Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас святой Імшы апоўначы ў Будславе |
1 ліпеня 2011 г. Чалавек — святыня Духа Святога 1. «Ці не ведаеце, што целы вашыя — святыня Духа Святога, які ў вас жыве, якога маеце ад Бога, і вы не належыце сабе? Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія — Божыя» (1 Кар 6, 19–20), — кажа св. апостал Павел. Гэтымі святынямі мы становімся дзякуючы ласцы сакрамэнту хросту, моцаю якога Найсвяцейшая Тройца прабывае ў нас, як у святынях. Пасрэдніцтвам Божай ласкі мы набываем Божую прыроду і абагаўляемся. Таму з целам і душой мы з’яўляемся святынямі, у якіх жыве Бог. Болей таго, гэта жывыя, а не каменныя святыні, і таму яны здольныя да любові. Быць святыняю Святога Духа — гэта вялікі дар і адначасова заданне, асабліва калі прымем пад увагу асаблівасці жыцця сучаснага ўсё больш і больш эгаістычнага свету. Марыя з’яўляецца найлепшым прыкладам як самой святыні Духа Святога, так і таго, як захаваць у сабе гэты дар і не страціць яго. 2. Другі год у рамках падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў прысвечаны тэме «Марыя — святыня Духа Святога». Цягам стагоддзяў рознымі спосабамі апісваліся адносіны Марыі да Святога Духа. Найчасцей яе называлі нявестай і святыняй Святога Духа. Другі Ватыканскі Сабор называе Марыю святыняй Духа (пар. LG 53). Святое Пісанне выразна нагадвае пра двайное сашэсце Святога Духа на Марыю — падчас Звеставання (пар. Лк 1, 35) і Пяцідзесятніцы (пар. Дз 1, 14; 2, 1-4). Касцёл, маючы на ўвазе цэласнасць Аб’яўлення, бачыць дзеянне Святога Духа ў Марыі ад самога пачатку, гэта азначае ад Беззаганнага Зачацця, і далей праз удзяленне ёй цнотаў веры, надзеі, любові, сілы і мужнасці, — навучае папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі пра марыйны культ (пар. СМ 26). 3. Заданні Марыі ў Касцёле не з’яўляюцца канкурэнцыйнымі. Яна не падмяняе Хрыста, але вядзе да Яго. Не падмяняе яна і Духа Святога, які ёсць душой Касцёла, гэта азначае — крыніцай жыцця і праўды, вузлом еднасці паміж Хрыстом і людзьмі, Суцяшыцелем (пар. Ян 14, 17–18; 15, 26), баронячым вучняў перад сіроцтвам (пар. Ян 14, 17–18), але ёсць яго святыняй. Заклікі Літаніі да Панны Марыі, якія вызначаюць сувязь Марыі з Богам і людзьмі, сваю моц чэрпаюць з яе сувязі са Святым Духам. Гэтая яе годнасць вызначае яе місію ў Касцёле. Усё тое, што Дух Святы ўчыніў Марыі, адносіцца і да ўсяго чалавецтва, прадстаўніком якога яна з’яўляецца. Яна распачынае чаргу тых, што праз ласку хросту таксама сталіся святынямі Духа Святога, які вядзе да Збаўцы Езуса Хрыста. Як Марыя з целам і душой была ўзята ў неба, таксама і кожны чалавек прызначаны да вечнага шчасця. 4. «Услаўляйце Бога ў целах вашых» (1 Кар 6, 20), — заклікае св. апостал Павел. Калі мы можам праслаўляць Бога ў сваім целе, то і яно годнае пашаны і хвалы. Хрысціянства ад самога пачатку супрацьстаяла ўсялякім праявам пагарды супраць чалавечага цела. Ужо ў ІІ стагоддзі Тэртуліян казаў, што чалавечае цела з’яўляецца апорным пунктам збаўлення. Распазнавальным знакам сапраўднага хрысціянства ёсць вера ў тое, што Сын Божы стаўся чалавекам і захацеў застацца ім назаўсёды. Простым наступствам гэтага з’яўляецца тое, што наша мэта — змёртвыхпаўстанне. Таму для хрысціяніна цела — гэта не тавар і не рэч, як часта бывае ў сучасным амаральным свеце, калі яно служыць для спакушэння людзей і заспакаення неўпарадкаванага і нязгоднага з духам Евангелля сексуальнага жыцця. Гэта таксама не мяшок, якога можна пазбыцца, але святыня Духа Святога, якая, застаючыся матэрыяльнай, з’яўляецца абагаўлённай. Таму Бог не пагарджае целам чалавека. Ён яго стварыў, і хрысціянскія адносіны да чалавечага цела — гэта не культ часовых рэчаў, але паклон Творцу і Збаўцу. 