Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас урачыстай Імшы ў Будславе
2 ліпеня 2011 г.

Жыць духам Божай праўды

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. «Радуйся, поўная ласкі! Пан з табою. …Дух Святы сыдзе на цябе, і сіла Усявышняга ахіне цябе; таму і народжанае Святое назавецца Сынам Божым» (Лк 1, 28. 35).

Мы пачулі гэтыя словы ў сённяшнім Евангеллі. Гэта тэалагічная аснова таго, што Марыя з’яўляецца святыняй Святога Духа, — тэмы сёлетняга святкавання будслаўскай урачыстасці як другога года ў плане падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза ў Будслаў, які мы будзем адзначаць у 2013 г.

Марыя з’яўляецца святыняй Духа Святога ўжо ад хвіліны свайго Беззаганнага Зачацця. Дзеля будучых заслуг яе сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста яна, адзіны чалавек на зямлі, атрымала прывілей быць звольненай ад першароднага граху. Дзякуючы дзеянню Святога Духа яе душа была напоўнена Божай ласкай. Менавіта моц гэтай ласкі дапамагла ёй у хвіліну Звеставання згадзіцца з Божай воляй стаць Маці так доўга чаканага Збаўцы, бо калі Бог чагосьці хоча, то Ён хоча толькі дабра. Дзякуючы гэтай згодзе і дзеянню Святога Духа, пад яе сэрцам пачало біцца сэрца Збаўцы.

2. Па натхненні Святога Духа Марыя паспяшыла ў дом Захарыі і Альжбеты, якая прывітала яе як маці Пана (пар Лк 1, 42–43). У адказ Марыя заспявала свой славуты гімн «Magnificat» — «Велічае душа мая Пана, бо вялікія рэчы Ён учыніў мне» (пар. Лк 1, 46–55). Марыя прыйшла ў дом Альжбеты не адна, але з Езусам і Ягонай ласкай, дзякуючы якой будучы папярэднік Хрыста св. Ян Хрысціцель быў вызвалены ад першароднага граху.

Марыя папрасіла Езуса, каб учыніў першы цуд у Кане Галілейскай і перамяніў ваду ў віно. Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Марыя калі не фізічна, то духоўна прысутнічала пры кожным цудзе, які здзейсніў яе Сын Езус Хрыстус.

У 1917 г. у Фаціме Марыя прадказала гісторыю развіцця свету ў ХХ стагоддзі. Бачачы, якія беды нясуць прыходзячыя з Захаду ідэі камунізму і атэізму, Марыя выступіла ў якасці прарока. Каб іх пазбегнуць, яна заклікала да малітвы і навяртання і адначасова папярэдзіла, што калі гэтага не будзе, то наступяць цяжкія часы, якія ўключаць у сябе таксама і пераслед веры. Аднак Марыя пры гэтым дала надзею, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і настане час навяртання. Мы сталіся сведкамі гэтых падзей — пераследу і веры і атрыманай свабоды веравызнання.

Гэтыя і іншыя факты клопату Марыі, як Маці збаўленага чалавецтва і святыні Святога Духа, пра свой народ сведчаць пра дзеянне Святога Духа ў ёй і праз яе. Дух Святы з’яўляецца тым, хто вядзе Касцёл і людзей шляхам збаўлення, натхняе, як вырашыць тую ці іншую праблему. Дзякуючы дзеянню Святога Духа, Касцёл, Маці якога з’яўляецца Марыя, ужо 2000 гадоў ідзе праз розныя выпрабаванні і сёння мужна сустракае новыя праблемы.

3. «Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі», — спяваем у гімне да Святога Духа. Гэты вокліч асабліва актуальны ў наш час, калі наша краіна знаходзіцца ў вельмі складаных абставінах і калі мы адчуваем вялікую патрэбу аднавіць сваё грамадскае, сямейнае і асабістае жыццё. Гэтае абнаўленне трэба распачаць ад абнаўлення чалавечай асобы на маральных прынцыпах. Вырашаючы складаныя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства, неабходна памятаць аб тым, што пачаткам пачаткаў з’яўляецца стан духоўнага жыцця чалавека. Пакліканне кожнага хрысціяніна — сведчыць аб Хрысце сваім жыццём. Гэта азначае, што наша жыццё трэба спалучаць з Евангеллем, выконваць Божыя запаведзі, заўсёды паводзіць сябе так, як навучае Хрыстус, — кажа благаслаўлёны Ян Павел II.

