цела Хрыста», — дадаў арцыбіскуп.

Напрыканцы літургіі прысутныя іерархі падзякавалі прадстаўніку Ватыкана за насычаны візіт у нашую краіну і за супольную малітву з вернікамі розных абрадаў. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што візіт іерарха з’яўляецца гістарычнай падзеяй. «Убачыце, што гэты дзень будзе гістарычным, і тады вы скажаце: я там быў», — адзначыў нунцый.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.