5. Як асобы, якія жывуць у рэальных абставінах, мы паддаёмся ўплывам многіх рэчаў і спраў, з якіх не ўсе адпавядаюць годнасці чалавечай асобы, якую яна атрымала ў сакрамэнце хросту. Аб гэтым нас перасцерагае св. апостал Павел. Першы чалавек — Адам — быў дасканалым. Яго розум быў натхнёны боскімі ведамі, воля была накіравана да дабра, а цела свабодна ад болю і сапсаванасці. Стан такой гармоніі быў страчаны з-за першароднага граху, і чалавек стаўся далёкім ад панавання над самім сабой. Пажадлівасць, цярпенне і смерць атруцілі нашу прыроду, так, што мы перажываем парадокс: чынім зло, якога не хочам, і адначасова становімся няздольнымі чыніць дабро, якога прагнем. Усе нашы сілы моцна аслаблены, яны як быццам армія без генерала. Людзі ядуць і п’юць, не зважаючы на сваё здароўе, а прыемнасць, якая павінна быць дапамогай у дасягненні мэты, становіцца самамэтай. Гэтая смутная рэчаіснасць вядзе да катастрофы: замест шукання вышэйшых рэчаў, якія могуць даць сапраўднае шчасце, людзі паддаюцца неўпарадкаваным жарсцям, якія вядуць у нікуды, бо жарсці самі па сабе сляпыя. Гэта рэчаіснасць першароднага граху, якую да пэўнай ступені разумелі нават язычнікі, у нашай постхрысціянскай эры ёсць чымсьці зусім забытым і нават высмейваным. Упадак грамадства не з’яўляецца эфектам браку тэхналогій, грошай, ці нават сродкаў і неэфектыўна працуючага ўраду, але таго, што людзі сёння не жадаюць панаваць над сабой. Ужо з ранняга дзяцінства бацькі распешчваюць сваіх дзяцей і выконваюць кожны капрыз іх часамі нават неўпарадкаваных імкненняў, гэтым самым рыхтуючы іх да пажыццёвага рабства. Гледзячы на сучасную моладзь, са смуткам трэба заўважыць, што ў яе праяўляецца недахоп увагі і канцэнтрацыі і трымання ў цуглях сваіх жаданняў. Яна не можа адказаць сабе нават у самай малой прыемнасці і няздольная зразумець сэнс ахвяры, на ўсё наракае і не жадае з жыццёвага вопыту чэрпаць навуку. Грамадства можа перажыць кожны катаклізм і нават чужую акупацыю, калі яе жыхары духоўна моцныя, аднак калі яе грамадзяне няздольныя да панавання над сабой самім, то не патрэбна ніякага знешняга ворага — папросту янo ўпадзе пад сваім цяжарам, як упалі многія імперыі, якія знішчыла пажадлівасць. Як бацькі трымаюць сваіх дзяцей здалёку ад захоўваемых у хаце хімічных сродкаў, каб не атруціліся, таксама ў маральным парадку нам неабходна стараніцца ўсяго, што магло б атруціць яго духоўна. 6. Арабы распавядаюць вельмі прыгожую і хвалюючую гісторыю пра месца, дзе была пабудавана Ерусалімская святыня. Калісьці гэтая тэрыторыя належала двум братам. Старэйшы быў жанаты і меў сям’ю, малодшы жыў самотна. Яны абраблялі зямлю кожны на сваёй палове. Аднойчы малодшы падумаў, што так несправядліва, бо ён жыве адзін, а брат мае сям’ю. Ноччу ён перанёс частку снапоў на поле брата. Адначасова старэйшы падумаў, што яго брат не мае нікога, хто б яму дапамог, а гэта несправядліва. Ён таксама ноччу перанёс некалькі снапоў збожжа са свайго поля на братава. Раніцай браты заўважылі, што снапоў на іх палях не зменшылася. Цягам некалькіх начэй яны паўтаралі тое ж самае, але без выніку. Жадаючы пазнаць прычыну, затаіліся ў начной цемры і такім чынам адкрылі ўзаемную любоў. Тады з неба пачуўся голас: гэта месца святое, Я тут хачу жыць. 7. Богу спадабаліся браты, якія асвяцілі сваёй любоўю месца, дзе была пабудавана Ерусалімская святыня. Ці мы на самой справе падабаемся Богу? Ці з’яўляемся святынямі Духа Святога? Ці жывём любоўю дзяцей Божых? Сапраўдная любоў імкнецца чыніць дабро. Яна з’яўляецца маторам дзеяння чалавека, пачаткам усіх цнотаў і маральнага дзеяння. Падчас хросту Святы Дух уліў у нас Божую ласку. Дух Святы таксама і сёння умацоўвае ў нас дар веры, надзеі і любові. Ён дапамагае нам падчас барацьбы са злым духам і вядзе да выканання нашага паклікання. Таму нам трэба жыць любоўю, якая паходзіць ад Святога Духа, каб будаваць адзінства нашага грамадства і імкнуцца да яго справядлівага развіцця. Таму, углядаючыся ў Марыю, не будзем забывацца аб Святым Духу, якім мы запячатаны ў дзень адкуплення (пар. Эф 4, 30). Не станем знеслаўляць наша цела і нашу душу дзеля прыемнасцяў гэтага свету, але захаваем іх для вышэйшых мэтаў, каб яны былі месцам, дзе сваёю ласкаю жыве Бог, і месцам, дзе пануе любоў. 8. Марыя, наша Маці Будслаўская, ужо амаль 400 гадоў ты клапоцішся пра нас і беражэш нас. Так было заўсёды. Так было яшчэ зусім нядаўна падчас пераследу веры. Так ёсць і сёння. Выпрасі ў свайго Сына ласку, каб мы бралі з цябе прыклад, не зганьбілі нашай хрысціянскай годнасці і, застаючыся святынямі Духа Святога, у гэты асаблівы і вельмі складаны час вырашалі нашы праблемы на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага навучання Касцёла, будавалі ўзаемную згоду на хвалу Бога, дзеля збаўлення людзей і справядлівага грамадства. Дапамажы нам, Марыя, каб наша Краіна — Беларусь — сапраўды была белай, гэта азначае, па твайму прыкладу святыняй Духа Святога. Амэн. |
Адноўлена 02.07.2011 11:50 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.