Будучы святыняй Святога Духа, Марыя засталася вернай свайму пакліканню быць слугой Божай і слугой людзей. Усё яе жыццё азнаменавана згодай з воляй Божай. Гэта ключ да пазнання Марыі і яе місіі ў справе збаўлення чалавека. Гэта таксама ключ да вырашэння праблем чалавека і дасягнення шчасця. Для свайго аднаўлення грамадства патрабуе не столькі рэфарматараў, колькі святых, поўных Божага духа людзей, такіх, як Марыя, каб, падбадзёраныя яе прыкладам, мы не баяліся быць іншымі і моцнымі, супрацьстаяць выклікам часу.

4. А гэтых выклікаў вельмі шмат. Адзін з найбольш небяспечных — гэта пагроза лібералізму і маральнага рэлятывізму ці тэндэнцыя змяняць Божы закон на сваю карысць, пагроза жыць не Божай праўдай, а сваёй, чалавечай, якая, як вядома, можа змяняцца ў залежнасці ад абставінаў і часу.

У той жа час мы добра ведаем, што праўда можа быць толькі адна, не мая і не твая, дарагі брат і сястра, але сама праўда. Прыкладам могуць быць розныя мовы, якія існуюць у свеце. Калі б не было праўды, то мы не маглі б перакладаць з адной мовы на іншую. А калі можам гэта ўчыніць, то ў нас існуюць тыя ж самыя ідэнтычныя ідэі, якія мы выказваем на розных мовах.

Безумоўна, тэма праўды заўсёды была і ёсць вельмі cкладанай і спрэчнай, аднак чалавек павінен імкнуцца да пазнання праўды. Яшчэ Арыстоцель пісаў, што ўсім людзям прыроджана жаданне пазнаць праўду. Усё навучанне благаслаўлёнага Яна Паўла II пазначана любоўю да праўды. Папа Бэнэдыкт XVI ад самага пачатку свайго Пантыфікату звяртае ўвагу на небяспеку рэлятывізму як цэнтральнай праблемы хрысціянскай веры ў наш час. Вельмі значнай у гэтым сэнсе з’яўляецца яго гамілія падчас св. Імшы распачацця выбару новага Папы. Ён кажа, што, на жаль, вызнанне веры, згоднай з навучаннем Касцёла, у наш час часта пазначаецца як фундаменталізм. У той жа час рэлятывізм прымаецца як адзінае годнае для сучаснасці стаўленне чалавека да жыцця. У сувязі з гэтым усталёўваецца дыктатура рэлятывізму, якая не прызнае нічога за праўду, акрамя ўласнага «я» і яго капрызаў.

Рэлятывізм, сцвярджаючы, што няма аб’ектыўнай праўды, не можа прыняць канчатковага рашэння адносна свету, самога чалавека і яго жыцця, бо ўсё адносна, часова і ўсё можна змяніць. У рэлятывізме няма сэнсу існавання свету і чалавека, усё зводзіцца да эксперыментальных навук як адзінай крыніцы пазнання.

Сучасны чалавек атручваецца ядам маральнага рэлятывізму і палікарэктнасці ў справах рэлігіі і, жывучы так, не ведае, дзе знайсці лекі ад гэтай хваробы, і таму не можа супрацьстаяць спакусам. Калі чалавек перастае верыць у Бога, то пачынае верыць у нешта іншае, — кажа англійскі хрысціянскі мысліцель Гілберт Чэстэртан. Гэтым «нешта» ў сучасным свеце найчасцей з’яўляецца неўпарадкаванае імкненне да багацця і амаральных задавальненняў, а таксама да абсалютнай свабоды без адказнасці.

5. Вядомы французскі пісьменнік Андрэ Фроссард у кнізе «Не бойцеся. Размовы з Янам Паўлам II» пытаецца ў Вялікага Пантыфіка, якую цытату са Святога Пісання ён любіць найбольш. На гэта Папа адказаў на лацінскай мове: veritas liberavit vos. Праўда чыніць чалавека свабодным, а свабода без праўды азначае скрыўленне свабоды.

