Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на Вялікдзень (радыётрансляцыя) |
24 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл Хто ідзе да Хрыста, той ідзе да жыцця Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! 1. Гэтымі словамі велікоднага прывітання сардэчна віншую ўсіх вас, дарагія радыёслухачы. Віншую ўсіх хрысціян — католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама ўсіх людзей добрай волі. Божы Провід дазваляе нам усім разам адзначаць свята святаў — Пасху Хрыстову. Гэта вялікі дар і адначасова заданне, каб імкнуцца да адзінства і разам сведчыць аб збаўчай праўдзе Уваскрасення, якое ёсць падмурак нашай веры і надзея на жыццё вечнае. 2. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі, як «у першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго». Велікоднае Евангелле вядзе нас да грабніцы, дзе было пахавана цела Езуса і дзе адбылася перамога жыцця над смерцю. Магдалена спяшаецца да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна. Цёмна было не толькі вакол яе, але і ў ёй, бо Езус, якому яна і іншыя даверыліся і ў якім мелі надзею, памёр на крыжы і быў пахаваны, як кожны іншы чалавек. Аднак, як кажа сам Езус, вашы думкі — не мае думкі, і вашы дарогі — не мае дарогі. Падобна таму, як неба вышэй за зямлю, так і Божыя думкі і дарогі вышэй за нашы. Магдалена здзіўлена, бо камень, якім быў закрыты ўваход да грабніцы, адвалены. А Евангелле паводле Лукі кажа, што анёл, які знаходзіўся ўнутры магілы, сказаў жанчынам міраносіцам: «Каго вы шукаеце? Езуса з Назарэту? Яго няма тут, Ён уваскрос!» У Евангеллі паводле Мацвея анёл наказаў ім абвясціць пра гэта апосталам і сказаць, каб спяшаліся ў Галілею на спатканне з Ім. Тое, што ўбачыла Магдалена і жанчыны міраносіцы, здзівіла іх, а словы анёла прагучалі як маланка з яснага неба. Бо, сапраўды, хто і калі бачыў, каб памерлы жыў?! 3. Пасля Вялікай пятніцы вучні Хрыста жылі смерцю, думалі пра смерць, і іх перспектывай таксама была смерць. Жанчыны міраносіцы таксама ішлі ўбачыць смерць. Аднак падзеі велікоднай раніцы нагадваюць пра тое, што калі нехта ідзе да Хрыста, то ідзе не да смерці, а да жыцця. Я жыву, і вы будзеце жыць, — кажа Езус. Гэтае абяцанне рэалізавалася ў велікодную раніцу. Яна кажа нам, што толькі ў Хрысце мы можам мець новае жыццё. Калі Бог уваходзіць у жыццё чалавека, то чыніць гэта паводле сваёй волі. А тое, што чыніць, з’яўляецца найлепшым, што можа спаткаць чалавека на шляху веры, бо Бог хоча толькі дабра. Так сталася і ў велікодную раніцу, калі ў Езусе Хрысце Бог ажыццявіў свой план збаўлення чалавека. Той раніцай у Ерузалеме нічога не прадказвала, што з надыходам дня зменіцца жыццё. Гэты горад, які называецца горадам Бога, быў сонны пасля яўрэйскіх пасхальных святаў і прадчуваў, што Бог сапраўды такі блізкі да людзей у сваёй дзейнасці, што нават бурыць брамы смерці, каб даць чалавеку абяцанне ўваскрасення. 