Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы ў 10-ю гадавіну руху «Маці ў малітве» |
6 лютага 2011 г., мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены Вы — святло свету, вы — соль зямлі 1. Дарагія браты і сёстры, члены руху «Маці ў малітве», які адзначае 10-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі, і ўсе прысутныя на гэтай святой Імшы. Гэтымі словамі сённяшняга Евангелля Езус звярнуўся да апосталаў і сваіх слухачоў, жадаючы нагадаць іх місію ў свеце, а менавіта: быць Яго святлом і соллю. Існуе шмат спосабаў заахвоціць чалавека нешта ўчыніць, каб перамагчы самога сябе. Гісторыя спорту вельмі добра сведчыць пра гэта. Яна можа распавесці шмат выпадкаў, калі здавалася, што ўжо немагчыма выйграць матч ці стаць алімпійскім чэмпіёнам, аднак трэнер знаходзіў такія словы, якія дапамагалі спартсменам знайсці сілы вышэй іх магчымасцяў і выйграць. 2. Сапраўды, існуе многа тэорый як матываваць чалавека. Гэта можна зрабіць праз абвінавачванне, страх ці нават ганьбу. Але гэта не метад, якім карыстаўся Езус. Ён матываваў праз пазітыўнае пасланне надзеі і заахвочванне. Задумаемся над сённяшнім пасланнем Езуса: «Вы — святло свету». Ці гэтыя словы не шакіравалі яго слухачоў? Вакол так многа сялян, якія цяжка працуюць, рыбакоў і ненавісных мытнікаў, а Езус ім кажа, што яны — святло свету. Напэўна, гэта гучала як нейкі абсурд. Толькі Езус мог бачыць, што і праз стракаты натоўп людзей Бог можа змяніць свет, хоць у той час гэта магло здавацца ні больш як балбатнёй. «Вы — святло свету», — сказаў Езус сваім слухачам і яны, нягледзячы на шматлікія перашкоды і грэх, якому былі падвержаны як і ўсе іншыя людзі, сталі гэтым святлом. Дастаткова ўспомніць толькі апосталаў. Яны ўсе, акрамя Яна, разбегліся падчас крыжовай смерці Езуса, аднак потым мужна сведчылі аб Ім і нават аддалі сваё жыццё за Хрыста. У духоўнай цемры язычніцтва таго часу яны былі сапраўдным духоўным святлом сучаснага ім свету. А колькі людзей пайшло за імі? Аб гэтым ведае толькі Бог. 3. Тых жа людзй Езус таксама назваў соллю зямлі. Мы добра ведаем, што соль змяняе смак ежы і захоўвае прадукты ад сапсавання. У маральным сэнсе гэтыя словы, напэўна, цяжкія да зразумення. Бо як самыя сапсаваныя і недасканалыя людзі маглі ўберагчы іншых ад іх праблем? 4. Сёння Езус звяртаецца да нас з тымі ж самымі словамі: вы — святло свету, вы — соль зямлі. «Мы?» — спытаюцца многія? Мы, якіх больш прыцягвае свецкі і ліберальны, чым духоўны стыль жыцця можам быць святлом у нашым свеце і яго соллю? Што гэта азначае, і як імі быць? Ёсць некалькі накірункаў, каб на самой справе стаць святлом свету і соллю зямлі ў наш час.
Таксама і з намі. Добра ведаць яшчэ адну мову. Святло і соль — гэта Божая мова, мова Божай ласкі, мова надзеі і любові. І калі гэта мова будзе перакладзена на дзеянне, то стане самай прыгожай мовай у свеце. Мы пакліканы быць святлом свету і соллю зямлі, пакліканы размаўляць Божай мовай. 5. Падчас гэтай св. Імшы мы таксама молімся за рух «Маці ў малітве». Гэта міжнародны малітоўны рух маці, якія моляцца за сваіх дзяцей. Ён быў заснаваны ў 1984 г. і дзейнічае ў больш чым 90 краінах свету. Сёння члены руху «Маці ў малітве» адзначаюць 10-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. За гэты параўнальна невялікі час яны здабылі сабе вялікую папулярнасць. Малітва — гэта найперш размова чалавека з Богам. І Бог выслухоўвае яе, калі гэта патрэбна нашаму збаўленню. Часам мы наракаем, што так шмат молімся, а Бог не выслухоўвае. У такім выпадку трэба спытаць сябе, а ці не было б яшчэ горш, калі б мы не маліліся? Трэба памятаць, што нашы думкі і планы — не думкі і планы Бога, і мы іх не ведаем. Молячыся і просячы Бога, мы заўсёды павінны згаджацца з Яго воляй. Прыклад гэтаму даў нам сам Езус Хрыстус у малітве «Ойча наш» і перад сваёй крыжовай смерцю. Малітва кожнага чалавека мае вялікае значэнне, але малітва маці — гэта асаблівая малітва. Маці заўсёды памятае пра сваё дзіця і жадае яму шчасця. Гэта шчасце не прыйдзе толькі праз задавальненне матэрыяльных патрэбаў дзіцяці, але таксама і духоўных. І тут, напэўна, многія маці маюць вялікія праблемы са сваімі дзецьмі. Як многа моладзі сёння вядзе сябе амаральна. Як многа ўжывае наркотыкі. Як многа жыве разбэшчана. Як многа чыніць розныя злачынствы і дапускае гвалт. Гэтыя і многія іншыя анамаліі сучаснай моладзі адбіваюцца болем і раздзіраюць сэрца маці. Меч болю прабівае іх сэрцы, як прабіў сэрца Марыі. Толькі тут ёсць якасная розніца: Марыя цярпела, бачачы здзекі над яе Сынам. Сучасныя маці церпяць з-за амаральнага жыцця сваіх дзяцей. Падчас крыжовага шляху Езуса Хрыста ерузалемскія жанчыны плакалі над Ім. Ён, аднак, заклікаў іх плакаць над сваімі дзецьмі. Прайшло больш 2000 гадоў з таго часу, але праблема засталася і, можа, нават стала больш актуальнай. Яна засталася не таму, што Евангелле не здольнае змяніць свет, але таму, што людзі яго не прымаюць. Яны не хочуць быць святлом свету і соллю зямлі. 6. Дарагія вернікі, асабліва члены руху «Маці ў малітве». Не пераставайце маліцца за сваіх дзяцей і за моладзь. Будзьце ім і ўсяму нашаму грамадству святлом і соллю. Не дазвольце, каб сучасны чалавек хадзіў у духоўнай цемры і духоўна псаваўся. Мы створаны для вышэйшых рэчаў — быць дзецьмі Божымі і жыць свабодай дзяцей Божых. Няхай сённяшняе слова Божае натхніць нас да жыцця праўдай Евангелля, якае змяняе свет на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн. |
Адноўлена 04.02.2011 17:06 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.