Як прыклад возьмем маці, якая хоча купіць свайму дзіцяці слоік джэму. Яна найперш даведваецца, ці джэм натуральны, якая фірма яго выпусціла, колькі там тлушчу, колькі каштуе, ці спрабавала яго суседка і г.д. Мама не будзе купляць свайму дзіцяці джэм толькі таму, што ён у прыгожым слоіку. Таксама і мы не павінны «купляць», калі так можна выказацца, рэлятывістычную праўду, калі б нават яна была ў найбольш прыгожай упакоўцы.

Фальсіфікацыя сэнсу праўды праз рэлятывізм вядзе да фальсіфікацыі паняцця свабоды, бо тады ўжо не праўда вызваляе, але свабода творыць праўду, маю асабістую праўду, якая азначае тое, што мне падабаецца і на што я маю ахвоту. Рэлятывістычнае стаўленне патрабуе свабоды без абмежаванняў, без сувязі, без напрамку і не дае адказу на фундаментальныя пытанні: адкуль мы паходзім, куды ідзём, які пачатак і канец усяго таго, што нас акружае, як жыць шчасліва, які сэнс маюць цярпенне і смерць?

6. Езус кажа пра сябе: «Я ёсць праўда». Ён не кажа, што гаворыць праўду, але што ёсць праўда. Да пазнання гэтай праўды вядзе нас Святы Дух. Не можа быць дзвюх або некалькі праўдаў. Праўда заўсёды адна, і яна не можа змяняцца. Аб гэтым нам трэба памятаць, ушаноўваючы Марыю як святыню Святога Духа, і гэтым жыць.

Ёсць адна праўда, што сям’я — гэта адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны, накіраваны на ўзаемную дапамогу і нараджэнне патомства. Ёсць адна праўда, што жыццё — гэта самы вялікі дар Бога, яно пачынаецца ад зачацця і яго трэба бараніць да натуральнай смерці. У сувязі з гэтым праўдай ёсць тое, што аборт — гэта генацыд народа. Ёсць адна праўда, што так званае рэпрадуктыўнае здароўе ці штучнае апладненне супярэчыць Божаму праву і годнасці чалавечай асобы. Ёсць адна праўда, што мы павінны любіць і шанаваць адно аднаго. Ёсць адна праўда, што пачаткам усякіх зменаў з’яўляецца духоўная змена. Ёсць адна праўда, што чалавек у сваім натуральным імкненні да свабоды павінен імкнуцца жыць у свабодзе дзяцей Божых, а не ў свабодзе ад Бога і Яго закону. Ёсць адна праўда, што амаральнае жыццё вядзе да асабістай і грамадскай катастрофы.

7. Не дазволім, дарагія браты і сёстры, быць ашуканымі. Не дазволім, каб прыгожая ўпакоўка, у якой сучасны свет нам прапануе сваю праўду, якая на самой справе з’яўляецца антыпраўдай, адвяла нашу ўвагу ад сапраўднай праўды, якой ёсць Бог. Не дазволім замяніць Бога матэрыяльнымі рэчамі і задавальненнямі.

Касцёл — гэта не канцэрт пажаданняў, але місія для спаўнення, місія збаўлення чалавека, і ён не можа яе змяніць, якой бы прыгожай не была ўпакоўка секулярнага свету.

Марыя, наша Маці Будслаўская, ты дапамагла нам падчас ганенняў не здрадзіць сваёй веры і норавам нашых бацькоў, дапамагла захаваць нашу хрысціянскую годнасць, выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы ласку заўсёды заставацца святынямі Святога Духа, каб супрацьстаяць выклікам часу і будаваць жыццё на праўдзе Евангелля, якая ўчыніць нас свабоднымі на хвалу Божую, для нашага збаўлення і на карысць грамадства. Magna est veritas Dei et praevalebit! — Вялікай ёсць праўда Божая, і яна пераможа! Амэн.



Адноўлена 02.07.2011 11:45
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі