Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Кірыл Васіль: на беларускай зямлі сустракаецца Усход і Захад (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.05.2012 23:21
«Значэнне традыцыі  хрысціянскага Усходу для Сусветнага Касцёла» — над такой тэмай прапанаваў паразважаць прысутным у канферэнц-зале мінскага Чырвонага касцёла арцыбіскуп Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Ватыканскі іерарх прабывае ў нашай краіне з 7 па 10 мая па запрашэнні Міністэрства замежных спраў.

Канферэнцыя стала магчымасцю распавесці католікам лацінскага абраду пра ўсходніх хрысціянаў. Таму ўдзел у ёй прынялі святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты і вернікі як лацінскага, так і ўсходняга абраду.
 
«Людзі павінны ведаць, што апрача лацінскага абраду ў Каталіцкім Касцёле ёсць і іншыя, — адзначыў Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. — Няма католікаў лепшых ці горшых: незалежна ад іх колькасці, яны маюць адну і тую ж годнасць».  
 
На сённяшні час у Каталіцкім Касцёле налічваецца 22 Усходнія Царквы. 
 
Канферэнцыі папярэднічала адкрыццё выставы акварэляў «Уніяцкая архітэктура Беларусі» верніка Грэка-Каталіцкай Царквы Зміцера Мшары. У экспазіцыю ўвайшлі працы, прысвечанныя ўніяцкім святыням з розных рэгіёнаў Беларусі. Аўтару даспадобы стыль віленскага барока, які ўзнік у перыяд уніі, а таксама драўляныя помнікі сакральнай архітэктуры. 
 
Ад выяваў касцёлаў як будынкаў прысутныя перайшлі да разважння над Касцёлам як супольнасці вернікаў, і ў прыватнасці як сукупнасці лакальных Касцёлаў. «Каталіцкі Касцёл жыве ў мясцовых Касцёлах і праз іх», — адзначыў ватыканскі іерарх. 

Як падкрэсліў арцыбіскуп, кожны католік аднаго абраду павінен ведаць абраднасць і тых католікаў, якія пражываюць з ім у адной краіне, каб адчуваць сябе сапраўднымі братамі ў веры. Разам з тым, абрад — гэта толькі адзін са знакаў Касцёла. 
 
«Абрад — толькі форма перажывання нашай веры. Але неабходна памятаць, што Хрыстус хацеў, каб мы былі ў Касцёле, заснаваным на Пятры», — падкрэсліў арцыбіскуп Кірыл Васіль.
 
Зразумела, што ўзнікненне Усходніх Цэркваў — гэта вынік падзелаў, аднак, як падкрэсліў арцыбікуп, «пасля падзелаў адразу ўзнікае ідэя адзінства». Так Брэсцкая ўнія стала спосабам для аднаўлення ўзаемапаразумення і адзінства. 
 
«Вы жывёце ў краіне, якая належыць хрысціянству Усходу. На вашай зямлі сустракаецца Усход і Захад. І гэтыя сустрэчы не заўсёды былі лёгкімі. Але мы не можам змяніць гісторыю, мы можам толькі паўплываць на нашую сучаснасць і ствараць нашую будучыню», — падкрэсліў сакратар ватыканскага ведамства і дадаў, што, калі хочам развіваць адносіны з Праваслаўнай Царквой, павінны казаць пра каштоўнасць Усходніх Цэркваў. 
 
Па выніках візіту арцыбіскуп Кірыль Васіль адзначыў, што Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі крочыць наперад у адносінах духоўнага жыцця, але «бедная і слабая» ў адносінах знешняй структуры. Бо, як адзначыў арцыбіскуп, там, дзе ёсць Касцёл, патрэбны і яго бачныя структуры. Пытанне стварэнне іерархічных структур у беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве будзе абмяркоўвацца з Дзяржсакратарыятам Апостальскай Сталіцы, Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінстсву, з каталіцкімі іерархамі Беларусі і Апостальскім нунцыем. 
 
Сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Кірыл Васіль прабывае ў Беларусі з 7 па 10 мая па запрашэнні міністэрства замежных спраў Беларусі. Як адзначыў сам іерарх, мэта яго візіту — убачыць рэчаіснасць жыцця Касцёла ў Беларусі, сустрэцца з вернікамі лацінскага, але перш за ўсё ўсходняга абраду. 

Святлана Жылевіч
 
Фотарэпартаж будзе дададзены пазней.
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.