4. Калі слухаем Евангелле пра ўваскрасенне, можа нарадзіцца пытанне пра таямнічасць гэтай падзеі. Без сведак, толькі адвалены камень, пусты гроб і голас анёла, што Хрыстус паўстаў з памерлых. Пытанне пра таямнічасць звязана з чалавечым успрыманнем таго, што тады здарылася. Езус збавіў чалавецтва і паўстаў з памерлых. Напэўна, Ён мог бы ў сваёй славе стаць перад тымі, якія Яго не прынялі, нават аддалі на крыжовую смерць, каб паказаць, што менавіта Ён з’яўляецца Валадаром свету. Калі б так было, яны далі б аб Ім такое сведчанне, што ўсе прызналі б у Ім Месію. Але тады не было б веры ў Яго. Бо аб’ектам веры не можа быць тое, што можна пацвердзіць. Божая воля і Божы план збаўлення іншы, чым яго сабе ўяўляе чалавек. Падобна таму, як Сын Божы прыйшоў у гэты свет здалёку ад людзей, у Бэтлееме, каб кожны чалавек меў такі ж шлях да веры ў Езуса Хрыста, так і Уваскрасенне наступіла, калі ўсе спалі, каб, абудзіўшыся, маглі таксама абудзіцца ў веры. Бог так запланаваў дзень Уваскрасення, каб гэтую радасную вестку кожны чалавек прыняў найперш верай. Сведчаннем гэтай падзеі таксама з’яўляюцца пусты гроб Езуса і апосталы, якія вельмі хутка спаткаліся з Ім у Галілеі. 5. Таму з самага пачатку хрысціянства моцай Касцёла з’яўляецца вера ва ўваскрасенне Хрыста. Не ўлада, не грошы, нават не самая сучасная вайсковая зброя, а вера ў Евангелле аб Уваскрасенні з’яўляецца той сілай, якую не можа знішчыць ні час, ні хтосьці іншы, хто падымае руку на Касцёл. Гісторыя — гэтаму найлепшае сведчанне. Таксама і Касцёл у нашай краіне, які падчас ганенняў быў укрыжаваны і здавалася, што ўжо зусім знік, не памёр, а жыве і адраджаецца. Сёлета мы адзначаем 20-годдзе адраджэння яго структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Касцёл адраджаецца, бо Хрыста няма ў грабніцы, бо яна пустая. Езуса там няма, але Ён ёсць з намі, ёсць там, дзе двое або трое збіраюцца ў Яго імя. 6. Праз жанчын міраносіц Езус сказаў сваім вучням, каб ішлі ў Галілею на спатканне з Ім. Менавіта ў Галілеі Ён распачаў абвяшчаць Евангелле і там яго завяршае. Галілея — гэта ўбогі край, дзе людзі вядуць манатонны стыль жыцця і зарабляюць на жыццё працай сваіх рук. Менавіта ў гэтай манатоннасці ўваскрослы Езус чакае апосталаў. Ён прыходзіць таксама да нас у манатоннасці нашага жыцця, прыходзіць у звычайныя, запоўненыя працай, навукай, хваробай, цярпеннем і смерцю дні. Прыходзіць, каб запоўніць нашу штодзённасць новым духам, у якім яна набудзе збаўчае вымярэнне. Такім чынам, уваскрослы Езус робіць старое новым, бо той, хто ў Хрысце, — новае стварэнне. У сёлетняе свята Пасхі Езус таксама прыходзіць да нашай Галілеі тут, у Беларусі, бо Галілея — там, дзе мы жывём. Прыходзіць, каб аб’явіць нам сваю любоў і адарыць новым жыццём. Таму свята Пасхі не павінна быць толькі ўспамінам той знакавай падзеі, якая змяніла бег гісторыі, абагачаючы яе ласкай уваскрасення як падмурку нашай веры і надзеі на жыццё вечнае, але павінна стаць часткай нашага жыцця. Вялікдзень — гэта Божы дар і адначасова заданне адкрыць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту, як да гэтага заклікае Вялікі Папа Ян Павел II, які ўжо праз тыдзень будзе беатыфікаваны; адкрыць сэрцы на Добрую Навіну аб перамозе жыцця над смерцю, каб яна іх перамяніла і напоўніла велікодным зместам аб збаўленні чалавека і сапраўднай радасцю збаўленых дзяцей Божых, чаго ад усяго сэрца ўсім вам жадаю. Радасных, поўных ласкі ўваскрослага Пана святаў Пасхі! Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! |
Адноўлена 19.04.2011 16:53 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.